Грузінскі банк адмовіў беларусцы ў правядзенні плацяжу. Тая выклікала паліцыю — і дабілася свайго
Беларусы Грузіі працягваюць сутыкацца з цяжкасцямі. Марына Зялёная — чэмпіёнка свету па тайскім боксе — ужо больш за два гады жыве ў Тбілісі, куды ўцякла ад пераследу на радзіме. Марына падала прашэнне аб прытулку ў Грузіі і на час працэдуры ў яе забралі пашпарт. Надоечы жанчыне спатрэбілася аплаціць судовы збор. Банкі адмовіліся праводзіць плацеж паводле пасведчання просьбіта прытулку. Беларуска не пагадзілася з сітуацыяй і выклікала паліцыю, каб яны зафіксавалі парушэнне ейных правоў, піша «Белсат».

«Кола замкнулася»
Марына Зялёная падала прашэнне аб міжнароднай абароне ў Грузіі на пачатку 2024 года, калі скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта ў ейнага сына. Першая інстанцыя — Дэпартамент міграцыі — адмовіла беларусцы разам з дзіцём у прытулку. Прычына — прызнанне іх абаіх з боку Службы дзяржаўнай бяспекі Грузіі (СДБ) пагрозай нацыянальнай бяспецы.
«Гэта смешна гучыць, што мы з сынам — пагроза бяспецы, але як ёсць, — кажа Марына. — Я, вядома, пайшла ў суд, каб абскардзіць адмову. І я хацела, каб на пасяджэнне прыйшлі супрацоўнікі СДБ ды паглядзелі на тое, якую мы ўяўляем небяспеку для краіны. Але яны ніяк не рэагавалі. Тады я звярнулася да іх з прапановай адмяніць рашэнне. А гэта можна рабіць толькі праз суд, за які мне і трэба было заплаціць дзяржаўны збор».
У Марыны ёсць рахунак у адным з грузінскіх банкаў, але аплаціць збор можна толькі праз адзін з галоўных банкаў — «Bank of Georgia» ці TBC. Дзеля гэтага трэба зарэгістравацца ў банкаўскай сістэме. Аднак абодва банкі адмовіліся гэта зрабіць паводле пасведчання просьбіта прытулку, а ў беларускі патрабавалі пашпарт, які ў просьбітаў прытулку паводле закону забіраюць. Вярнуць пашпарт для рэгістрацыі ў банку немагчыма.
«Кола замкнулася. У банку TBC мне пачалі рэгістрацыю і ветліва прапанавалі пачакаць тыдзень. Я папрасіла паскорыць працэс, і мне паабяцалі даць адказ у найбліжэйшыя тэрміны. Я пайшла ў суседні «Bank of Georgia», але там мне адмовілі ў самым пачатку. Сказалі, што нават не могуць пачаць працэсу паводле гэтага дакументу», — распавядае Марына.
Пасля выкліку паліцыі правялі плацеж і адкрылі рахунак
Беларуска спрабавала размаўляць са службай падтрымкі, аднак там ёй таксама сказалі, што нічога нельга зрабіць. Тады жанчына папрасіла, каб ёй далі пісьмовую адмову, аднак і на гэта ёй сказалі, што не змогуць даць такога дакументу.
«Калі я прайшла ўсе спосабы дамовіцца, я выклікала паліцыю, каб яны склалі пратакол аб парушэнні майго права здзейсніць бюджэтны плацеж і зафіксавалі гэты інцыдэнт. І вы не паверыце — на наступны дзень мне патэлефанавала ветлівая жанчына са службы падтрымкі кліентаў «Bank of Georgia» і мяне зарэгістравалі ў сістэме з магчымасцю аплочваць зборы ў суд», — кажа Марына.

Аналагічна Марыну зарэгістравалі ў банку TBC. Жанчына таксама дамаглася, каб ёй адкрылі рахунак у гэтым банку. У абодвух выпадках беларуска тлумачыла банкаўскім працаўнікам, што такое пасведчанне просьбіта прытулку і чаму паводле яго яна мае права адкрываць рахункі, праводзіць плацяжы і карыстацца іншымі паслугамі.
Цяпер засталося дачакацца прызначэння даты судовага пасяджэння, што, на думку беларускі, можа быць не так хутка, як хацелася б. Па-першае, таму што беларускія кейсы грузінам даводзіцца даволі глыбока вывучаць, бо беларусы прыкладаюць шмат дакументаў, у тым ліку міжнародныя даклады і справаздачы. Па-другое, Марына мяркуе, што такія нязручныя для грузінаў кейсы, як ейны, будуць зацягвацца ў чаканні «змянення сітуацыі, калі ўжо нічога не трэба будзе вырашаць».
Беларуска таксама чакае, калі Тбіліскі гарадскі суд прызначыць пасяджэнне ў ейнай асноўнай справе — скарзе на адмову ў міжнароднай абароне. Марына ўжо прайшла тры інтэрв’ю. Звычайна бывае толькі два, але жанчына зрабілася чальцом Каардынацыйнай рады, што азначала дадатковыя абставіны ў кейсе.
Беларусы ў Грузіі: статыстыка
Станам на 1 студзеня 2025 года ў Грузіі жылі 12 808 беларусаў. З 2021 года ў краіну прыехалі 20 952 асобы, выехалі — 8144. Цягам 2023—2024 гадоў колькасць грамадзян Беларусі ў Грузіі зменшылася больш чым на тысячу чалавек.
За апошнія пяць гадоў, з 2019 да 2024 года, грузінскія ўлады не задаволілі ніводнага прашэння ад беларусаў аб наданні прытулку. Таксама за гэты час адбылося некалькі выпадкаў, калі беларусаў не пускалі ў краіну пасля візарану (выезд за межы краіны, каб абнуліць тэрмін знаходжання).
Паводле звестак грузінскага МУС, у першым квартале 2025 года Грузія адмовіла ў міжнароднай абароне 13 беларусам, у тым ліку двум няпоўнагадовым. Агульная колькасць адмоў з 2019 года — 69, з іх 15 чалавек — няпоўнагадовыя.
Каментары