«У Лукашэнкі былі добрыя настаўнікі». Святлана Курс правяла па «Тунэлі смерці» Катынскага музею
13 красавіка Польшча ўшаноўвае памяць ахвяраў Катынскай трагедыі. Напярэдадні Дня памяці «Белсат» наведаў Катынскі музей у Варшаве, а гідам ласкава згадзілася быць беларуская пісьменніца і працаўніца Катынскага музею Святлана Курс (Ева Вежнавец). Журналісты прайшлі праз «Тунэль смерці» і «Сходамі вечнасці» падняліся да «нармальнага польскага жыцця» і распавядаюць, чаму ў гэтым музеі мусіць пабываць кожны беларус.

Як толькі за табой цяжка закрываюцца абабітыя жалезам музейныя дзверы і ты робіш некалькі крокаў цьмяным калідорам — становішся ценем. З левага боку сочыцца скупое святло, і твой невыразны цень далучаецца да шэрагу пахілых сілуэтаў справа, якіх вядуць на расстрэл у Катынскі лес…

Пустыя скрыжалі беларускага Катынскага спісу
Добра, што побач экскурсаводка. «Мае хлопчыкі» — так называе Святлана Курс сілуэты мужчын на інсталяцыі «Цені». Гэтым цьмяным калідорам беларуска праходзіць штодзень.
«Не, супакойцеся, нашыя цені ідуць паралельна. Мы да іх не належым, на нашае асабістае шчасце. Хоць невядома, што з намі магло стацца ў тыя часы», — кажа Святлана.
Чарада тых ценяў — даўжэзная. Ахвярамі Катынскага злачынства сталі, па словах Святланы, 22600 польскіх афіцэраў. Катынскі спіс увесь час павялічваецца, у яго дадаюцца новыя імёны. У спісе ў тым — 4408 чалавек, расстраляных уласна у Катынскім лесе, 3810 — пахаваных у Старабельскім лагеры пад Харкавам, 6288 — у пасёлку Меднае Цвярской вобласці, каля 3500 прозвішчаў людзей, якіх закопвалі каля вёскі Быкоўня пад Кіевам.
Ахвяраў сталінскіх расстрэлаў, якія чыніліся згодна з загадам ад 5 сакавіка 1940 года (гэты дакумент, падпісаны чальцамі Палітбюро ЦК, мы пабачым яшчэ ў так званай галерэі катаў), называюць польскімі афіцэрамі, але сярод іх былі артысты, святары, журналісты, настаўнікі і г.д. Кожнае імя і прозвішча закатаванага выбітае ўручную на скрыжалях «Эпітафіі» музею (мы будзем там пазней). Літары паўтараюць шрыфт з жаўнерскіх жэтонаў 40-х гадоў мінулага стагоддзя. У Польшчы такія жэтоны называюць «несмяротнікамі» (так пра іх кажа і Святлана Курс).

Дык вось, адна з табліц «Эпітафіі» застаецца безыменнай. Чыстай, пустой. Нібыта ў чаканні. На ёй калісьці з'явяцца імёны людзей з беларускага Катынскага спісу, расстраляных у Курапатах, і не толькі ў Курапатах.
«У беларускім спісе можа быць больш за тры з паловай тысячы расстраляных грамадзян Польшчы. Але Беларусь ніколі не дазволіла палякам даследаваць гэтую трагедыю. Аляксандр Лукашэнка з самага пачатку сцвярджаў, што ніякіх палякаў ў Беларусі ніхто не расстрэльваў. Але маюцца спісы вывазак людзей з турмаў КДБ. Іх расстрэльвалі ў розных урочышчах па ўсёй Беларусі або ў турмах НКВД», — тлумачыць Святлана Курс.
Ці шмат было этнічных беларусаў сярод забітых у Катыні, пад Харкавам, у Медным і Быкоўні? Дакладнай лічбы назваць немагчыма, бо такіх даследаванняў не праводзілася, кажа Святлана. Але, спасылаючыся на свой досвед працы з дакументамі, мяркуе, што можа быць нават кожны чацвёрты. Прычым гэта не толькі ўраджэнцы заходняй Беларусі, але і людзі, якія паходзілі, напрыклад, з Бабруйску ці Магілёву, з розных вёсак па ўсёй Беларусі.
І вось чаму Катынскі музей павінен наведаць кожны беларус, які апынуўся ў Варшаве.
«Хадзем далей!» — запрашае нас беларуская пісьменніца і экскурсаводка Святлана Курс.

«Адрэзаць польскую галаву і прышыць расейскую»
Унутраная экспазіцыя Катынскага музею складаецца з дзвюх частак («падковак»). Адукацыйнай — на паверхні, і сакральнай — пад зямлёй. Падземная частка — «Свяцілішча» («Sanktuarium»). Але да яго яшчэ дойдзем.
Першая зала — «Суседзі». Двукоссі ў гэтым слове здымаць не трэба, бо павінна гучаць злавесна. Гэта — пра гітлераўскую Нямеччыну і сталінскія Саветы, якія ў 1939-м падзялілі Польшчу, а Заходнюю Беларусь кінулі ў лапы НКВД.
«Польшча апынулася паміж молатам і кавадлам. Молатам — дык фактычна. Вось ён — Молатаў, а вось кавадла — Іаахім фон Рыбентроп. Ну і Сталін стаіць — усміхаецца», — разглядаем фотаздымкі, а потым — копію таемнага пратаколу Молатава-Рыбентропа на нямецкай мове.
На здымках — Львоў пад акупацыяй, выбары ў БССР («пад руляй аўтамата»), сустрэчы на мяжы…
«НКВД і СС, аказваецца, ладзілі супольныя семінары. Сустракаліся ў Закапаным, у Маскве, іншых гарадах. І дамаўляліся, як будуць адразаць галаву польскай нацыі. Ужо тады планаваліся катынскія расстрэлы. Цытата з дзённіка аднаго НКВД-шніка: «Польшчы трэба адрэзаць польскую галаву і прышыць расейскую галаву», — цытуе Святлана.
Зала «Дэпартацыі». Нашая правадніца расказвае, што энкавэдэшнікі дазволілі зняволеным афіцэрам напісаць лісты да сваякоў. Праява гуманнасці? Не: яны пойдуць пазней па адрасах, пазначаных на канвертах. Да людзей з тымі самымі прозвішчамі, што і ў вязняў.
Ліст да жонкі ці сына — і ўжо грукаюцца ў дзверы чэкісты. 1939 — 1940.
Дрыжыкі па скуры… У Лукашэнкі былі добрыя настаўнікі. Вельмі знаёмы сцэнар: 2020 — 2025.
Света Курс агучвае лічбу. Яна страшная: больш за 240 тысячаў рэпрэсаваных. Многія семʼі ніколі ўжо не вярнуліся з лагераў і месцаў дэпартацыі на радзіму. Тымі, хто паміраў у вагонах, затыкалі дзіркі, каб бараніцца ад ветру…
«Глядзіце, тут прыклады таго, што людзі нават ў тых умовах заставаліся людзьмі. Вось гэта абразок Маткі Боскі, зроблены са сліны і тынку са сцен Лубянкі. А вось гэты гальштучак — падарунак адной вязнярцы на дзень народзінаў. Гэта — ружанец, зроблены з хлеба. А гэта — лапці-снегаходы…» — паказвае экспанаты Святлана.

«Калі ім было трэба, немцы дакументавалі злачынствы дасканала»
Наступная зала — пра адкрыванне праўды. Шмат матэрыялаў пра эксгумацыю ў Катынскім лесе, праведзеную немцамі ў 1943 годзе. Яны рабілі ўсё скрупулёзна. Дакументавалі кожнае цела, на кожнае прымацоўвалі бірку з нумарам. Гэтыя біркі знікнуць пасля паўторнай і «фальшывай» эксгумацыі, якую ў студзені 1994-га рабіла савецкая камісія пад кіраўніцтвам Мікалая Бурдэнкі. Але адна бірка ўсё ж захаваецца і зробіцца экспанатам Катынскага музею, як, дарэчы, і рэшткі аднаго з драўляных эксгумацыйных сталоў, на якія немцы клалі целы.
Саветы спрабавалі аспрэчыць тое, што расстрэлы адбыліся ў 1940 годзе, і зваліць віну на фашыстаў. Але нямецкая камісія мела вялікую колькасць доказаў таго, што людзей забіваў сталінскі НКВД.
«Доказаў было шмат, і немцы публікавалі вынікі ў акупацыйнай польскамоўнай прэсе. Гэтыя газеты палякі называлі «гадзінувкамі». І вось тут мы бачым іх старонкі. Мне давялося працаваць з імі, і я была пад уражаннем ад нямецкай дакладнасці. Калі ім было трэба, яны дакументавалі злачынствы проста дасканала», — заўважае Святлана.
Уздоўж сцяны ў пераходзе да наступнай залы цягнецца ламаная шчыліна. Калі прыпасці вокам, можна аглядаць дакументальныя кадры з эксгумацыяў — нямецкай і савецкай. Халодная сцяна апякае твой лоб…
Падыходзім да яшчэ аднаго экспанату. Куртка генерала, расстралянага ў харкаўскай турме. Чыя канкрэтна — невядома. Аднаго з 19 закатаваных польскіх генералаў. Святлана Курс кажа, што 90 % экспанатаў музею ананімныя. Але некаторыя дагэтуль нясуць імёны сваіх гаспадароў. Напрыклад, біклажкі і каструлькі, якія паказвае нам. Імёны засталіся і на некаторых грабеньчыках.

«Наганы пераграваліся і касячылі»
«А вось тут рэшткі гільзаў і куляў, якімі забівалі. І прыкладная зброя. Спачатку расстрэльвалі з наганаў, але зразумелі, што наганы, як і ўсё расейскае, не вельмі прыдатныя для выканання задач, і пачалі расстрэльваць з нямецкіх «вальтараў». Наганы пераграваліся і касячылі. Аддачу такую давалі, што каты хутка стамляліся», — распавядае наш гід.
Па словах Святланы Курс, да катынскіх расстрэлаў прычыніліся 125 катаў, якія атрымлівалі 5 рублёў «за галаву». Хіба самы вядомы з іх — Васіль Блахін, які расстраляў за сваё жыццё ад 30 да 50 тысячаў чалавек. Максімум забітых за суткі — 266 чалавек. Потым адмаўляла рука…
Дарэчы, у галерэі катаў Катынскага музею пералічваюцца не толькі тыя, хто страляў у патыліцу нявінным ахвярам, але і тыя, хто кантраляваў вываз людзей, ці камандаваў выгрузкай, ці проста ахоўваў… Гэта пра апраўданне: «я ж толькі выконваў загад». Усе яны — у спісе катаў. На жаль, імёны многіх з іх застаюцца пакуль невядомыя.
Праўда перамагае, рана ці позна. Але толькі тады, калі за яе змагаешся, калі б'ешся з хлуснёй. У 1980 годзе 76-гадовы паляк Валенты Бадыляк прыкаваў сябе ў Кракаве да вадакалонкі, абліўся бензінам і ўчыніў акт самаспалення, пратэстуючы супраць замоўчвання катынскай трагедыі ў колішняй ПНР. Барацьбе за праўду прысвечаная цэлая экспазіцыйная зала музею. Больш за тое, у кожнай з залаў усталяваныя пастаменты дзевяці сведкам памяці, якія, нягледзячы на турмы і пераслед спецслужбаў, данеслі праўду пра Катынь да сучасных пакаленняў.
Адзін хіба з самых новых экспанатаў музею: аскепак расейскага снараду, які ўпаў у 2022 годзе на харкаўскія могілкі, дзе ляжаць расстраляныя палякі. Снарад знішчыў некалькі памятных шыльдаў. Сімвал.

Ключы, гузікі і «несмяротнікі»
Спускаемся пад зямлю — у «Свяцілішча». Музей месціцца ў былым царскім капаніры (фортафікацыйнае збудаванне, цытадэль), які быў пабудаваны пасля паўстання 1863 года дзеля кантрольна-карных функцыяў. З яго можна было весці артылерыйскі агонь па ўсёй Варшаве. Палякі, кажа Святлана Курс, «адчаравалі гэтае праклятае месца сваёй гісторыі» — зрабілі яго святым.
У сутарэннях пануе цішыня. Толькі нашыя крокі і прыцішаны голас аўтаркі «Па што ідзеш, воўча?». Тут захоўваюцца тысячы рэліквіяў, адкапаных падчас эксгумацыяў на месцах расстрэлаў. Кожны прадмет — у асобнай ячэйцы з падсветкай.
«Для чаго гэта важна? У Асвенціме ўсё прэзентуецца ў вялізных кучах, каб паказаць маштаб гора. А ў нас тут кожная рэч сімвалізуе асабістую трагедыю чалавека, якога забілі», — тлумачыць Святлана.
Тры сімвалы музейнага санктуарыя: ключы, гузікі і жэтоны-«несмяротнікі».
«Бачыце, тут ўсё асабістыя прадметы. Ключ — надзея вярнуцца да хаты, якая не спраўдзілася. А бутэлечак так шмат таму, што было расстраляна вельмі шмат ваенных і цывільных дактароў. У бутэлечках былі лекі. Або — парфума. Бо сярод ахвяраў — 63 жанчыны, у асноўным тыя, хто працаваў у адміністрацыях акупаваных гарадоў Украіны і Беларусі. Таму тут — пярсцёнкі, дзявочыя пальчаткі, грабеньчыкі, шчоткі…» — расказвае Курс.
Прадметаў — тысячы. На жаль, з Катынскага лесу — амаль зусім нічога няма. Пасля эксгумацыі Бурдэнкі ўсе доказы былі знішчаныя. А тое, што сабралі немцы, трапіла пад бамбардзіроўку ў Дрэздэне. Ацалела толькі невялікая торбачка.
Перад кожным прадметам тут можна стаяць гадзінамі. Маўчаць. Ці маліцца. Храм.
«Былі дзве найважнейшыя рэчы ў лагерах: тытунь, бо яго можна было паліць і тым раздзяляць свой страшны дзень на кавалкі, і боты, якія часта кралі», — вядзе аповед нашая экскурсаводка.
Паказвае нам жаўнерскую папяросніцу, зробленую з дрэва: на адным баку апранутая жанчына, на другім — аголеная. «Гэта ж зусім маладыя мужчыны былі, з 17 гадоў…» — паясняе Святлана.

«Гаспадар гэтага плашча часам прыходзіць сюды»
Святлана распавядае, што польскія паліцыянты, якіх замардавалі ў Медным, амаль усе былі ў сініх плашчах. Калі падчас эксгумацыі выкопвалі зямлю, яна была сіняга колеру.
«Вось адзін з такіх плашчоў паліцыянта, расстралянага ў Медным. І ведаеце што, гаспадар гэтага плашча часам прыходзіць сюды. Мы бачым ягоную цень. Не верыце?.. Прыходзілі больш, калі яшчэ ўсе экспанаты былі зваленыя ў кучу на Форце «Садыба» (там экспанаты знаходзіліся да 2015 года — рэд.). Ім, відаць не падабалася, што іхныя рэчы ляжаць абы-як. А з моманту, калі ў кожнай рэчы з'явілася сваё месца, перасталі прыходзіць, далі спакой. Толькі вось гэты чалавек час ад часу прыходзіць адведваць», — на поўным сурʼёзе кажа Святлана.
«Прыгожую легенду вы прыдумалі», — заўважаем.
«Якую легенду?.. — троху крыўдзіцца наш гід. — Я сама крокі чула. Нікога няма, а крокі ёсць. Сама не бачыла, але іншыя людзі бачылі, і нават цень ягоны адзін раз наш фатограф зняў. Гэта ніякая не легенда!»
«Не страшна табе тут працаваць?» — пытаемся.
«Не, таму што гэта былі пераважна вельмі добрыя людзі, якія згінулі і якім ніколі не была аддадзеная справядлівасць. А я ж ім служу! І яны мяне не пакрыўдзяць. Я б, хутчэй, баялася энкавэдэшных катаў, жывых і мёртвых. Вось, і яшчэ тут некалькі цікавых рэчаў, хадзіце пакажу», — прапануе Святлана.
Паказвае куртачку ўлана і свой любімы экспанат, які называе «катынскай плашчаніцай». Белая майка, але…
«Тлушчавоск пранік праз пазванкі маладога хлопца і пакінуў ад іх адбіткі — такія матылькі смерці… Гэты адбітак мне проста кроў у жылах марозіць», — прызнаецца Святлана.

Сходамі вечнасці — да нармальнага польскага жыцця
…З галерэі катаў, якую хочацца як хутчэй пакінуць, выходзім на свежае паветра. І трапляем у… «Тунэль смерці». Далей — «Галерэя адсутных», абапал якой спрабуюць ужо расцвітаць пралескі. Так прадугледжана, што ў гэтым месцы могуць цвісці толькі белыя і фіялетавыя кветкі, тлумачыць Святлана. Як сімвалы смутку і жалобы. Галерэя адсутных распавядае пра расстраляных людзей самых розных прафесіяў.
«Катынская Эпітафія». Выявы сімвалаў розных рэлігіяў (дарэчы на вайсковых «несмяротніках» таксама пазначалася веравызнанне). Скрыжалі з прозвішчамі ахвяраў. «Там і твае аднафамільцы ёсць», — глядзіць на мяне Святлана Курс. «Ясна, — адказваю. — Я ведаў, што ёсць». І азіраюся на пустую шыльду беларускага Катынскага спісу… «900 прозвішчаў мы ўжо ведаем», — кажа Святлана. Але каля 3000 — пакуль не. Цені…
Падымаемся ўгару па «Сходах вечнасці», прарэзаных у цытадэльным вале. Польскага мастака і стваральніка інсталяцыяў Ежы Каліну, які прыдумаў канцэпцыю Катынскага музею (пастаянная экспазіцыя была адкрытая ў будынку Варшаўскай цытадэлі ў верасні 2015 года), Святлана называе геніем.
«Ён усё прадумаў, каб паказаць, што расейцы не выйгралі. І тут — абярніцеся! — праз гэты разрэз мы нібы пераскокваем на дарогу, якая вядзе ў нармальнае польскае жыццё, дзе людзі гуляюць, купляюць ежу, сабак выгульваюць, роварамі ездзяць і пʼюць піва на лавачках. А калі паступова падымаешся — нібы з зямлі вырастае крыж. Як сімвал памяці і надзеі…» — тлумачыць Святлана Курс.
Высачэнны крыж пануе над пляцам перад будынкам Катынскага музею. Побач лунаеі дзяржаўны сцяг Польшчы. 13 красавіка тут адбудуцца вялікія ўрачыстасці з нагоды Дня памяці ахвяраў Катынскага расстрэлу. Чакаюць прэзідэнта і міністраў. Будзе гучаць адзін з Катынскіх званоў… Для Святланы гэты дзень будзе гарачым, трэба рыхтавацца…

Абдымаемся, дзякуем і развітваемся. Абарочваемся назад. Злева ад уваходу ў музей стаяць рэплікі так званых «сталыпіных» — вагонаў, у якіх этапавалі вязняў у лагеры ў Казельску, Асташкаве і Старабельску. Інсталяцыя Ежы Каліны называецца «Вагоны-саркафагі». Гэта каменныя, глухія, халодныя скрыні без уваходу, якія стаяць на ржавых рэйках у тупіку.
Трэба, каб засталіся ў тупіку на векі вечныя…
Каментары