Апошнім часам пашырэнне нашых ведаў пра асобу нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага звязанае з асобай Аляксандра Дзюкава. Менавіта ў кнігах гэтага расійскага гісторыка публікуюцца невядомыя раней дакументы, якія дазваляюць нам пабачыць Каліноўскага як асобу яшчэ больш глыбокую і шматгранную, чым гэта здавалася раней. Яны і раскрываюць фенаменальную псіхалогію Кастуся, і паказваюць як палітыка, якога цяпер не хапае. Аднак жа сам аўтар наўрад ці рады такому эфекту ад яго адкрыццяў, бо ягоныя асабістыя мэты цалкам гэтаму процілеглыя, піша Павел Чарвінскі.

46-гадовы Аляксандр Дзюкаў — гісторык з шырокай сферай інтарэсаў: ад тэракту на Дуброўцы, паставак Расіяй зброі ў Лацінскую Амерыку і «масавых парушэнняў правоў чалавека» ва Украіне да Халакосту. Ён паўсюль у суседзяў бачыць «русафобскія міфы», на змаганні з якімі і пабудаваў сваю кар’еру.
Дзюкаў — праўнук вядомага савецкага дыверсанта і пісьменніка Ільі Старынава, аднаго з галоўных арганізатараў партызанскага руху ў СССР.
Па шляху свайго продка Аляксандр і пайшоў. Адно што толькі калі прадзед праводзіў дыверсіі па фізічным вынішчэнні ворагаў савецкай улады, то праўнук арганізуе інтэлектуальныя дыверсіі супраць праціўнікаў улады расійскай.
У 2004 годзе ён скончыў Гісторыка-архіўны інстытут РДГУ, дзе пісаў дыпломную працу «Станаўленне і развіццё сістэмы кіравання савецкім партызанскім рухам, 1941-1943 гадоў».
Пасля гэтага ўладкаваўся выпускаючым рэдактарам у часопіс «Военно-техническое сотрудничество», а
ўжо ў 2008 годзе нядаўні студэнт заснаваў уласны фонд «Историческая память», які з таго часу адкрыта ставіць за мэту напісанне работ па «аб’ектыўнай гісторыі» з пазіцый інтарэсаў Расіі — гэта значыць пошук «русафобіі» ў суседніх краінах і барацьбу з ёй.
Спачатку Аляксандр Дзюкаў зрабіў імя на гучных каментарах пра тое, як у краінах Балтыі даследуюць сталінскія рэпрэсіі, што, маўляў, не было ніякай савецкай акупацыі Літвы, Латвіі і Эстоніі. Таксама ён вядомы супрацоўніцтвам з тэлеканалам Russia Today i сайтам Regnum.
Прытым каментары ягоныя паліткарэктнасцю не вылучаліся. Так, у 2008 годзе адносна аднаго з фільмаў пра рэпрэсіі ў Латвіі, ён напісаў у сваім ЖЖ: «Я чалавек спакойны, але пасля прагляду 2/3 фільма ў мяне было адно жаданне: асабіста забіць рэжысёра і спаліць нахер латышскую амбасаду».
Пачынаючы з канца нулявых гадоў у яго адна за адной пайшлі кнігі, прытым тэматыка іх мянялася. Спачатку яны былі прысвечаныя перш за ўсё падзеям Другой сусветнай вайны. Першая ягоная кніга, выдадзеная ў 2007 годзе, была агульнага характару і называлася «За што змагаліся савецкія людзі», а ў некалькіх наступных ён рабіў упор на тое, што ў той час адбывалася ў краінах Балтыі.
Назвы гэтых кніг гавораць самі за сябе: «Міф пра генацыд. Рэпрэсіі савецкіх уладаў у Эстоніі (1940—1953)» (2007); «Міласць да ўпалых: Савецкія рэпрэсіі супраць нацысцкіх памагатых у Прыбалтыцы» (2009); «Пратэктарат «Літва». Таемнае супрацоўніцтва з нацыстамі і нерэалізаваны сцэнарый страты літоўскай незалежнасці» (2012). Паміж гэтымі творамі ў 2008 годзе была і кніга «Другасны вораг. АУН, УПА і вырашэнне «яўрэйскага пытання».
У 2009 годзе, Дзюкаў, праўда, адхіліўся ад тэмы Другой сусветнай вайны і напісаў кнігу пра трагедыю на Дуброўцы ў Маскве, якая здарылася ў 2002 годзе падчас пастаноўкі мюзікла «Норд-Ост». У кнізе была прадстаўленая афіцыйная версія тэрарыстычнага акту і знішчэння тэрарыстаў, «варожая любой канспіралогіі».
У тым жа 2009 годзе Дзюкаў выдаў кнігу «Пакт Молатава-Рыбентропа ў пытаннях і адказах». У ёй «крамлёўскі гісторык» (як з таго часу сталі называць Дзюкава) намагаўся «даць максімальна лапідарныя адказы», каб пераканаць, што ў гэтым пакце не было нічога надзвычайнага і ён укладаўся ў межы тагачаснага міжнароднага права.
Пры гэтым варта адзначыць, што Дзюкаў адкідае рэвізіянісцкія тэорыі пра тое, што расстрэл савецкімі чэкістамі вайскоўцаў польскай арміі ў Катыні пад Смаленскам быў, маўляў, сфабрыкаваны нацыстамі, аднак сам расстрэл апраўдвае. Маўляў, Сталін такім чынам намагаўся «не паўтарыць гісторыі чэхаславацкага корпуса», які ўзняў бунт супраць Савецкай Расіі ў гады грамадзянскай вайны.
У 2017 годзе Аляксандр Дзюкаў больш актыўна зацікавіўся Беларуссю ў сувязі з магчымасцю з’яўлення ў нашай краіне дзяржаўнага помніка ў Курапатах, не супраць чаго, у што ўжо нават не верыцца, тады быў і Аляксандр Лукашэнка. Дзюкаў і яго фонд, звярнуўшыся да новай для сябе праблематыкі, адразу ж дапамаглі «налічыць» «усяго» 7-8 тысяч рэпрэсаваных у Курапатах.
У сваёй справаздачы 2018 года супрацоўнікі фонду Дзюкава акурат і ставілі сабе ў заслугу тое, што, маўляў, перашкодзілі чарговай «русафобскай» акцыі на тэрыторыі Беларусі, а таксама адкрыта казалі пра неабходнасць дыскрэдытацыі ва Украіне ОУН-УПА ды Галадамору, «лясных братоў» у краінах Балтыі.
Пасля гэтага фонд Дзюкава больш актыўна заняўся Беларуссю, пачаўшы выдаваць часопіс «Белорусский исторический обзор» і падрыхтаваўшы зборнік дакументаў «НКВД в Западной Беларуси. Сентябрь-декабрь 1939 года», пры выданні якога былі падабраныя «патрэбныя» дакументы, а з шэрагу іншых выключаныя цэлыя кавалкі, якія маглі б «дыскрэдытаваць» СССР.
А пасля масавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе Аляксандр Дзюкаў звярнуў увагу на «антыпольскую» дзейнасць і моцна сканцэнтраваўся на «польскім паўстанні» (1863—1864 гадоў) і асобе Кастуся Каліноўскага — тэмай яму, як спецыялісту па XX стагоддзі, чужой.
У 2022 годзе Дзюкаў ад Інстытута расійскай гісторыі Расійскай акадэміі навук атрымаў фінансаванне на «фундаментальныя даследаванні» і серыю публікацый «Сялянскае пытанне ў ідэалогіі і практыцы Польскага паўстання 1863-1864 гадоў на тэрыторыі Паўночна-Заходняга края Расійскай імперыі», якую ў 2024 годзе працягнуў і плануе працягваць да 2026 года. Аднак непасрэдна па сялянскім пытанні ніякіх публікацый пакуль няма.
У той жа час Дзюкаў выдаў ужо цэлую серыю кніг пад агульнай назвай «Невядомы Каліноўскі». Спачатку Дзюкаў ставіў на мэце прывязаць вобраз Каліноўскага да «паўстанцкага тэрору», прыпісаўшы яму вынясенне смяротных прысудаў не толькі «на беларускіх землях» (чамусьці ў 1862-1864 гадах, хоць паўстанне пачалося ў 1863-м), але нават і ў Царстве Польскім.
Аднак такая гіпербалізацыя «тэрарызму» Каліноўскага расійскім імперскім гісторыкам ва ўмовах палітычнага крызісу ў Беларусі магла быць прачытана і як заклік да дзеяння зусім не тымі, каму кніга была адрасаваная. Таму Дзюкаў пераключыўся на іншы ўзровень і заняўся выбудоўваннем вобразу анты-Каліноўскага.
Аляксандр Дзюкаў разумее сілу вобраза Каліноўскага для беларускай гісторыі, але замест умацавання яе сацыялістычнага зместу, як гэта было ў савецкія часы, абраў шлях ператварэння гэтага дзеяча ў русафоба. Адсюль і згадкі ў ягоных працах «некаторых беларускіх левых», якіх Дзюкаў ставіць у адзін шэраг з праграмай Каліноўскага для студэнтаў у Польшчы, гуртом «Дзецюкі», «Форумам Каліноўскага» ў Літве і Палком Каліноўскага ва Украіне.
Сам Аляксандр Дзюкаў у сваім тэлеграм-канале ацаніў кошт праекту анты-Каліноўскага ў 1 мільён расійскіх рублёў (каля 35,5 тысячы беларускіх), і гэта без ягонай уласнай працы.
Прытым ён адзначыў, што гэта «подарок братской Белоруссии, мой вклад в борьбу с русофобскими мифами». Такую суму Дзюкаў пазначыў у просьбе аб фінансавай дапамозе, каб аплаціць паслугі перакладчыка з польскай мовы, якому застаўся павінен 150 тысяч расійскіх рублёў. Магчыма, з-за таго, што пры падрыхтоўцы даследаванняў, якія яму фінансавала расійская дзяржава, ён забыўся ўпісаць паслугі перакладчыка ў каштарыс.
У апошні час Аляксандра Дзюкава крытыкуюць унутры Расіі за яго абяленне любімага філосафа Уладзіміра Пуціна Ільіна, які супрацоўнічаў з нацыстамі, а таксама за крытыку Аляксандра Герцэна і Уладзіміра Леніна, якія ў Дзюкава сталі «русафобамі». Наколькі далёка ў сваім пошуку «русафобіі» Дзюкаў зойдзе ў выніку — пакажа час.
«З маскалём гавары, да камень за пазухаю дзяржы». Мы даведваемся ўсё больш новага пра Кастуся Каліноўскага — палітыка, якога цяпер не хапае
«Твой і за магілаю». Знойдзеныя лісты Каліноўскага да каханай раскрываюць яго фенаменальную псіхалогію
«Мужык я з роду, сын зямлі літоўскай». Новыя дакументы Кастуся Каліноўскага ўдалося выявіць дзякуючы почырку
Дзермант заступіўся за башкірскага героя Салавата Юлаева. Гэта не спадабалася Дзюкаву
Што сабой уяўляе і з каго складаецца сетка расейскага ўплыву ў Беларусі
Каментары