Цяжарную мінчанку асудзілі за працу вэбкам-мадэллю. Яна вінная дзяржаве 378 тысяч даляраў
У сакавіку 2024 года ў Мінску прайшоў суд над жанчынай, якую абвінавацілі ў распаўсюдзе парнаграфіі праз сайт з эратычнымі трансляцыямі. Сама яна не адмаўляла, што «падзарабляла» там, аднак не пагадзілася з сумай, якую ёй налічылі ў якасці злачыннага даходу. Дэталі гэтай гісторыі «Люстэрка» даведалася з прысуду, апублікаванага ў банку судовых рашэнняў.

Алена жыла ў Мінску і ладзіла эфіры на папулярным сайце для дарослых, які размяшчае эратычныя відэачаты з мадэлямі. Як вынікае з судовага дакумента, нехта паведаміў пра гэта ў аператыўна-дзяжурную службу Пухавіцкага РАУС. Супрацоўнік міліцыі Андрэй зайшоў на сайт, знайшоў там 86 эратычных відэа і высветліў, хто канкрэтна быў у кадры.
Пасля гэтага сілавікі прыйшлі ў мінскую кватэру Алены. Там яны знайшлі абсталяванне для здымак: кальцавую лямпу са штатывам і відэакамерай, ашыйнік і разнастайныя сэкс-цацкі, у тым ліку кіраваныя з адлегласці.
Падчас агляду ноўтбука мінчанкі знайшлі старонку на сэрвісе для эратычных трансляцый з яе акаўнтам, у які быў выкананы ўваход. У інфармацыі профілю было сказана, што агульны час анлайн склаў 10 283 гадзіны 37 хвілін 31 секунду (гэта больш за 420 сутак, калі трансляваць бесперапынна).
Праўда, за які гэта перыяд, у рашэнні суда не гаворыцца. У акаўнце быў таксама пазначаны даход — 378 021 даляр. З іх 42 даляры значыліся нявыплачанымі. Пасля «агляду» сілавікі выдалілі яго.
Жанчыну судзілі паводле ч. 2 арт. 343 КК (Трансляцыя парнаграфічных матэрыялаў, учыненая з карыслівых меркаванняў асобай, якая дасягнула васямнаццацігадовага ўзросту).
На момант пачатку паседжанняў Алена была цяжарная і працавала спецыялісткай аддзела продажаў адной з мінскіх арганізацый. Жанчыну не затрымлівалі, яна была на волі пад асабістым паручальніцтвам.
Падчас працэсу былая мадэль часткова прызнала віну і чыстасардэчна раскаялася, гаворыцца ў судовым дакуменце. Яна не адмаўляла, што мела зносіны праз сайт з рознымі людзьмі і транслявала ім парнаграфічныя сцэны. Алена таксама паведаміла, што акаўнтаў у яе было два, імі карысталася толькі яна, нікому пароляў не перадавала.
Аднак свой даход беларуска ацаніла значна больш сціпла. Алена так апісала эканоміку «працы»: незнаёмыя «данацілі» ёй праз сайт, пасля адміністрацыя пляцоўкі пералічвала крыптавалюту на кашалькі мадэлі. А далей «незнаёмыя асобы» дапамагалі пераводзіць даход у наяўныя даляры. Паводле Алены, такім чынам яна атрымала каля 15 тысяч даляраў.
На паседжанні таксама выступіў сведка Віктар, які, відавочна, здаваў Алене кватэру. Ён заявіў, што жыллё належыць яго маці, а ў ёй жылі знаёмыя жанчыны (роля другой у гэтай гісторыі няясная). Віктар адзначыў, што ніхто не пытаў у яго дазволу на здымку відэа ў кватэры. Пра ўсё, што здарылася, ён даведаўся ад суседзяў ужо пасля таго, як туды з ператрусам прыйшлі сілавікі.
Эксперт прааналізаваў відэазапісы з удзелам Алены і канстатаваў, што гэта парнаграфія. Суд палічыў яе віну даказанай, а паказанні жанчыны «што да нязгоды з сумай атрыманага даходу» — неабгрунтаванымі, «бо яны абвяргаюцца пісьмовымі матэрыяламі справы».
У выніку яе асудзілі на два гады пазбаўлення волі, але з адтэрміноўкай на два гады.
Суд пастанавіў забраць у даход дзяржавы ўсю суму, якую палічыў заробкам, — 378 020 даляраў. Яе пералічылі ў беларускія рублі паводле найменшага курса Нацбанка, які адносіцца да перыяду яе працы — атрымалася 797 056 рублёў. Мяркуючы з абменнага курсу, гаворка ішла пра студзень 2020 года (дакладныя даты ў рашэнні схаваныя).
Праўда, саміх гэтых грошай, відаць, ніхто не бачыў: у прысудзе сказана, што «названыя грашовыя сродкі не былі выяўленыя і канфіскаваныя падчас папярэдняга расследавання». Тым не менш жанчына абавязаная выплаціць іх дзяржаве.
Для «забяспечання выканання прысуду» пад арыштам пакінулі яе банкаўскія рахункі, а таксама смартфон, фен і электрашчыпцы. «Працоўны» ноўтбук пастанавілі забраць ва ўласнасць дзяржавы (і сцерці ўсю інфармацыю), а сэкс-цацкі — знішчыць.
Каментары