У кобрынскай бальніцы патлумачылі, чаму ў ёй немэтазгодна мець свой апарат МРТ. Жыхары не згодныя
Падчас сустрэчы з працоўным калектывам прадпрыемства «ВЕЛПАК-Кобрын» намесніца галоўнага ўрача Кобрынскай ЦРБ Алла Волатаўская заявіла, што ўстаноўка апарата МРТ у Кобрыне пакуль не плануецца. Па яе словах, мэтазгодней накіроўваць людзей у брэсцкія ці баранавіцкія цэнтры, дзе ўжо ёсць такія апараты, піша BG.Media.

Доктарка патлумачыла гэта тым, што за год у раёне праводзіцца толькі каля 600 такіх даследаванняў, і гэта недастаткова для апраўдання закупкі і ўтрымання апарата.
Аднак жыхары Кобрына сустрэлі гэтае тлумачэнне скептычна. Яны адзначаюць, што чаканне бясплатнага МРТ доўжыцца 2-3 месяцы, а пры падазрэнні на анкалогію — да 45 дзён. Людзі скардзяцца, што за гэты час хвароба можа значна пагоршыцца.
Некаторыя расказваюць, што вымушаныя звяртацца ў платныя клінікі, бо столькі чакаць няма магчымасці.
У інтэрнэце карыстальнікі крытыкуюць рашэнне не ўсталёўваць МРТ у горадзе, адзначаючы, што ранняя дыягностыка жыццёва важная, асабліва пры сур’ёзных захворваннях, і што 80 тысяч насельніцтва раёна заслугоўваюць доступу да такой тэхнікі.
Каментары