У Бярозаўскім раёне 33-гадовага мясцовага жыхара абвінавачваюць у саматужным вырабе агнястрэльнай і пнеўматычнай зброі, а таксама ва ўтрыманні выбуховых рэчываў. Зброю ён зрабіў на 3D-прынтары. Яна прыдатная да стральбы.

Паводле матэрыялаў справы, мужчына сканструяваў 9-міліметровы пісталет-кулямёт з дапамогай 3D-прынтара і слясарных інструментаў. Большасць дэталяў зброі былі надрукаваныя з пластыку. Металічнымі засталіся толькі ствол, некалькі спружын, баёк і выкідальнік — усё зробленае з падручных матэрыялаў.
У канструкцыі прысутнічае рэгуляваны тэлескапічны прыклад, лазерны паказальнік, а таксама глушыцель — таксама надрукаваны на прынтары.
Эксперты пацвердзілі, што створаная мадэль з'яўляецца прыдатная да стральбы.
Акрамя гэтага, абвінавачваны самастойна мадыфікаваў пнеўматычную вінтоўку — устанавіў замест спружыны баявую газавую спружыну, пераўтварыўшы яе ў магутную спружынна-поршневую зброю, піша пракуратура.
На допыце мужчына заявіў, што вырабляў зброю і боепрыпасы «з асабістай цікавасці».
Справу перадалі ў суд. Мужчына знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Каментары