Грамадства1414

У будынку ГУБАЗіКа ў цэнтры Мінска адкрыюць малую сцэну тэатра Янкі Купалы

У сталіцы пачынаюць рыхтавацца да 1000-годдзя горада, якое адбудзецца ажно ў 2067 годзе. Але некаторыя змены мусяць адбыцца ўжо ў найбліжэйшыя гады. 

Замест ГУБАЗіКа ў былым доме віцэ-губернатара будзе тэатр Янкі Купалы. Фота: Гугл Карты

У адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска пачалося грамадскае абмеркаванне праекта «Мінскграда», які мусіць змяніць гістарычны цэнтр горада.

У паведамленні гаворыцца, што матэрыялы праекта будуць даступныя на сайце, але па факце не выкладзена нічога, акрамя нечытэльнай схемы часткі горада. Каб даведацца хоць нешта пра праект, трэба асабіста наведаць адміністрацыю раёна.

Гэта не новы праект, а ўнясенне змен у раней прыняты горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і добраўпарадкавання гістарычнага цэнтра Мінска. 

Нечытэльная схема праекта дэталёвай планіроўкі гістарычнага цэнтра Мінска, выкладзеная на сайце адміністрацыі

Некаторыя змены адносяцца аж да 2067 года, а гэта значыць, што дакумент падрыхтаваны да адзначэння 1000-годдзя Мінска. Нягледзячы на такі сур’ёзны юбілей, у праекце няма нічога рэвалюцыйнага і ўнікальнага, не адчуваецца палітычных амбіцый зрабіць Мінск зноў вялікім.

Збольшага дакумент прапануе касметычныя змены, ствараючы ілюзію працы без рэальнага паляпшэння і выпраўлення старых памылак у гістарычнай гарадской прасторы.

Псеўдагістарычную забудову Зыбіцкай вуліцы можа выправіць толькі татальны знос і навуковая рэгенерацыя гістарычнай забудовы. Горадабудаўнікі ж прапануюць змагацца «сродкамі добраўпарадкавання і гарадскога дызайну». Фота: Wikimedia Commons

У час вайны і яшчэ больш у час хрушчоўскай перапланіроўкі горада Мінск страціў большую частку забудовы, пры гэтым на яе месцы ў некаторых выпадках не з’явілася ўвогуле нічога. Замест аднаўлення страчаных вуліц і забудовы прапануюцца новыя грамадскія прыбіральні і плошча для масавых гулянняў насупраць «Галерэі», дзе яна і так ужо існуе. Ці, напрыклад, прапануецца выправіць забудову Зыбіцкай «сродкамі добраўпарадкавання і гарадскога дызайну».

Ёсць некалькі глабальных ідэй. Горадабудаўнікі ўсё яшчэ не адпускаюць надзею разгрузіць ад транспарту Верхні горад, пабудаваўшы тунэль пад плошчай Свабоды. На рэалізацыю гэтага плану быў рэальны шанец у 2022 годзе, калі абваліўся пуцеправод цераз Нямігу, але ім не скарысталіся, а ў аўральныя тэрміны па загадзе Лукашэнкі пабудавалі новы мост.

Думаюць і пра тое, як звязаць разрозненыя кавалкі гістарычнага цэнтра ў адно цэлае. Плануюць зменшыць шырыню праезных частак вуліцы Няміга і вуліцы Багдановіча, пад апошняй пусціць працяг вуліцы Зыбіцкай у бок Замчышча. Таксама плануюць аднавіць планіроўку Нова-Мясніцкай вуліцы, якая калісьці агінала валы замка, і прапусціць яе праз падземны тунэль, працягнуўшы ад Ракаўскага прадмесця да Замчышча. Ідэя злучыць Верхні горад, Траецкае прадмесце і Замчышча пешаходнымі мастамі ўжо часткова рэалізуецца.

У горадзе ўпарта хочуць адбудаваць браму Менскага замка, выгляд якой — нічым не падмацаваная фантазія

На Замчышчы ўсё яшчэ плануюць стварыць музейны комплекс з аднаўленнем абаронных збудаванняў і замкавай брамы старажытнага Менска.

Пра тое, як выглядалі сцены і брама Менскага замка, невядома нічога. Усе рэканструкцыі грунтуюцца на фрагментах ніжніх вянцоў зрубаў, якія захаваліся ў зямлі. У беларускай навуковай традыцыі, следам за савецкай, гэтыя парэшткі, як мы пісалі раней, відаць, інтэрпрэтуюць памылкова. Аднаўленне такіх аб’ектаў —гэта найчысцейшая фантазія, шкодная для навукі. 

На тэрыторыі Ніжняга рынку (цяпер плошча 8 Сакавіка) плануюць аднавіць гістарычную планіроўку і забудову «па выніках комплексных навуковых даследаванняў і вынікаў конкурсу праектаў». Але раней улады аддавалі перавагу не дэталёваму і навукова абгрунтаванаму праекту рэгенерацыі для гэтай тэрыторыі ад Таварыства аховы помнікаў, а вясёламу «балаганчыку» аўтарства Сяргея Багласава.

Супастаўленне праектаў аднаўлення Замчышча і Нізкага рынку з «балаганчыкам», якія прэзентаваліся раней, і абрысаў гістарычнай забудовы (жоўтым), якая рэальна існавала ў гэтым месцы

Большасць гэтых змен аднесены на далёкую перспектыву, на перыяд пасля 2030 года. Але ёсць і некалькі цікавых рэчаў, якія мусяць быць рэалізаваны ўжо ў наступныя пяць гадоў. 

Напрыклад, сумнавядомаму ГУБАЗіКу давядзецца пакінуць свой будынак па Рэвалюцыйнай вуліцы, 3, бо яго плануюць рэканструяваць пад малую сцэну тэатра імя Янкі Купалы. Для гэтага да былога дома мінскага віцэ-губернатара зробяць прыбудову з двара. 

У дварах ГУБАЗіКа і архікафедральнага сабора Найсвяцейшай Дзевы Марыі хочуць разбіць выставачны сквер. Побач пашыраць майстэрню-музей скульптара Івана Міско. Яшчэ адзін музей — гісторыі развіцця харчовай прамысловасці — збіраюцца адкрыць у доме па Ракаўскай вуліцы, 30.

Фрагмент схемы з праекта. Гістарычныя дамкі па Шпалерным завулку ідуць пад знос

Цудам ацалелыя даваенныя дамкі на Шпалерным завулку, які таксама знаходзіцца ў межах гістарычнага цэнтра, пойдуць пад знос. Завулак працягнуць да вуліцы Мельнікайце і пабудуюць там офісы і жылы дом з падземным паркінгам. 

Грамадскае абмеркаванне праходзіць з 9 красавіка 2025 па 24 красавіка 2025 года. Матэрыялы для азнаямлення прадстаўлены ў фае 1-га паверху будынка адміністрацыі Цэнтральнага раёна, на сайце іх няма. Заўвагі і прапановы ў пісьмовай форме з пазнакай «грамадскія абмеркаванні» будуць прымацца па 24 красавіка 2025 года ўключна па адрасе: 220004, г. Мінск, вул. Мельнікайце, 6.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары14

  • %
    11.04.2025
    Адразу ў карцэры ?
  • Мх
    11.04.2025
    "Цудам ацалелыя даваенныя дамкі на Шпалерным завулку, які таксама знаходзіцца ў межах гістарычнага цэнтра, пойдуць пад знос. Завулак працягнуць да вуліцы Мельнікайтэ і пабудуюць там офісы і жылы дом з падземным паркінгам. " вось уся сутнасць "рэканструкцыі".
  • сюр
    11.04.2025
    Правильное положение занавеса - закрыто

Цяпер чытаюць

«Памеры палохаюць». Як выглядае знутры новаадкрыты гандлёвы цэнтр у «Мінск-Свеце» ФОТЫ6

«Памеры палохаюць». Як выглядае знутры новаадкрыты гандлёвы цэнтр у «Мінск-Свеце» ФОТЫ

Усе навіны →
Усе навіны

Ці забярэ камп'ютар вашу працу і калі робаты пачнуць мыць за нас посуд? Распыталі эксперта пра штучны інтэлект2

Шрайбман дапускае ахалоджванне адносін паміж Лукашэнкам і Пуціным7

Выбух у доме ў Маскве — ёсць загінулыя4

Беларуска вярнулася ў вёску пасля 20 гадоў жыцця ў Аўстрыі і робіць казіны сыр9

У Мінску закрылася вядомая пельменная2

Трамп паабяцаў, што не збіраецца балатавацца на трэці тэрмін8

Пасажыры самалёта ўпалі ў балота з алігатарамі і правялі там два дні. Як яны выжылі?1

Пад Магілёвам зносяць недабудаваны храм, які абаранялі расійскія чарнасоценцы11

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе прайшлі затрыманні сярод кіраўніцтва3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Памеры палохаюць». Як выглядае знутры новаадкрыты гандлёвы цэнтр у «Мінск-Свеце» ФОТЫ6

«Памеры палохаюць». Як выглядае знутры новаадкрыты гандлёвы цэнтр у «Мінск-Свеце» ФОТЫ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць