Літоўскія памежнікі затрымалі беларуса з падробленымі дакументамі на машыну
На памежным кантрольным пункце ў Медніках літоўскія памежнікі затрымалі аўтамабіль Hyundai Tucson, якім кіраваў 25-гадовы грамадзянін Беларусі. У іх узнікла падазрэнне, што рэгістрацыйнае пасведчанне, ідэнтыфікацыйны нумар (VIN) і дзяржаўныя нумары аўтамабіля — падробленыя, піша прэс-служба літоўскай Службы аховы дзяржаўнай мяжы.

Здарэнне адбылося ў ноч на 20 сакавіка, а аўтамабіль кіраваўся з Літвы ў Беларусь.
Падчас праверкі транспартнага сродку і дакументаў мужчына паказаў памежнікам рэгістрацыйнае пасведчанне на аўтамабіль, нібыта выдадзенае ў Аўстрыі. Яно адразу выклікала падазрэнні, а пры дапамозе спецыяльнага абсталявання было выяўлена, што дакумент не адпавядае патрабаванням для вырабу каштоўных папер.
Дэталёва агледзеўшы аўтамабіль, памежнікі таксама засумняваліся ў аўтэнтычнасці VIN гэтага адносна новага пазадарожніка 2020 года выпуску, выбітага на кузаве і выгравіраванага пад пярэднім шклом, а таксама ў сапраўднасці ідэнтыфікацыйных налепак.
Дзяржаўныя нумары аўтамабіля, як мяркуецца, былі таксама падробленыя: нумарная таблічка не мае ахоўных элементаў, налепка раздрукаваная на каляровай лазернай друкарцы і няроўна абрэзаная.
Падчас допыту кіроўца растлумачыў, што павінен быў толькі даставіць пазадарожнік з Літвы ў Беларусь, а пра падробку дакументаў даведаўся толькі цяпер ад памежнікаў. Тым не менш, яго арыштавалі пакуль што на месяц.
Увогуле ж за такое злачынства літоўскім законам прадугледжаныя грамадскія работы, штраф, абмежаванне свабоды, арышт альбо пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.
Каментары