Свет22

«Далібог, яна адзіная, іншых няма». Хто такая Лаціфа аш-Шараа — першая лэдзі Сірыі?

На перамовы з турэцкім лідарам Рэджэпам Эрдаганам часовы прэзідэнт Сірыі Ахмед аш-Шараа ўпершыню прыехаў са сваёй жонкай Лаціфай. Пасля сустрэчы са сваёй турэцкай візаві першая лэдзі Сірыі не зрабіла ніякіх заяў, аднак у сацсетках з’явілася іх сумесная фатаграфія. Хто ж яна такая — Лаціфа аш-Шараа, піша Бі-бі-сі.

Лаціфа аль-Шараа (справа) і Эмін Эрдаган. Фота: Turkish Presidency / Mustafa Oztartan / Handout/Anadolu via Getty Images

Вядомы род і ступень магістра

Афіцыйнай біяграфіі Лаціфы ад-Дарубі (часта яе прозвішча пішуць ад-Друбі) няма. Аднак пасля яе першых з’яўленняў на публіцы арабскія СМІ паведамілі некаторыя падрабязнасці пра яе сям’ю і жыццё.

Напрыклад, саудаўская газета Okaz піша, што Лаціфа Самір ад-Друбі родам з горада Эль-Кар'ятайн у правінцыі Хомс і што ў яе трое сыноў ад аш-Шараа.

Са спасылкай на «неафіцыйныя крыніцы» выданне таксама паведаміла, што яна мае ступень магістра арабскай мовы і літаратуры.

У гэтую ж сям’ю, што і Лаціфа ад-Друбі, уваходзяць вядомыя рэлігійныя дзеячы, такія, як шэйх Абдул Гафар ад-Друбі, сірыйскі чытальнік Карана (памёр у 2009 годзе).

Al-Monitor, адно з самых вядомых амерыканскіх СМІ, якое спецыялізуецца на аналізе падзей на Блізкім Усходзе, адзначае, што «карані сям’і ад-Друбі ў Сірыі сягаюць эпохі Асманскай імперыі, калі адзін з яе продкаў, Алаа ад-Друбі, служыў паслом Асманскай імперыі і стаў другім прэм’ер-міністрам Сірыі ў 1920 годзе, але быў забіты ўсяго праз 26 дзён пасля ўваходу на пасаду».

Пасля ваеннага перавароту 1970 года алавіты адціснулі з палітычнай сцэны суніцкія арыстакратычныя сем’і, што кіравалі Сірыяй на працягу стагоддзяў. Цяпер гэтыя сем’і зноў у гульні, піша італьянская La Repubblica са спасылкай на даследчыка Сэдрыка Лабруса.

Ён таксама паведаміў выданню (праўда, не ўдакладніўшы, адкуль у яго гэтыя звесткі), што Лаціфа пазнаёмілася з аш-Шараа ў Дамаску ў гады навучання ва ўніверсітэце.

У 2013 годзе яна, хутчэй за ўсё, выйшла за яго замуж, калі ён ужо быў лідарам «Джэбхат ан-Нусры», і падчас грамадзянскай вайны жыла з ім разам у падполлі.

«Цікава, — адзначае Лабрус, — што Асад таксама жанаты з жанчынай, якая паходзіла з арыстакратычнага роду Хомса, і на тое ёсць гістарычная прычына: гэты горад — калыска суніцкага ісламу».

У сваім Twitter Лабрус таксама звяртае ўвагу на тое, што такая жонка «з’яўляецца выдатным палітычным, рэлігійным і сацыяльным актывам»:

«Яна прыносіць з сабой рэспектабельнасць прызнанай і ўплывовай сям’і».

Тым не менш, дадае ён, аш-Шараа таксама паходзіць з паважанага ў Сірыі роду.

«Такім чынам, сірыйскую прэзідэнцкую пару па-ранейшаму складаюць два спадкаемцы добрых сем’яў», — рэзюмаваў даследчык.

Адзіная жонка

Яшчэ адна важная дэталь біяграфіі Лаціфы аш-Шараа стала вядомая падчас сустрэчы яе мужа з дэлегацыяй сірыйска-амерыканскіх жанчын у Дамаску ў канцы студзеня.

У гэтай сустрэчы, паводле сірыйскіх медыя, былі цалкам прыкладныя задачы: новая сірыйская адміністрацыя спрабуе ўмацоўваць сувязі з членамі сірыйскіх дыяспар за мяжой і адначасова ствараць вобраз больш адкрытай улады.

За апошнія два месяцы аш-Шараа раздаў дзясяткі інтэрв’ю сусветным СМІ, у якіх шмат казаў пра адмову ад свайго джыхадзісцкага мінулага, спрабаваў развеяць асцярогі наконт магчымых абмежаванняў правоў жанчын у краіне і абяцаў не прыгнятаць алавітаў (рэлігійна-этнічная група, да якой належыць сям’я былога лідара Сірыі Башара Асада).

Не выключана, што па гэтых жа прычынах падчас сустрэчы з дэлегацыяй сірыйска-амерыканскіх жанчын часовы прэзідэнт Сірыі нечакана вырашыў прадставіць гасцям сваю жонку.

«Далібог, яна адзіная, і няма іншых. Тое, што вы чуеце ў сацыяльных сетках, — гэта проста чуткі», — з яўнай іроніяй сказаў аш-Шараа.

Сірыйска-амерыканскі доктар Рым аль-Базм, якая прысутнічала на сустрэчы, заявіла ліванскай газеце An-Nahar, што жонка часовага прэзідэнта Сірыі «падобная да жанчын Дамаска»: «Мілая, спакойная, прыгожая, без чадры, упэўненая ў сабе і адукаваная».

Доктар Абдулхафіз Шараф, член Сірыйска-амерыканскага альянсу за мір і працвітанне, які таксама прысутнічаў на сустрэчы, апісаў Лаціфу аш-Шараа як «рэспектабельную маладую жанчыну, якая носіць хіджаб (галаўны ўбор), але не нікаб (вэлюм) і апранаецца ў традыцыйным сірыйскім стылі».

Ці брала Лаціфа пасля свайго прадстаўлення ўдзел у размове, зразумець складана — на афіцыйнай фатаграфіі часовага прэзідэнта Сірыі з членамі дэлегацыі яе няма.

Хто будзе першай лэдзі?

Праз усяго пару дзён пасля той сустрэчы журналісты Economist спыталі ў часовага прэзідэнта Сірыі, ці будзе яго жонка першай лэдзі краіны.

«Гэта традыцыя — жонка прэзідэнта аўтаматычна займае гэтую пасаду. Так што, вядома, калі ёсць пасада пад назвай «Першая лэдзі», яна не будзе занята выпадковай жанчынай з вуліцы», — адказаў аш-Шараа.

І тут жа дадаў: «Аднак наша разуменне першай лэдзі заключаецца ў тым, што яна — служыцелька грамадства, а не лэдзі ўзроўнем вышэй за людзей».

Гэта відавочная адсылка да жонкі зрынутага шматгадовага кіраўніка Сірыі — Асмы Асад.

Публічны вобраз новай першай лэдзі Сірыі пакуль застаецца загадкай.

«Пакуль складана сказаць, якім будзе публічны вобраз першай лэдзі Сірыі. Але відавочна, што яе будуць прасоўваць, будуць паказваць грамадству, бо Ахмед аш-Шараа хоча прадэманстраваць сябе як адкрытага кіраўніка, не зашоранага ісламіста», — лічыць усходназнаўца Марыяна Беленькая.

«Аш-Шараа дэманструе сваю жонку проста таму, што зараз гэтага патрабуюць абставіны. Але так будзе не заўсёды: цяпер гэта неабходна для зняцця санкцый з Сірыі, выключэння ХТШ з спісу тэрарыстаў, — не згаджаецца ў размове з Бі-бі-сі усходазнаўца і аўтар тэлеграм-канала «Сулейманаў» Руслан Сулейманаў. — Калі новыя ўлады Сірыі будуць прызнаныя міжнароднай супольнасцю, аш-Шараа наўрад ці будзе мець патрэбу ў тым, каб дэманстраваць жонку».

Ён нагадвае, што ў часы, калі «Хайят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ) кантралявала правінцыю Ідліб, аш-Шараа не паказваў сваю жонку.

Па словах эксперта, у групоўкі ХТШ і ў іншых, што прытрымліваюцца радыкальнага ісламізму, не прынята дэманстраваць сваіх жонак і наогул сем’і.

Разам з тым абодва эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што Асма Асад далёка не адзіны прыклад уплывовай жанчыны і/ці першай лэдзі ў краінах арабскага свету.

Марыяна Беленькая прыгадвае жонку былога эміра Катара, маці цяперашняга эміра — шэйха Мозу, якая «вучылася на Захадзе, шмат зрабіла для развіцця Катара і надання яму сучаснага аблічча», а таксама сястру першага караля Саудаўскай Аравіі Нуру Аль Сауд, якая была яго нефармальным дарадцам.

Сулейманаў тлумачыць, што ўзровень уплывовасці першых лэдзі ў арабскіх краінах залежыць ад узроўню свецкасці дзяржаў і ўплыву вестернізацыі на іх.

У якасці прыкладу ён прыводзіць жонку прэзідэнта Егіпта Энтысар ас-Сісі і каралеву Іарданіі Ранію аль-Абдула.

Абедзве, па словах Сулейманава, публічныя асобы, вядуць актыўную грамадска-значную дзейнасць, даюць інтэрв’ю.

Напрыклад, Ранію асабліва заўважылі ў арабскім свеце пасля эскалацыі ў Газе, таму што яна пачала выступаць у абарону палесцінцаў, дадае эксперт.

Каментары2

  • Андрусь
    08.03.2025
    Нешта ў параўнанні з Эрдаганіхай гэтая сірыечка выглядае нейкаю напалоханаю, змучанаю і стомленаю.
  • Minsk
    08.03.2025
    Первая леди? Жена бармалея, захватившего власть и ещё вчера вырезавший в Сирии целые нелояльныне города и деревни. Буквально реки крови показывали вчера. И все это устроили боевики этого бармалея.

Цяпер чытаюць

Пракурорскі начальнік абурыўся неабгрунтаванымі затрыманнямі беларусаў

Пракурорскі начальнік абурыўся неабгрунтаванымі затрыманнямі беларусаў

Усе навіны →
Усе навіны

Ад БНФ да ГРУ. Хто такая Наталля Судлянкова, якой чэхі загадалі пакінуць краіну53

Журналіст пацвердзіў, што пашпарт прыкрыцця мужа Сямашкі дагэтуль сапраўдны. І ўзяў яго пад кантроль на сайце МУС13

Трамп можа знізіць мыты для Кітая, калі той прадасць TikTok3

Аўстрыя закрывае межы з Венгрыяй і Славакіяй

Кароль Карл III сыграў калыханку на моркве пад акампанемент гарбуза ВІДЭА2

Як гандлёвая вайна Трампа можа адбіцца на сусветнай эканоміцы і Беларусі? І якая выгада з гэтага амерыканцам?9

Дзвюм мінчанкам інкрымінавалі здраду дзяржаве за правядзенне сацыялагічнага апытання без дазволу9

Расія перакідае паўночнакарэйскія войскі ў Крым3

Дачка дэпутата з Ашмян трапіла на дзяржслужбу. Для гэтага яна кінула неўязнога хлопца27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пракурорскі начальнік абурыўся неабгрунтаванымі затрыманнямі беларусаў

Пракурорскі начальнік абурыўся неабгрунтаванымі затрыманнямі беларусаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць