Як склаўся лёс палкоўніка Лосева, які пакрываў банду марозаўцаў і атрымаў 18 гадоў калоніі
Кіраўніка крымінальнага вышуку Гомельскай абласной міліцыі судзілі разам з астатнімі бандытамі. З калоніі ён так і не выйшаў.

Экстрадыцыя з Казахстана ў Беларусь Віктара Рэцкага, кілера марозаўцаў, абудзіла інтарэс да гэтай банды.
Банда Марозава дзейнічала з канца 1980-х да сярэдзіны 2000-х у Гомелі і Гомельскай вобласці і лічылася самай буйной і жорсткай на тэрыторыі Беларусі. На рахунку злачынцаў было больш за 100 злачынстваў і каля 20 трупаў — як бандытаў-канкурэнтаў, так і выпадковых гараджан. Дзейнічаць беспакарана марозаўцам дапамагала міліцэйскае прыкрыццё. Бандыты плацілі кіраўніку гомельскага крымінальнага вышуку, палкоўніку Мікалаю Лосеву.
Чытайце. Рэкет, рэйдарства, згвалтаванні, жорсткія забойствы, сілавікі на зарплаце і лаяльнасць уладаў. Расказваем пра найбуйнейшую банду Беларусі
Следству не ўдалося дакладна даведацца, колькі грошай ён атрымаў, але з асобных паказанняў вынікала, што гаворка ішла як мінімум пра тысячу даляраў у месяц. А за перадачу асабліва важных звестак міліцыянер атрымліваў да 20 тысяч даляраў. Гэта і цяпер немалыя грошы, а для Гомеля 1990-х — проста касмічныя сумы.
Дапамога Лосева была насамрэч важная. Калі адзін з бандытаў напісаў яўку з павіннай за ўдзел у забойстве, міліцэйскі начальнік адразу праінфармаваў пра гэта Сяргея Марозава, кіраўніка банды. У выніку той даў загад знішчыць усе ўлікі — напрыклад, у лесе знеслі слупы з дарожнымі знакамі, каб зрабіць немагчымым апазнанне месца злачынства. А яўцы з павіннай Лосеў у выніку не даў ходу — сказаў, што звесткі не пацвердзіліся. За гэта ён атрымаў ад Марозава $10 тысяч.
Быў выпадак і калі Лосеў разам з Марозавым наведваў у калоніі аднаго з асуджаных удзельнікаў банды.
…Лосеў пайшоў у адстаўку 2001 годзе. Тады яму было 48 гадоў. Афіцыйная прычына — хвароба.
Мяркуючы па дакументах, якімі з «Нашай Нівай» падзяліліся «Кіберпартызаны», пасля звальнення са службы Лосеў паспеў папрацаваць на «Беларуснафце» і ў гомельскім аддзяленні інвестыцыйнага крэдытавання Беларускага банка развіцця.
Арышты марозаўцаў пачаліся ў сярэдзіне 2000-х. Тады ж прыйшлі і па Лосева — калі зразумелі яго ролю ў працы банды. На судзе, які праходзіў у 2006-м, былому міліцэйскаму начальніку прысудзілі 18 гадоў зняволення. Шмат, але адносна смяротных прысудаў тром кіраўнікам банды можна лічыць, што Лосеву пашанцавала.
Лосеў як былы сілавік трапіў у калонію ў Віцебску, якая спецыялізуецца на такіх персанажах. Аднак тэрмін да канца ён не адбыў, так і памёр у зняволенні.
Паводле звестак «Кіберпартызанаў», Лосеў памёр 13 чэрвеня 2018 года. Экс-міліцыянеру было 65 гадоў, да вызвалення яму заставалася каля чатырох гадоў.
Каментары