Беларуска Дар'я Бірнштыль, якая жыве ў Германіі, узяла ўдзел у здымках нямецкага тэлесерыяла «Усё, што мае значэнне», які выходзіць на тэлеканале RTL. Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе канала, піша сайт «Беларусь и мир».

Серыял, які на нямецкай мове мае назву Alles was zählt, транслюецца з 2006 года, і колькасць эпізодаў да цяперашняга моманту наблізілася да 5 тысяч. Мыльная опера расказвае пра фігурнае катанне і фігурыстаў, дзеянне пабудавана вакол спартыўнага цэнтра, якім валодае выдуманая сям'я Штайнкамп.
Наша суайчынніца згуляла ролю Лары Брант — амбіцыйнай фігурысткі, якая хоча любой цаной стаць уладальніцай тытула чэмпіёнкі Еўропы. Роля запатрабавала ад актрысы рэальных уменняў катання на лёдзе, у тым ліку ў пары. Як сказана ў прэс-рэлізе, для гэтага яна трэніравалася да 5 разоў на тыдзень.
Па даных з асабістага сайта Дар'і Бірнштыль, яна нарадзілася ў 1994 годзе ў Мінску і мае дзявочае прозвішча Грыцюк. Валодае рускай, нямецкай, англійскай і французскай мовамі. Захапляецца фігурным катаннем і таэквандо.
З 2014 па 2017 гады дзяўчына праходзіла навучанне ў міжнароднай школе драмы і акцёрскага майстэрства ISSA ў Мюнхене, атрымаўшы адпаведны дыплом.
З работ у кіно пазначаная адна з галоўных роляў — Сабіны — у фільме жанру дакументальнай драмы «Шэры — гэта не колер» (Grau ist keine Farbe), знятай у 2019 годзе. Гэтая карціна расказвае пра праблему дэпрэсіі ў падлеткаў. Праект выклікаў вялікі грамадскі рэзананс, стужку паказвалі ў школах і парламенце Баварыі.
Таксама Дар'я знялася ў вялікай колькасці тэлефільмаў і рэкламных ролікаў. Акрамя таго, выступала як фотамадэль, з'яўлялася ў Vogue, Glamour, Cosmopolitan.
Каментары