Грамадства44

Што за секта «ИВДИВО», 15 чалавек якой затрымалі сілавікі, і чаму ў Беларусі ўзяліся за яе толькі цяпер

Пра «ИВДИВО» сілавікі ў Беларусі даўно ведалі, але толькі 21 сакавіка паведамілі пра затрыманне лідараў і актывістаў секты. Што за яна і як з такімі змагацца, піша Белсат.

Лідар «ИВДИВО» Віталь Сярдзюк. 14 снежня 2017 года. Фота: сайт секты.

Як паведаміла Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі 21 сакавіка, ГУБАЗіК затрымаў 15 лідараў і актывістаў нелегальнай арганізацыі «ИВДИВО», што функцыянавала ў некалькіх абласных цэнтрах Беларусі. Паводле МУС, «пад маркай самаўдасканалення і развіцця яны праводзілі платныя «семінары-трэнінгі»», эмацыйна слабым людзям абяцалі дапамогу, пры гэтым абавязваючы іх на сталай аснове перадаваць «дабрадзеям» значныя сумы грошай. Дзейнічалі не толькі супраць дарослых: праводзілі «заняткі» для непаўналетніх.

Што за «ИВДИВО»

Секта дзеяла з сярэдзіны 1990-х гадоў у Расіі, распаўсюдзілася на іншыя постсавецкія краіны. Спачатку называлася «Сінтез Фа». Яе заснавальнік Віталій Сярдзюк. Дакладных звестак пра яго няма, але сам ён адзначаў, што вучыўся ў расійскім Стаўрапалі, скончыў інстытут па спецыяльнасці «артыст балету», пачаў чытаць псеўдафіласофскія «лекцыі» ў 1995 годзе.

Украінскае выданне «Антикор» сцвярджае, што гэта той самы Віталій Сярдзюк, які выступаў адвакатам уцеклага экс-прэзідэнта Віктара Януковіча, і ён нібыта ўцёк з Расіі ва Украіну ад абвінавачанняў у педафіліі, але незалежных пацверджанняў гэтаму знайсці не ўдалося. Аднак на фота ўкраінскі адвакат і лідар расеійскай секты выглядаюць па-рознаму.

У пачатку 2010-х секта пачала дзейнічаць пад назваю «ИВДИВО», што расшыфроўваецца як «Изначально Вышестоящий Дом Изначально Вышестоящего Отца». І той Айцец — не звыклы бог з папулярных монатэістычных рэлігіяў.

Ува што верыць секта, зразумець нібы наўмысна вельмі цяжка: вучэнне вельмі грувасткае, перагружанае лічбамі, абрэвіятурамі, экзатычнымі ці проста выдуманымі словамі. Нават на сайце секты ў раздзеле адказаў на частыя пытанні ёсць такія:

  • «Я нічога не разумею. Усё так складана, і я не паспяваю за ўсім сачыць».
  • «Шмат інфармацыі, я не паспяваю яе апрацоўваць».
  • «Мне нецікава, і я не разумею, што ад мяне хочуць».

Прааналізаваўшы тэксты «ИВДИВО» ў адмысловым рэжыме глыбокага даследавання, нейрасетка «Google Gemini» прыйшла да высновы, што галоўнае ў вучэнні — існаванне вышэйшых сілаў, якія выстаўляюць містычныя патрабаванні чалавеку, існаванне жыцця ў мільёнах касмічных сусветаў, надыход «новага часу» і з’яўленне «6-й карэннай расы». «Новы чалавек» мае стаць часткаю новага грамадскага ладу — «Грамадзянскай канфедэрацыі».

Матэрыялы секты «ИВДИВО» ў адной з беларускіх ячэек, зверху — партрэты «аватараў сінтэзу». Фота: Sk.gov.by

Адзін з карыстальнікаў пытае на сайце секты: як гэта мы маем на падставе індывідуальнага досведу кожнага чалавека гатовую канцэпцыю матрычнасці са шматлікімі вымярэннямі з канкрэтнымі назвамі і 256 матрыцамі, які механізм іх аб’яднаў? Адказваюць: навуковы погляд тут не дапаможа, бо тады не будзе мары, новых адкрыццяў і канцэпцыяў.

Далей цытата, якую прыпісваюць Сердзюку: «У гэтым кантэксце чалавек убудаваны ў прыроду як неадчужальная частка і можа сканаваць і спампоўваць неабходнае ў меру межаў прыватнасці поля і іерархічнага ўзроўню сінтэзу прыватнасцяў. Парадыгмай Сінтэзу Чалавек з'яўляецца клеткай ИВО [Пачаткова Вышэйстаячага Айца. — «Белсат»] і пры належным суперажыванні і ўзаемнасці, атрымлівае дадзеныя ад з ИВО паводле Вобразу і Падабенства. Гэта значыць, атрымлівае Выявы ИВАС [Пачаткова Вышэйстаячага Аватару Сінтэзу. — «Белсат»], якія абазначаюць ИВАС, ИВДИВО, Іерархію і гэтак далей. Астатняе — для асобнага занятку на Частку Успрыманне».

Як пісалі беларускія дзяржаўныя медыі ў 2010 годзе, секта прапаноўвала наведнікам прайсці 32 «сінтэзы», у кожным з якіх па 16 семінараў. Кожны семінар каштаваў 800 расейскіх рублёў — на той момант каля 26 долараў. То бок, поўны курс каштаваў бы звыш 13,2 тысячы долараў. У той час сярэдні налічаны заробак у Беларусі не дасягаў і 500 долараў.

Актуальных расцэнак секты знайсці не ўдалося, але ў 2020 годзе за семінар прасілі 201 рубель або 94,3 долара. Паводле сілавікоў, у Беларусі дзейнічала прынамсі пяць ячэек: у Менску, Віцебску, Жлобіне, Барысаве і Смалявіцкім раёне. Толькі ў адным з памяшканняў знайшлі каля 100 тысяч рублёў.

Як людзі на такое вядуцца?

Адно з абяцанняў секты — стаць аватарам бога на зямлі на 45 хвілін, трэба толькі заплаціць і прайсці 512 семінараў. Як людзі ў такое вераць? Філосаф Павел Баркоўскі тлумачыць «Белсату»: у гэтым няма нічога новага і дзіўнага, такое было і тысячы гадоў таму.

У некаторых рэлігіях прапаноўвалася амаль такая ж схема: так званыя экстазы, з’яднанне з богам, пераўтварэнне на нейкі час сябе ў частку бога, — расказвае Баркоўскі. — Гэта практыкі, якія выкарыстоўваліся і тады, і якія могуць выкарыстоўваць цяпер. Асабліва для людзей, якія схільныя гэтаму давяраць».

«У людзей наогул ёсць схільнасць да разумення чагосьці містычнага, акультнага. Гэта праяўляецца ва ўсе часы і ва ўсіх народах».

«Зразумела, што ні навука, ні нейкія рацыянальныя схемы разважання не гарантуюць чалавеку адказы на ўсе базавыя пытанні, якія ўстаюць перад ім. Пра жыццё і смерць, пра выбар і лёс, і гэтак далей. На гэтыя пытанні часткова можа адказваць філасофія, але для некаторых людзей шлях веры больш прымальны і больш зразумелы».

Людзі бачаць шлях вырашыць свае праблемы праз веру, лічыць Баркоўскі. Але ж «ИВДИВО» стварала людзям новыя праблемы: тыя, хто трапіў у секту, не толькі плацілі за семінары, але і бясплатна працавалі на секту. Як людзі пагаджаюцца і плаціць, і бясплатна працаваць?

У гэтым таксама няма нічога новага, адказвае Баркоўскі. Людзі, якія трапляюць у рэлігійныя ўстановы, нават звыклыя манастыры, пагаджаюцца на тое, што гэта шлях выпрабаванняў. Значыць, праца — гэта тое, што трэба зрабіць на шляху містычнага духоўнага ўдасканалення.

«Гэта прымальны рэжым супрацы, калі ты ахвяруеш часткай свайго часу, грошай, высілкаў, а ўзамен табе прапануюць нейкае духоўнае павелічэнне, узрастанне кармы», — разважае Баркоўскі.

«ИВДИВО» цэліцца ў асноўным на жанчын ва ўзросце ад 49 да 64 гадоў, сцвярджаюць следчыя. Што асаблівага ў гэтай групе людзей? Баркоўскі не ўпэўнены ў ідэях гэтай канкрэтнай секты, але адзначае, што даследчыкі лічаць жанчын больш уразлівымі да ўплываў такіх арганізацыяў. Быць можа, праз у сярэднім больш высокую эмацыйнасць і эмпатыю, у сярэднім мацнейшую за тую ў мужчынаў. Быць можа, у гэтым канкрэтным выпадку арганізатарам-мужчынам было прасцей працаваць з жанчынамі.

Філосаф заклікае глядзець агулам на тое, наколькі ў сучасным светапоглядзе беларусаў ёсць супраціўленне да розных акультных тэорыяў і тэорыяў змовы, наколькі людзі маюць «прышчэпку» ад гэтага праз адукацыю і наколькі медыяпрастора стварае зону крытычнага мыслення для людзей.

«Калі медыі прасякнутыя прапагандай і рознымі паранавуковымі тэорыямі, тэорыямі змовы, гэта добрая глеба для таго, каб развіваліся розныя містычныя тэорыі і культы», — рэзюмуе Баркоўскі.

Чаму сілавікі ўзяліся за секту цяпер?

Цяпер у Беларусі працуе шэраг падобных арганізацыяў, адзначае Баркоўскі. Частка з іх знаходзіцца пад пільным кантролем сілавікоў, частка лічыцца ўмоўна нейтральнымі. Менавіта «Синтез Фа» і «ИВДИВО» не раз траплялі ў поле зроку беларускіх сілавікоў. Цяпер, паводле СК, былі затрыманыя 15 чалавек, якія сталі падазраванымі паводле арт. 193-1 КК РБ — «Незаконная дзейнасць рэлігійнай арганізацыі».

Калі сілавікі заяўлялі, што «спынялі» дзейнасць секты ў 2010, 2015, 2018 гадах, чаму толькі цяпер прайшлі затрыманні? Секта дзейнічала адкрыта, давала публічныя анонсы семінараў, не хавала твараў лектараў і адкрыта публікавала відэазапісы і тэксты выступаў.

Прадстаўнік «Белпол» Уладзімір Жыгар тлумачыць «Белсату»: імаверна, цяпер з’явіліся абгрунтаваныя падазрэнні ва ўчыненні тых ці іншых злачынстваў. Фраза «трапілі ў поле зроку», кажа ён, гэта толькі міліцэйскі жаргон, за якім нічога не стаіць: яна значыць, за імі сачылі, але раз злачынстваў не было, то проста працягвалі сачыць.

Можа ўзнікнуць пытанне, навошта за імі глядзелі, калі не было падставаў для затрымання, прызнае Жыгар. Пытанне ў тым, ці былі раней злачынныя дзеянні, ці былі пацярпелыя. Калі людзі не лічаць сябе пацярпелымі, то злачынства і няма, міліцыя не можа ў такіх справах сама вызначаць людзей пацярпелымі.

Псіхалогія людзей такая, што яны могуць і самі не верыць, што секта ўчыняе злачынства супраць іх, тлумачыць Жыгар. Гэтак жа людзі ўступалі ў розныя фінансавыя піраміды кшталту «МММ»: шчыра верылі, што яны ўкладваюцца ў тое, на чым заробяць. І потым не хочуць верыць, што іх падманвалі, нават калі страцілі шмат.

Суразмоўца выказвае здагадкі: можа, раней не было масавых зваротаў пацярпелых. Адзінкавыя выпадкі маглі быць, але ж нейкі адсотак заяваў губляецца праз чалавечы фактар: як канкрэтны супрацоўнік сілавых структураў паставіўся да матэрыялаў праверкі, ці ўсебакова разглядзеў матэрыялы…

Можа, цяпер з’явілася больш заяваў. А можа, дапускае Жыгар, была дадзеная «каманда зверху».

«Любыя зборы людзей па інтарэсах лёгка могуць называцца сектамі, — тлумачыць Жыгар. — Гэта рэжыму не трэба, рэжым гэта, канешне ж, блакуе максімальна».

Артыкул крымінальнага кодэксу лічыць незаконнай дзейнасць той рэлігійнай арганізацыі, адносна якіх набыла моц рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органу аб ліквідацыі ці прыпыненні дзейнасці. Праўда, незразумела, ці прыпынялі ў Беларусі дзейнасць «ИВДИВО», ці толькі ранейшай «Синтез Фа».

На думку Жыгара, затрыманых наўрад ці будуць судзіць за гэта, бо даказаць прасцей «Махлярства» (арт. 209 КК РБ).

«Махлярства тут у прынцыпе будзе даказваецца дастаткова проста, бо там ад пачатку не было падставы верыць у тое, што тое, аб чым яны кажуць, будзе ў канчатковым выніку рэалізавана, — тлумачыць Жыгар. — Самая вялікая праблема — пачатковы намер учыніць злачынства, гэта ахілесава пята ўсіх злачынстваў, звязаных з махлярствам. А тут яна даказваецца значна прасцей, чым у любых іншых сітуацыях, звязаных з махлярствам».

Людзі старэйшага ўзросту лягчэй паддаюцца махлярскім схемам, адзначае Жыгар. Ён нагадвае нядаўнюю гісторыю: пенсіянерка з Віцебску верыла, што перапісваецца з галівудскім акторам Кіяну Рыўзам, той прызнаваўся ёй у каханні і абяцаў даслаць ёй 500 тысяч даляраў — трэба было толькі заплаціць за паслугі «паштовых фірмаў».

Што рабіць, калі блізкі чалавек трапіў у секту?

Прадстаўнік «Белпол» не мае простага адказу. Прапануе:

  • Найперш абмеркаваць гэтае пытанне з самім чалавекам.
  • Прыцягнуць да гэтага абмеркавання максімальную колькасць блізкіх людзей.
  • Спрабаваць аргументавана даводзіць чалавеку, што тое, ува што ён трапіў, больш падобна да секту, чым групу па інтарэсах.
  • Пры магчымасці звярнуцца да псіхолага, які мог бы распытаць чалавека, чаму ён звязаўся з гэтай групай людзей, што яго так зацікавіла.

Каментары4

  • Секта РПЦ
    23.03.2025
    Выдатна, аднім канкурэнтам менш.
  • Изя-слав
    23.03.2025
    закончил институт по специальности «артист балета»
    А что,кандидатскую диссертацию не стал защищать - был бы кандидатом балетных наук,уважаемым человеком!
  • даведка
    23.03.2025
    Оперативно-аналитический центр при Лукашенко занимается сектами в Беларуси.

Цяпер чытаюць

У Асіповічах імкліва разбудоўваюць інфраструктуру. Імаверна, для расійскай ядзернай зброі2

У Асіповічах імкліва разбудоўваюць інфраструктуру. Імаверна, для расійскай ядзернай зброі

Усе навіны →
Усе навіны

Позняе бацькоўства можа пагражаць здароўю дзіцяці4

Вольга Няфёдава прызнала, што Купалаўскі тэатр дагэтуль не змог аднавіцца5

УСУ вызвалілі сяло на Луганшчыне. Аперацыя трывала 30 гадзін2

«Па адчуваннях, хварэюць усе»: педыятр пра сітуацыю з грыпам у Беларусі2

На тэрыторыі Брэсцкай крэпасці з'явілася футбольнае поле ФОТАФАКТ

«За лайкі супраць Расіі». Шматдзетная ўкраінка хацела пераехаць у Беларусь, але яе не ўпусцілі пасля агляду тэлефона15

Сі-Эн-Эн назвала Лукашэнку strongman. «Пул першага» не ведае значэння гэтага слова па-англійску і радасна перапосціў23

У Варшаве прайшоў марш у гонар Дня Волі ФОТА37

Васілеўская пахвалілася, што ў «Белавіі» з'яўляюцца новыя рэйсы, бо з ёй на арбіце быў пластыкавы самалёцік5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Асіповічах імкліва разбудоўваюць інфраструктуру. Імаверна, для расійскай ядзернай зброі2

У Асіповічах імкліва разбудоўваюць інфраструктуру. Імаверна, для расійскай ядзернай зброі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць