Беларуска прадала свой тэлефон на польскім сайце, а атрымаць грошы не можа, бо скончыўся яе ДНЖ
Крысціна прадала тэлефон на анлайн-платформе Vinted. На рахунак павінна было прыйсці больш за 1000 злотых (250 еўра), але атрымаць іх беларуска так і не змагла.

Усё таму, што сістэма запытала даныя для верыфікацыі, а прайсці яе можна толькі з сапраўдным дакументам Польшчы, дзе зараз жыве дзяўчына. Але яе ДНЖ нядаўна скончыўся, а новы яна толькі чакае. Пра спробы вярнуць грошы яна расказала Most.
Прадавала рэчы і раней, але раней не сутыкалася з патрабаваннем прайсці верыфікацыю. Дзяўчына мяркуе, гэта з-за таго, што сумы папярэдніх продажаў былі ніжэйшыя. Калі ж на рахунак павінна было прыйсці больш за 1000 злотых, уключыўся дадатковы механізм абароны.
На сайце Vinted.pl сапраўды напісана, што платформа можа папрасіць карыстальніка даслаць копію дакумента, які пацвярджае асобу, у рамках працэдуры KYC (ад англ. Know Your Customer — Ведай свайго кліента). Гэта робіцца для бяспекі і захавання міжнародных правіл па супрацьдзеянні махлярству і адмыванню грошай. Для верыфікацыі падыходзіць дакумент з фатаграфіяй: пашпарт, ДНЖ, правы. Праўда, на сайце пляцоўкі MOST не ўдалося знайсці пацверджання, што патрэбны менавіта польскі дакумент.
Крысціна спачатку вырашыла верыфікавацца па беларускім пашпарце, але аказалася, што яна павінна прадаставіць дакумент краіны, у якой пражывае. Польскі ДНЖ дзяўчыны скончыўся ў студзені, таму не падышоў. Правоў кіроўцы ў яе няма.
Беларуска загадзя падала дакументы на новы від на жыхарства. Але ў Падляскім ваяводстве, дзе яна жыве, тэрміны разгляду спраў у апошні час расцягваюцца. Паводле яе прагнозаў, чакаць новай карты ёй яшчэ месяцаў пяць.
«Твае грошы будуць замарожаныя»
Апынуўшыся ў тупіку, Крысціна стала пісаць у службу падтрымкі платформы. Тлумачыла, што знаходзіцца ў Польшчы легальна, паколькі падала дакументы на новы ДНЖ да заканчэння тэрміну дзеяння папярэдняга, што на час чакання закон не абмяжоўвае яе ў аперацыях. Доўгая перапіска — і ўсё той жа адказ: «У сітуацыі, якая склалася, няма іншага рашэння. Калі дакументы пратэрмінаваныя, трэба аформіць новыя».
— Сядзі чакай, твае грошы будуць замарожаныя, — падводзіць вынік размовы Крысціна.
Яна прызнаецца, што ёй прыходзіла думка паспрабаваць перааформіць акаўнт на мужа: яго дакументы ў парадку. Але ад такой задумы дзяўчына адмовілася: палічыла, што гэта выкліча яшчэ больш падазрэнняў, да таго ж яна не ўпэўненая, што такі крок наогул быў бы легальны або тэхнічна магчымы.
Цяпер доступ да яе профілю на Vinted застаецца заблакаваным. Аднавіць доступ беларуска разлічвае пасля атрымання новай карты побыту. Магчыма, дакумент удасца атрымаць гэтым летам.
Каментары