Раніцай 24 мая Дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыях паказала наступствы варожай камбінаванай атакі на Кіеў.

У ноч на 24 мая Кіеў ізноў апынуўся пад расійскім абстрэлам з прымяненнем БПЛА і балістычных ракет. Ратавальнікі ліквідуюць наступствы адразу ў некалькіх лакацыях горада, піша «Украінская праўда».
У Саламянскім раёне ўзнік пажар у кватэрах на 4 і 5 паверхах жылога пяціпавярховага дома.
Пажар быў ліквідаваны сіламі 30 супрацоўнікаў і 8 адзінак пажарна-выратавальнай і спецыяльнай тэхнікі. З дапамогай ратавальнага каптура быў выратаваны мужчына, якога з папярэднім дыягназам — атручэнне прадуктамі гарэння — перадалі медыкам.
У Абалонскім раёне загарэліся балконы ў дзевяціпавярховым доме на ўзроўні 3, 4, 5 і 6 паверхаў.
Ратавальнікі эвакуявалі на свежае паветра трох чалавек, яшчэ чацвёра звярнуліся па медыцынскую дапамогу з папярэднім дыягназам — вострая стрэсавая рэакцыя.
У Святошынскім раёне ў аднапавярховым нежылым будынку для захоўвання лакафарбавых матэрыялаў у выніку расійскай атакі таксама адбыўся пажар. Работы працягваюцца.
Каментары