Як працуе Беларуская акадэмія: еўрапейская адукацыя на роднай мове
Пачаўшыся як грамадская ініцыятыва ў адказ на хвалі рэпрэсій супраць беларускай адукацыі, «Беларуская акадэмія» вырасла ў паўнавартасны філіял навучальнай установы ў Польшчы. Яна прапануе еўрапейскую адукацыю на роднай мове, падтрымлівае студэнтаў і навукоўцаў у рэлакацыі і адкрывае шлях да дыпломаў, прызнаных у ЕС.

З ініцыятывай стварэння асяроддзя, якое дапаможа як захаваць акадэмічную супольнасць Беларусі, акадэмічныя свабоды і традыцыі, так і прадставіць магчымасці беларускай моладзі атрымаць вышэйшую адукацыю па еўрапейскіх стандартах на роднай мове, у 2020 годзе выступіла прафесарка Святлана Сяльверстава.
Святлана сама пацярпела ад рэпрэсій — яшчэ ў 2014 годзе яна была звольненая з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аднак без працы не засталася — стала прафесаркай Беластоцкага тэхнічнага ўніверсітэта Politechnika Białostocka. Жанчына прыклала шмат намаганняў, каб знайсці фінансаванне і пляцоўку.

Сваю працу «Беларуская акадэмія» пачала 9 кастрычніка 2020 года. Заняткі стартавалі вясной 2021-га. Тэхналогіі анлайн-навучання аб’ядналі выкладчыкаў і студэнтаў з розных краін. Першай спецыяльнасцю, на якую адкрылі набор, стала «адміністраванне ў дзяржаўных органах і бізнэсе». Пазней дадалася «эканоміка» са спецыялізацыяй «менеджмент і медыяцыя».
Цяпер у «Беларускай акадэміі» працуе каля 50 выкладчыкаў, у тым ліку звыш 10 дактароў навук. За чатыры гады было праведзена чатыры наборы студэнтаў на першую ступень адукацыі і два — для магістарскай праграмы, адбыўся першы выпуск, арганізавана чатыры міжнародныя канферэнцыі, выдадзена чатыры нумары навуковага рэцэнзаванага часопіса.
З мая 2024 года «Беларуская акадэмія» атрымала новы статус. З грамадскай ініцыятывы яна пераўтварылася ў Беластоцкі філіял Вышэйшай школы кадраў менеджменту ў Коніне — фактычна асобны факультэт.

Як адзначае прафесарка Сяльверстава, цяпер Акадэмія мае права афіцыйна весці набор, самастойна арганізоўваць вучэбны працэс. Пры гэтым яна ўваходзіць у структуру польскай вышэйшай школы, падпарадкоўваецца польскаму заканадаўству і ім жа абароненая.
Навучанне на другой ступені карыстаецца значнай папулярнасцю сярод беларусаў, якія ўжо маюць беларускія дыпломы аб вышэйшай адукацыі, але не могуць іх настрыфікаваць. Пасля двух гадоў навучання, якое, заўважым, праводзіцца на рускай ці беларускай мове, магістры атрымліваюць польскі дыплом, наяўнасць якога істотна палягчае доступ да рынку працы і легалізацыі.
Магчымасць атрымання еўрапейскай адукацыі на роднай мове — істотная перавага «Беларускай акадэміі». Як вядома, польскія ВНУ ўвялі больш жорсткія патрабаванні для замежных студэнтаў: цяпер патрабуецца пацвярджэнне валодання мовай навучання (польскай ці англійскай) на ўзроўні не ніжэй за В2.
Пры гэтым у дыпломе, які атрымлівае выпускнік Беластоцкага філіяла Вышэйшай школы кадраў менеджменту ў Коніне, пазначана, што навучанне вялося на «рускай / беларускай / польскай» мовах. Гэта дае права яго ўладальніку не здаваць экзамен па польскай мове, які звычайна патрабуецца пры атрыманні грамадзянства.
Акадэмія дапамагае навукоўцам, выкладчыкам і студэнтам атрымліваць гранты на даследаванні і навучанне, праходзіць стажыроўкі па праграмах абмену Erasmus, MOST, SALT а таксама ўдзельнічаць у праграмах рэлакацыі. Напрыклад, цяпер робяцца захады па дапамозе студэнтам, што пражываюць у Грузіі і Казахстане, пераехаць у Польшчу.
«Беларуская акадэмія» пакуль невялікая — усяго пяць груп, з якіх дзве — магістарскія. Пры гэтым яна пачала супрацоўнічаць з Аб’яднаннем украінскіх школ за мяжой, заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам. Адным з вынікаў гэтай супрацы павінна стаць сумесная падрыхтоўка магістраў па спецыяльнасці «эканоміка», а таксама сумесная праграма МВА.
Беластоцкі філіял Вышэйшай школы кадраў менеджменту ў Коніне («Беларуская акадэмія») ужо вядзе набор на новы навучальны год па спецыяльнасці «адміністраванне ў дзяржаўных органах і бізнэсе» на першую і другую ступень навучання. Сканы дакументаў можна даслаць па электроннай пошце. Пры гэтым не патрабуецца даведка аб настрыфікацыі і дакумент, які падцвярджае валоданне польскай мовай.
Больш падрабязную інфармацыю пра неабходныя дакументы і кошт навучання можна атрымаць на афіцыйным сайце.
Каментары
Што замінае?