Усе гавораць пра пагрозу ультраправых у Еўропе. А цяпер у наступ пайшлі яшчэ і ультралевыя
У апошнія гады ў цэнтр увагі часта трапляў рост папулярнасці ультраправых у Еўропе. Еўрапейскія крайне правыя перажылі імклівы ўздым. Аднак, як піша The Wall Street Journal, паралельна з гэтым назіраецца і іншая тэндэнцыя — адраджэнне і рост падтрымкі крайніх левых палітычных сіл, асабліва сярод моладзі.

Як адзначае WSJ, у Еўропе паступова слабее традыцыйны палітычны цэнтр, які цяпер вымушаны супрацьстаяць ціску адразу з двух бакоў — і справа, і злева. Паводле дадзеных апытанняў і вынікаў апошніх выбараў, частка выбарцаў пачынае рухацца ў левы бок, што дазваляе радыкальна левым партыям аднаўляць уплыў.
Аналітыкі адзначаюць, што асноўнымі рухавікамі працэсу з'яўляецца рост цэн на жыллё, павольны эканамічны рост і агульнае адчуванне сацыяльнай несправядлівасці.
Як піша WSJ, многіх выбарцаў таксама раздражняе міжнародная палітыка ЗША: крытыку выклікаюць амерыканскія ўдары па Іране, а таксама падтрымка Ізраіля ў вайне ў Газе. Усё гэта ўзмацняе антыамерыканскія настроі. Адначасова слабее вера ў тое, што цэнтрысцкія партыі здольныя вырашыць асноўныя праблемы сучаснасці.
Найбольш выразна паварот улева бачны сярод маладых выбарцаў і ў буйных гарадах. У некаторых краінах гэта прыводзіць да росту рэйтынгаў і нават перамог на выбарах левых партый. У іншых жа, напрыклад у Францыі ці Італіі, дзе электаральная падтрымка радыкальных левых засталася прыкладна на ранейшым узроўні, назіраецца ўсплёск гвалту з боку крайне левых груповак.
Безумоўна, новыя правыя і крайне правыя партыі застаюцца больш грознай сілай, яны часта ўзначальваючы перадвыбарчыя апытанні ў найбуйнейшых краінах Еўропы. Аднак адказ з боку левых пачаў змяняць расстаноўку палітычных сіл і прымушае нават традыцыйныя партыі карэктаваць сваю рыторыку.
Папулісцкая прывабнасць
Адным з прыкладаў такой трансфармацыі стала Вялікабрытанія. Тут Партыя зялёных значна ўзнялася ў апытаннях, фактычна ператварыўшыся ў папулісцкі рух. Як піша WSJ, партыя выступае за нацыяналізацыю камунальных службаў, легалізацыю наркотыкаў, выхад з НАТА, адкрытасць для шукальнікаў прытулку і значнае павышэнне падаткаў для прыватных уладальнікаў жылля. Яна таксама рэзка крытыкуе ваенныя дзеянні Ізраіля ў Газе.
Яшчэ год таму гэтую партыю лічылі маргінальнай. Аднак цяпер яе рэйтынгі істотна выраслі. Адно з апытанняў нават паставіла яе на другое месца адразу пасля антыімігранцкай партыі «Reform UK» на чале з Найджэлам Фараджам. Больш за тое, нядаўна зялёныя атрымалі гучную перамогу на выбарах у рабочым раёне на поўначы Англіі — у акрузе, якую Лейбарысцкая партыя кантралявала амаль сто гадоў.
У Германіі таксама назіраецца адраджэнне левай палітыкі. Партыя Die Linke («Левыя»), якая лічыцца пераемніцай камуністычнай партыі былой Усходняй Германіі, значна павялічыла падтрымку перад мінулагоднімі парламенцкімі выбарамі.
Сёння, як адзначае WSJ, у большасці апытанняў яна атрымлівае больш за 10% галасоў. Гэта крыху менш, чым у цэнтралевых СДПГ і «зялёных», але вышэй за вынік, які партыя атрымала на выбарах 2025 года.
Прадстаўнікі Die Linke пазіцыянуюць сябе як галоўную перашкоду для росту ультраправай «Альтэрнатывы для Германіі» (Alternative für Deutschland). Аднак, як прызнае кандыдатка партыі ў Берліне Эліф Эральп, выбарцаў у першую чаргу хвалююць эканамічныя пытанні. Паводле яе слоў, асноўныя тэмы — гэта сацыяльная несправядлівасць, рост кошту жыцця і асабліва высокія арэндныя плацяжы за жыллё. Эральп лічыцца адной з фаварытак на пасаду першага ў гісторыі Берліна мэра ад крайніх левых.
Праграма партыі ўключае павышэнне сацыяльных выплат, увядзенне падатку на багацце, зніжэнне арэндных ставак і магчымасць ранейшага выхаду на пенсію для некаторых катэгорый работнікаў.
Як адзначае сама Эральп, сваю перадвыбарчую кампанію яна будуе па прыкладзе мэра Нью-Ёрка Зохрана Мамдані, робячы стаўку на асабістыя сустрэчы з выбарцамі і агітацыю «ад дзвярэй да дзвярэй».
Паводле звестак нядаўняга апытання нямецкага Інстытута сацыялагічных даследаванняў і статыстычнага аналізу Forsa, сярод выбаршчыкаў ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў «Левыя» былі самай папулярнай партыяй на мінулагодніх федэральных выбарах і застаюцца ёю сёння. У Берліне партыя ідзе нараўне з СДПГ і «зялёнымі» перад рэгіянальнымі выбарамі ў верасні.

Элемент гвалту
Разам з ростам электаральнай падтрымкі, як адзначае WSJ, у Еўропе актывізуюцца і радыкальныя левыя групы па-за межамі парламенцкай палітыкі. Так у Германіі ўлады былі вымушаныя распрацаваць новыя меры супраць леваэкстрэмісцкіх арганізацый пасля падпалу электрасеткак у Берліне 3 студзеня. Гэта дыверсія пакінула каля 100 000 чалавек і тысячы прадпрыемстваў без святла і ацяплення на некалькі дзён у самы разгар халадоў.
Падпольная леваэкстрэмісцкая «Група Вулкан», якая бярэ на сябе адказнасць за дыверсіі з 2011 года, заявіла, што менавіта яна здзейсніла атаку. Нямецкія спецслужбы палічылі гэтую заяву сапраўднай і паведамілі, што не маюць доказаў датычнасці Расіі да падпалу.
Пасля гэтага міністр унутраных спраў Германіі Аляксандр Добрындт заявіў, што ўлады «ўзбройваюцца для барацьбы з левым экстрэмізмам». Берлін нават абвясціў узнагароду ў памеры 1 мільён еўра за інфармацыю пра арганізатараў атакі.
Падобныя праблемы назіраюцца і ў Францыі. На пазачарговых парламенцкіх выбарах 2024 года кааліцыя левых партый нечакана заняла першае месца. Аднак з таго часу папулярнасць вядучай крайне левай партыі краіны «Непакорная Францыя» (La France Insoumise) пачала падаць праз абвінавачанні ў заахвочванні гвалту.
У мінулым месяцы актывістам антыфашысцкай групоўкі, заснаванай адным з дэпутатам ад гэтай партыі, былі прад’яўлены папярэднія абвінавачанні ў забойстве і саўдзеле ў забойстве з-за збіцця да смерці 23‑гадовага правага актывіста.
Цэнтрысты таксама глядзяць налева
Нягледзячы на рост актыўнасці, як адзначае WSJ, радыкальныя левыя сілы ў Еўропе пакуль занадта раздробленыя і не маюць дастатковай падтрымкі, каб увайсці ў склад урадаў. Тым не менш іх уплыў ужо адчуваецца ў палітычнай дыскусіі.
Як адзначае Ананд Менон, прафесар еўрапейскай палітыкі ў Каралеўскім каледжы Лондана, брытанскія выбаршчыкі, знясіленыя нізкімі тэмпамі росту дабрабыту на працягу двух дзесяцігоддзяў, усё часцей гатовыя да эксперыментаў з новымі палітычнымі рухамі, асабліва на мясцовым узроўні. Аднак зусім не відавочна, ці падтрымаюць яны такія сілы на агульнанацыянальных выбарах.
Пры гэтым эканамічная безвыходнасць, на якой будуюць сваю падтрымку крайнія левыя, адчуваецца значна шырэй. Пасля перамогі сацыяліста Зохрана Мамдані на выбарах мэра Нью-Ёрка ў лістападзе 2025 года некаторыя левацэнтрысцкія стратэгі заклікалі свае партыі выкарыстаць гэты пратэсны патэнцыял і зрабіць сваю рыторыку больш жорсткай.
У Вялікабрытаніі прэм’ер-міністр ад Лейбарысцкай партыі Кір Стармер пакуль робіць стаўку на палітыку «закону і парадку», спрабуючы не страціць рабочы электарат, настроены супраць імігрантаў, і супрацьстаяць партыі Reform UK. Аднак, як адзначае WSJ, шэраг дэпутатаў яго ўласнай партыі ўжо заклікае яго павярнуць палітыку ў больш левы бок.
Падобныя зрухі адбываюцца і ў Германіі. Старшыня СДПГ і міністр працы Бэрбель Бас пачала выкарыстоўваць больш левую рыторыку, выступаючы за павышэнне падаткаў для багатых і абарону сацыяльных выплат ад бюджэтных скарачэнняў.
Яшчэ далей у сваіх ацэнках пайшоў кіраўнік моладзевага крыла СДПГ Філіп Цюрмер. Выступаючы ў лістападзе, ён назваў перамогу Мамдані «моцным сігналам супраць расплывістай цэнтрысцкай няўцямнай лухты і на карысць дэмакратычнага сацыялізму».
Каментары