Новая прапанова ад літоўскіх кансерватараў можа выгнаць з Літвы беларускіх айцішнікаў
Трое дэпутатаў літоўскага Сейма ад партыі кансерватараў прапаноўваюць ануляваць ДНЖ грамадзянам Беларусі і Расіі, якія часта бываюць на радзіме.

Літоўскія парламентарыі прапануюць унесці змены ў закон аб увядзенні абмежавальных мер у дачыненні да грамадзян Расіі і Беларусі, які быў прыняты ў сувязі з вайной Расіі супраць Украіны. Аўтары ініцыятывы — кансерватары Лаўрынас Кашчунас, Аўдронюс Ажубаліс і Валдас Ракуціс.
Парламентарыі зарэгістравалі прапанову, дзе сярод іншага ідзе размова пра ануляванне ўжо выдадзеных ДНЖ, калі грамадзяне Беларусі і Расіі на працягу трох каляндарных месяцаў больш за адзін раз ездзілі на радзіму.
Літоўскія СМІ паведамляюць, што, па словах аўтараў ініцыятывы, колькасць беларусаў, якія атрымалі ДНЖ у Літве, рэзка ўзрасла за апошнія гады і цяпер складае каля 62 тысяч чалавек.

Аднак, лічбы, на якія спасылаюцца ініцыятары ўзмацнення абмежаванняў для беларусаў, неактуальныя.
Сапраўды, пасля пратэстаў 2020 года і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў Літве істотна вырасла колькасць беларусаў. На піку літоўскі дазвол на жыхарства (любых тыпаў) мелі 62 844 грамадзяніны Беларусі — так было па стане на 1 красавіка 2024 года. Але пазней колькасць беларусаў з дзейнымі ДНЖ у Літве пачала скарачацца.

Ужо па стане на 1 студзеня 2025 года такіх засталося 57 511 чалавек. А згодна з апошнімі афіцыйнымі звесткамі (на 1 сакавіка 2025-га) — 54 181 чалавек.

Такім чынам, за апошнія 11 месяцаў колькасць грамадзян Беларусі з літоўскім ДНЖ скарацілася на 8 633 чалавекі, або амаль на 14%.
Ініцыятары новых абмежаванняў лічаць, што прыпыненне прыёму заявак на ДНЖ ад беларусаў і анулявання ўжо выдадзеных дакументаў неабходныя для абароны нацыянальнай бяспекі Літвы.
Выключэнні прапануюць зрабіць для кіроўцаў грузавікоў, якія працуюць у кампаніях міжнародных перавозак, асоб, якія ажыццяўляюць транзітныя паездкі праз гэтыя краіны і якія вандруюць па аб'ектыўных прычынах, якія ад іх не залежаць.
Паводле мінулагодніх звестак, 24 400 беларусаў працавалі ў Літве ў якасці кіроўцаў-міжнароднікаў.
Прапанаваныя меры не закрануць людзей, якія знайшлі ў Літве прытулак ад рэпрэсій. Людзі, якія маюць гуманітарныя дазволы на жыхарства, і так у Беларусь не ездзяць.
Такім чынам, пад ударам могуць апынуцца найперш беларускія айцішнікі, якія жывуць у Літве па blue card і могуць сабе дазволіць ездзіць у Беларусь.
Пры гэтым у тым ліку праз міграцыйную палітыку Літвы колькасць высокакваліфікаваных супрацоўнікаў з Беларусі там паменшала. Летась штат беларускіх ІТ-кампаній у Літве скараціўся на 10%.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Што да беснаватых прапаноў розных там беларусафобскіх вар'ятаў, то нічога не паробіш, да іх прыслухаюцца, да здаровага сэнсу - наўрадцьці
[Зрэдагавана]