Мінчук хацеў правучыць «хамa» ў трамваі, але чамусьці ўдарыў каленам у нос школьніцу
У Мінску ў суд накіравалі крымінальную справу ў дачыненні да 46-гадовага мужчыны, абвінавачанага ў хуліганстве. Як паведамілі Мінск-Навінам у пракуратуры Партызанскага раёна, інцыдэнт адбыўся ў трамваі маршруту №6.

Увечары абвінавачваны ехаў у грамадскім транспарце і заўважыў пажылога пасажыра, побач з якім на сядзенні знаходзіўся малады чалавек. Мужчыну падалося, што той не саступае месца пенсіянеру. Ён зрабіў заўвагу, але, не атрымаўшы рэакцыі, раптам ударыў «крыўдзіцеля» каленам у нос і выйшаў з трамвая.
І тут нечаканы паварот у гісторыі: аказалася, мужчына ў парыве гневу нават не разгледзеў, што б'е не хлопца, а дзяўчыну, прычым непаўналетнюю. Школьніца ехала ў трамваі на трэніроўку.
Па яе словах, яна не рэагавала на заўвагі, бо не хацела правакаваць канфлікт, ды і ў салоне былі вольныя месцы. Пасля ўдару ў дзяўчыны пайшла кроў з носа. Яна выйшла на наступным прыпынку і патэлефанавала маці, пасля чаго тая звярнулася ў міліцыю.
Асобу нападніка ўстанавілі па запісах камер відэаназірання, устаноўленых у трамваі. У дачыненні да мужчыны завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 339 КК РБ (хуліганства).
Па словах намесніка пракурора Партызанскага раёна Цімура Стужука, абвінавачваны не працуе афіцыйна і раней не быў судзімы. Ён прызнаў сваю віну і раскаяўся ў зробленым. Суд абраў яму меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе.
Каментары