Міністэрства фінансаў ЗША паведаміла, што спыняе вытворчасць аднацэнтавых манет (пенні) і не будзе больш запускаць іх у абарачэнне, піша CNN.

Апошнюю партыю загатовак для пенні ўжо заказалі, і манеты будуць вырабляцца толькі да таго часу, пакуль яны не скончацца. Людзі змогуць працягваць карыстацца наяўнымі пенні, але новыя манеты ў абарот не паступяць. У будучыні, пры наяўных разліках, сума будзе акругляцца да найбліжэйшай паводле наміналу пяціцэнтавай манеты.
Прычына спынення выпуску пенні — эканамічная: вытворчасць аднаго каштуе больш за тры цэнты, што ўтрая перавышае намінальны кошт манеты. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп яшчэ ў лютым заявіў, што гэта «марнатраўства», і распарадзіўся спыніць вытворчасць. Ён заклікаў «прыбраць марнатраўства з бюджэту, нават калі гэта — па адным пенні за раз».
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША мяркуе, што гэта рашэнне дазволіць ашчадзіць 56 мільёнаў даляраў у год. Але ёсць нюанс: вытворчасць пяціцэнтавых манет (нікеляў) яшчэ даражэйшая — каля 13,8 цэнта за адзінку. Калі спыняць выпуск пенні, то колькасць нікеляў у абароце, хутчэй за ўсё, давядзецца павялічыць, і гэта можа перакрэсліць усялякую эканомію.
Але ў той жа час прынамсі частка экспертаў і гандляроў падтрымліваюць ідэю — на практыцы пенні мала хто выкарыстоўвае, многія амерыканцы пакідаюць іх у банках ці проста кідаюць. Гандлёвыя сеткі адзначаюць, што адмова ад пенні паскорыць апрацоўку наяўных разлікаў.
Раней падобную аперацыю зрабіла суседняя Канада. Гэтая краіна спыніла выпуск сваіх пенні ў 2012 годзе, а з 2013-га цалкам вывела іх з абарачэння.
Каментары