Памятаеце асабістага пілота Лукашэнкі, які трапіў у турму? Вось як склаўся яго лёс
Пілот з 35-гадовым стажам Вадзім Мельнік быў прысуджаны да 6 гадоў калоніі, але правёў за кратамі значна менш.

Вадзім Мельнік быў надзвычай важнай персонай на мяжы стагоддзя. Пілотам «Белавія» ён стаў яшчэ за савецкімі часамі, а ў 1990-я лічыўся асабістым пілотам Аляксандра Лукашэнкі. У пачатку 2000-х Мельнік стаў адказваць за ўсё беларускае неба — спачатку як намеснік старшыні Камітэта па авіяцыі (2001-2005), а пасля як старшыня гэтага камітэта (2005-2012). Пры гэтым яшчэ працягваў перыядычна лятаць як пілот.
Пасля гэтага Мельнік стаў дырэктарам авіякампаніі «Трансавіяэкспарт». У гэтым статусе яго і арыштавалі ў красавіку 2015 года. Яго абвінавацілі ў махлярстве і дачы хабару.
Паводле версіі сілавікоў, Мельнік вырашыў скарыстацца тым, што замежнікі хацелі купіць «Трансавіяэкспарт», і прапанаваў свае паслугі, каб быць пасярэднікам — пагаварыць з кім трэба і перадаць грошы каму трэба. Хоць насамрэч, маўляў, не мог ніяк уплываць на сітуацыю.

Былому пілоту прысудзілі 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і адправілі ў віцебскую калонію для чыноўнікаў, сілавікоў і бізнэсменаў. Больш пра Мельніка публічна ніхто не ўзгадваў.
«Кіберпартызаны» падзяліліся з «Нашай Нівай» выпіскай з баз, з якіх можна зрабіць выснову пра тое, што далей адбывалася ў жыцці Вадзіма Мельніка.
За кратамі ён правёў прыкладна палову прызначанага тэрміну. Нічога дзіўнага ў гэтым няма — Мельнік мог патрапіць пад некалькі амністый і ўрэшце атрымаць умоўна-датэрміновае вызваленне. На свабодзе ён апынуўся ў 2018 годзе.

Тады ж яго ўзялі на працу ў кампаніі «Русалан», якая займалася кансультаваннем па пытаннях камерцыйнай дзейнасці і кіравання.
У 2019-2020 Мельнік працаваў у Беларускім навукова-даследчым інстытуце транспарту «Транстэхніка». Далей у базах ёсць пазнака, што ў 2020-2021 ён быў работнікам «Мінсккамунцепласеткі», пасля чаго нарэшце вярнуўся да авіяцыі.
У 2021-2022 Мельнік працаваў у кампаніі «Альфа Арыён», спецыялізацыя якой — вытворчасць беспілотнікаў. А ў 2022 годзе ён выкладаў у Мінскім дзяржаўным вышэйшым авіяцыйным каледжы.
У канцы 2022 года Вадзім Мельнік памёр. Яму было 63 гады.
Каментары