Грамадства22

«Не хацеў трапіць пад патэнцыйную мабілізацыю». Кім адчувае сябе беларуская моладзь за мяжой і як шукае сябе

За апошнія гады шмат беларускай моладзі пакінула краіну — з-за страху пераследу, магчымай мабілізацыі, жадання вучыцца за мяжой ці быць з сябрамі, якія таксама з'ехалі. Кім яны адчуваюць сябе за мяжой, ці звязваюць сваю будучыню з Беларуссю, пра што турбуюцца? Расказваюць яны самі. Развагі маладых людзей апублікаваў праект «1906». Мы перадрукоўваем іх.

Яраслаў, 22 гады, мастак і студэнт Варшаўскай акадэміі мастацтваў

Пераехаў у Варшаву ў 2022 годзе.

Я малюю пейзажы, партрэты, раблю калажы, здымаю свой падкаст пра мастацтва, які называецца «Калякі-Малякі». А сам я родам з Гародні і з’ехаў 26 лютага 2022 года праз тое, што пачалася вайна і я не хацеў трапіць пад патэнцыйную мабілізацыю.

Я паехаў у Польшчу, але гэта не быў мой першы досвед у гэтай краіне: я з дзяцінства ездзіў сюды на месяц летам, па сямейных абставінах. Таму для мяне было натуральным тут апынуцца. 

На пачатку я пераехаў у Аўгустоў, там пражыў 7 месяцаў, потым паступіў у Акадэмію мастацтваў і пераехаў у Варшаву. Менавіта ў Варшаве пачаўся сапраўдны пошук сябе, бо тут я пачаў самастойнае жыццё без бацькоў. 

Я лічу сябе беларусам і падмацоўваю гэта ў сваім мастацтве, але зараз хачу, каб яно мела больш інтэрнацыянальны характар з адценнем беларускасці.

Для сябе я падзяляю Беларусь на фізічную і культурную краіну. Мне бракуе фізічнай Беларусі, бо гэтыя месцы з’яўляюцца часткай мяне, але культурная Беларусь збольшага эмігравала і цяпер сканцэнтравана ў польскіх і іншых гарадах Еўропы. Тое, што засталося ў Беларусі і звязанае з «афіцыйнай наменклатурнай эстэтыкай», мяне не вабіць. 

Быць маладым беларусам для мяне — гэта значыць даследаваць культуру сваіх папярэднікаў, натхняцца гэтым і рабіць новае, бо, як паказвае гісторыя, шмат важных рэчаў і падзей, якія ўплывалі на нашу краіну, адбывалася па-за межамі Беларусі.

Я перапрацоўваю і сублімую перажыты досвед у Беларусі ў творчасць. Я адчуваю, што адной нагой я знаходжуся ў польскім грамадстве.

Адным з самых вялікіх выпрабаванняў за тры гады эміграцыі быў асабісты і творчы крызіс. Ён адбыўся пасля маёй персанальнай выставы ў акадэміі, пасля чаго я не мог стварыць на працягу года нармальнай жывапіснай працы. Падчас гэтага крызісу была пагроза адлічэння з акадэміі праз ангельскую мову, але я здаў экзамен. Важным каталізатарам для крызісу было «разбітае сэрца пацана», у выніку чаго я пагаліўся.

Сувязь з Беларуссю я падтрымліваю праз размову на беларускай мове, сувязь з дыяспарай, знаходжанне ў культурным кантэксце Беларусі і сярод беларусаў.

У эміграцыі я вучуся быць самастойным і самадастатковым чалавекам, развівацца ў мастацтве, набываю сацыяльныя, менеджарскія і побытавыя скілы.

Лана, 25 гадоў, афіцыянтка

Пераехала ў Варшаву ў 2023 годзе.

Да ад'езду я працавала афіцыянткай, у вольны час бачылася з сябрамі, вучыла ангельскую і гуляла ў Sims.

Я з'ехала па шчаслівай выпадковасці. У чэрвені 2022 года я прыязджала да сяброў у Варшаву і гэта былі цудоўныя два тыдні. Я пабывала на класных мерапрыемствах, сустрэлася з вялікай колькасцю людзей, якіх не бачыла з 2020 года. Пасля паездкі падзялілася ўражаннямі са сваёй сям'ёй, і ў снежні 2022 года, пасля звальнення з працы, мой айчым прапанаваў аплаціць мне візу і падтрымаць мяне фінансава ў першы месяц пераезду. Ад мяне патрабавалася толькі знайсці працу і жыллё.

Пасля пераезду першае, на што я звярнула ўвагу, — гэта тое, як шмат людзей з абмежаванымі магчымасцямі на вуліцах. І гэта не таму, што ў Мінску такіх людзей менш, а таму што безбар'ернае асяроддзе ў Варшаве развіта нашмат лепш. Яшчэ здзівіла колькасць жывых раслін на вуліцы і крамы поўнага самастойнага абслугоўвання.

Цяпер я адчуваю сябе грамадзянкай свету, таму што ў мяне няма ніводнага пашпарта, і эмігранткай. 

Маё стаўленне да Беларусі не змянілася, гэта ўсё яшчэ мой дом, мая сям'я там, я люблю сваю краіну і жадаю ёй толькі лепшага.

Быць маладой беларускай — гэта шукаць плюсы нават у самыя цяжкія часы, паважаць навакольных людзей, не смеціць на вуліцах і быць добрай да ўсіх, пакуль атрымліваеш гэта ж узамен. 

Адаптацыя прайшла для мяне даволі лёгка, праз два месяцы пасля пераезду ў мяне ўжо была праца і жыллё. Як той казаў, не май сто рублёў, а май сто сяброў. Так што дзякуючы ім я пазбегла велізарнай колькасці стрэсу, з якім сутыкаюцца эмігранты напачатку.

Часткай польскага грамадства я сябе не асабліва адчуваю, а вось часткай дыяспары — так. Я пераехала ў той час, калі ўсе мае сябры былі ўжо тут, так што праблем з пошукам знаёмстваў, вечарынак ды іншага не было. Плюс маім першым месцам працы была ўстанова, адкрытая беларусамі, так што там я таксама абрасла сувязямі.

Самыя цяжкія моманты на эміграцыі звязаны з сям'ёй і здароўем. Я ненавіджу хварэць, цяпер я жыву адна, і, калі я захварэю, мамы побач няма, якая прынясе табе лекі і супчык, але балазе ёсць сябры, якія ў гэтым не адмовяць. Ну і калі ў маёй сям'і нешта здараецца, мне заўсёды вельмі цяжка ад таго, што я не магу ўмоўна заўтра сарвацца і паехаць у Беларусь, каб дапамагчы ім, і гэта, на жаль, не такая проста развязальная праблема, як з хваробай.

Сувязь з Беларуссю я падтрымліваю праз сваіх сяброў, якія размаўляюць на беларускай і займаюцца актывізмам. Я заўсёды захапляюся людзьмі, якія размаўляюць на роднай мове і нешта робяць для сваёй краін.

Я веру, што я вярнуся, але ўжо як госця. На дадзеным этапе майго жыцця мяне больш прыцягвае перспектыва жыцця ў Еўропе, чым у Беларусі, але я б з вялікім задавальненнем з'ездзіла да сям'і і хаця б тыдзень правяла ў ролі малодшай дачкі, унучкі і сястры.

Мае знаёмыя ў Беларусі не адрозніваюцца ад тых, хто жыве ў Варшаве, аднак яны нібыта больш трывожныя — якія часы такая і моладзь.

На дадзеным этапе жыцця ў мяне няма мары, але ёсць непераадольнае жаданне жыць шчасліва і менавіта так, як я гэтага хачу і як мага даўжэй. І не вінаваціць сябе, калі нешта здараецца ці ідзе не так.

Улад, 27 гадоў, IT-супрацоўнік

Эміграваў у 2020 годзе. Жыў у Тбілісі і Ерэване, цяпер у Варшаве.

Пратэсты 2020 года былі прычынай маёй эміграціі. Тады я думаў, што гэта выбар, а аказалася, што гэта была неабходнасць. У Беларусі засталіся мае сябры. 

Я адначасова адчуваю сябе часткай польскага грамадства, беларусам за мяжой, крыху грамадзянінам свету, і, безумоўна, эмігрантам. Гэтае складанае пачуццё — з аднаго боку, ты ўжо не там, дзе прайшлі твае дзяцінства і юнацтва, з другога, я яшчэ не да канца ўкараніўся тут, у новай рэальнасці. Тым не менш, я лічу, што імкненне знайсці месца, дзе можна свабодна жыць, працаваць і заставацца верным сабе — натуральна для любога чалавека.

Пасля пераезду маё стаўленне да Беларусі стала больш свядомым і глыбокім. Што да стаўлення да сябе — я стаў больш уважліва прыслухоўвацца да сваіх пачуццяў, патрэб і межаў. У той жа час, гэта магчымасць зноўку ўбачыць сябе: не толькі як беларуса, але і як чалавека, здольнага адаптавацца, вучыцца і захоўваць сваю ідэнтычнасць у новых умовах. І пакуль вакол мяне ёсць прастора для росту і свабоды, я застаюся тут, з удзячнай памяццю аб радзіме і надзеяй, што аднойчы яна стане месцам, куды сапраўды захочацца вярнуцца.

Для мяне быць маладым беларусам зараз — гэта адчуваць сябе паміж двума светамі: мінулым і будучым, радзімай і новым домам. Мы вучымся быць гнуткімі і самастойнымі, шанаваць сваі карані і пры гэтым не губляцца ў незнаёмым становішчы. Гэта этап сталення і ўсвядомленага выбару: захоўваць сваю ідэнтычнасць і адначасова рухацца наперад, ствараць будучыню, у якой знойдзецца месца і Беларусі.

Самыя цяжкія моманты ў эміграцыі звязаныя з легалізацыяй, але мне пашанцавала і ў мяне быў чалавек, які мяне вельмі падтрымліваў — гэта мая дзяўчына. 

З пераездам у іншую краіну я стаў больш шанаваць разнастайнасць досведу, вучыцца прымаць змены і знаходзіць радасць у новых адкрыццях. Гэты шлях дапамагае мне развівацца, захоўваючы пры гэтым сувязь з маімі каранямі і прынцыпамі.

Мяне матывуе ўменне шанаваць кожны момант і прымаць жыццё такім, якое яно ёсць. Я стараюся не будаваць вялікіх планаў, а факусавацца на тым, што адбываецца.

Аляксандра, 22 гады, прадпрымальніца, палітычная актывістка

Пераехала ў Польшчу ў 2020 годзе.

Я нарадзілася ў Баранавічах і пражыла там сямнаццаць гадоў. Адразу пасля школы паступіла ў Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве на спецыяльнасць «кагнітывістыка». Дзякуючы гэтаму досведу я зараз займаюся любімай справай — развіваю свой адукацыйны бізнэс. 

Да гэтага я з'яўляюся чаліняй моладзевага нацыянальнага савета РАДА. Вялікую частку майго жыцця займае адвакацыя правоў моладзі і праца над пытаннямі беларускай адукацыі.

Перад выездам я ўжо некалькі гадоў планавала працягнуць навучанне за мяжой. Маёй спецыяльнасці проста не існавала ў Беларусі, а адмаўляцца ад сваёй мары я не хацела. Тады я яшчэ не ведала, што выбар па часе супадзе з неабходнасцю. У 2020 годзе я зразумела, што заставацца ў краіне небяспечна. Такім чынам у верасні я з'ехала ў Польшчу.

Перш за ўсё я беларуска, дзе б я ні знаходзілася. Мая прафесійная дзейнасць уключае ў сябе шмат міжкультурных кантактаў і інтэрнацыянальных мерапрыемстваў. Кожны раз я адчуваю вялікую адказнасць, але і гонар прадстаўляць сваю краіну.

Падаецца, мая любоў да краіны робіцца толькі мацнейшай праз выпрабаванні. Кожны раз згадваю Беларусь з замілаваннем і сумам на сэрцы. Пачала больш цаніць родныя мясціны і ўспаміны адтуль. 

Быць маладой беларускай за мяжой — гэта штодзённы іспыт. Знаходзячыся ў іншамоўным асяроддзі, не забывацца мову, памятаць, хто ты і адкуль паходзіш. Гэта таксама асалода — разумець, што ты маеш сваю мову і сваю культуру, штодня робіш унёсак у яе развіццё і захоўваеш найлепшыя традыцыі продкаў. Як бы гэта ні гучала, але зараз, на мой погляд, маладыя беларусы і беларускі маюць вялікі ўплыў на бачанне Беларусі за мяжой. Краіна гэта не толькі тэрыторыя, — гэта людзі, якія нясуць яе ў сабе ў свет.

Галоўным для мяне заўсёды было слухаць сябе і рабіць усё ў згодзе з сабой. Спрабаваць новае, але не забывацца пра карані. 

Апошнім часам у цэнтры майго жыцця менавіта беларусы і беларускі. Гэта тое асяроддзе, якое адчуваецца як дом. У Польшчы пачуваю сябе камфортна, але менталітэт у нас зусім розны. Гэтая краіна дала мне шмат магчымасцяў, таму я ахвотна ствараю кола сяброў і сябровак з Польшчы і ўключаюся ў лакальныя грамадскія працэсы.

Мяркую, што самыя цяжкія для мяне моманты — размовы з роднымі, якія засталіся ў Беларусі. Моцна па іх сумую, але ведаю, што мы абавязкова пабачымся. Трымае надзея і штодзённая праца. 

На моладзь у Беларусі я гляджу з захапленнем: нягледзячы на ўсе перашкоды, яны далей развіваюцца, навучаюцца і вядуць актыўны лад жыцця. Яны з‘яўляюцца велічэзным патэнцыялам краіны 

Я, напэўна, параіла б сабе больш падарожнічаць па Беларусі, каб магла даць сабе параду перад ад’ездам. Наведваючы зараз невялікія польскія гарады і вёскі, я разумею, як хочацца паглыбіцца ў гісторыі асобных беларускіх мясцін. Мы маем багатую гісторыю, у якую хочацца занурвацца і якой хочацца дзяліцца.

Каментары2

  • выяўлены занураны дрот
    31.05.2025
    Вы б замест таго, каб ужываць рэгіянальныя слоўцы, навучыліся адрозніваць
    ПАТРАПІЦЬ і ТРАПІЦЬ

    патрапіць сов., разг.
    1. (бросив или выстрелив) попасть, угодить;
    2. (метко и кстати сказать) попасть, угадать;
    3. (пройти куда-л.) попасть;
    4. суметь (сделать что-л.);
    5. (сделать что-л. вовремя) угодить, подоспеть;
    6. (сделать по вкусу кому-л.) угодить, потрафить
    ---
    занурвацца - паглыбіцца
    погрузиться
    1) (опуститься) апусціцца
    2) (перен.) агарнуцца (чым) (впасть во что) упасці (у што)
    (потонуть) патануць (у чым)
    (углубиться) паглыбіцца (у што)
    погрузиться в размышления — паглыбіцца ў роздум
  • Litwin
    01.06.2025
    Шлях просты, або стануць еўрапейцамі, напрыклад палякамі, або застануцца рускімі.

Цяпер чытаюць

Памятаеце старажытны шлем з Бабруйска, які Марзалюк абвясціў шлемам сына Рагнеды? Вось што пра яго даведаліся навукоўцы

Памятаеце старажытны шлем з Бабруйска, які Марзалюк абвясціў шлемам сына Рагнеды? Вось што пра яго даведаліся навукоўцы

Усе навіны →
Усе навіны

На наступным тыдні Мерц паедзе на сустрэчу з Трампам

Віктар Ганчарэнка другі год запар прывёў свой клуб да вылету з расійскай прэм'ер-лігі2

Пад Масквой гарыць прадпрыемства, дзе робяць гумовую прадукцыю ВІДЭА

Унікальная магчымасць пабачыць рэчы Барбары Радзівіл і «Бітву пад Оршай»

«Не хацеў трапіць пад патэнцыйную мабілізацыю». Кім адчувае сябе беларуская моладзь за мяжой і як шукае сябе2

Рускамірная актывістка Эльвіра Мірсалімава вінаваціць віцебскія ўлады ў «змагарстве»5

«За паўтара года я ператварылася ў гародніну». Фітнэс-трэнерка захварэла на Балі на невядомую хваробу22

У магілёўскім скверы паставілі экспазіцыю з трох металічных шароў ФОТЫ3

Беларуска паскардзілася, што ў пашпарце яе дачкі не напісалі імя так, яна хацела — Estelle Thandie13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце старажытны шлем з Бабруйска, які Марзалюк абвясціў шлемам сына Рагнеды? Вось што пра яго даведаліся навукоўцы

Памятаеце старажытны шлем з Бабруйска, які Марзалюк абвясціў шлемам сына Рагнеды? Вось што пра яго даведаліся навукоўцы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць