КДБ даказвае, што ўзлом іх сайта і публікацыя базы даносаў былі часткай іх жа спецаперацыі
А ўсё, маўляў, для таго, каб вярнуць з Літвы Паўла Бялюціна.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі пераконвае, што ўзлом афіцыйнага сайта ведамства, які адбыўся ў пачатку 2024 года, нібыта быў часткай іх жа спецаперацыі. А ўсё для таго, каб зацягнуць у краіну актывіста «Народнай Грамады» Паўла Бялюціна, які нібыта задумваў удар дронамі па Астравецкай АЭС і іншых стратэгічных аб'ектах.
Нагадаем, у красавіку 2024 года «Кіберпартызаны» пахваліліся тым, што яшчэ ўвосень 2023 змаглі прабрацца ўнутр сайта КДБ і дастаць адтуль усю даступную інфармацыю. Гучным скандалам стала публікацыя 40 тысяч зваротаў у КДБ, якія адпраўляліся праз форму на сайце.
Сама злітая база зваротаў у КДБ сапраўдная. Гэтаму ёсць розныя пацвярджэнні. «Наша Ніва» звязвалася з некаторымі даносчыкамі (вось і вось), якія звярталіся ў КДБ, і чые даныя былі ў базе. Яны прызнаваліся, што пісалі чэкістам.
Сярод стукачоў былі знойдзеныя імёны некалькіх актывістаў, у тым ліку і сябра «Народнай Грамады» Паўла Бялюціна.

Да 2020 года ён быў у коле камунікацыі Міколы Аўтуховіча.
Бялюціна ў свой час судзілі за «абразу прадстаўніка ўлады» і далі два гады хатняй хіміі — гэта дакладны факт. А тое, што пасля на яго завялі яшчэ адну крымінальную справу за «гвалт або пагрозу гвалту да прадстаўніка ўлады», — гэта толькі яго словы. Так ці іначай, Бялюцін выехаў у Літву і прыбіўся да «Народнай Грамады».
Як стала вядома са злітай базы даносаў, 31 студзеня 2017 года ён напісаў наступнае паведамленне: «Добры дзень. У мяне ёсць некаторыя падставы меркаваць, што грамадзянін РБ Аўтуховіч Мікалай Мікалаевіч прадумвае і пачынае ажыццяўляць падрыхтоўку да спробы ўзброенага захопу ўлады ў нашай рэспубліцы. Пра спробу даведаўся са слоў гр. Аўтуховіча М.М.».
Пасля таго, як стала вядома пра гэты данос, Бялюціна выключылі з «Народнай Грамады». Яго тлумачэнні былі няўцямнымі. «Калі даць сапраўдную інфу, то ўсё перагорнецца», — загадкава казаў ён.
Пасля гэтага Бялюцін працягваў жыць у Літве, яго жонка тым часам знаходзілася ў Беларусі.
У маі 2025 года стала вядома, што Бялюцін нейкім чынам апынуўся ў Беларусі і быў арыштаваны. КДБ паказаў, як за ім сачылі ў аэрапорце Стамбула. Аднак заставалася незразумелым, ці ён паляцеў у Беларусь добраахвотна.
30 чэрвеня 2025 года АНТ паказаў фільм «Гарпун», прысвечаны гісторыі Бялюціна.
Сцвярджаецца, што насамрэч кадэбісты нібыта ўручную дадалі зварот Бялюціна ў базу зваротаў. А пасля нібыта далі «Кіберпартызанам» спампаваць базу. «Яны атрымалі доступ да блока, які спецыяльна быў пакінуты для іх», — гаворыцца ў фільме.
Пасля таго, як стала вядома пра тое, што Бялюцін — даносчык, яму адмовілі ў дазволе на жыхарства ў Літве.
Ён спрабаваў трапіць у Германію ці Партугалію, але не атрымалася.
Як Бялюцін вярнуўся ў Беларусь, не паведамляецца.
Зрэшты, гэта ўжо як мінімум другая гісторыя, калі сілавікі спрабуюць зрабіць выгляд, што гэта не іх узламалі, а яны нібыта вялі ўсвядомленую шпіёнскую гульню. Калі ў лістападзе 2020 года ў інтэрнэце з'явіліся перахопленыя размовы прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з Дзмітрыем Баскавым, то сілавікі пасадзілі Эйсмант — актрысу па адукацыі — у службовы кабінет КДБ, і яна прамаўляла дакладна тыя ж словы, што гучалі на запісу. Тлумачылася, што яе размова насамрэч была часткай нейкага аператыўнага эксперыменту і што яна не знаходзілася на Плошчы Перамен у вечар забойства Рамана Бандарэнкі.
Цяпер чытаюць
Стаў героем Магілёўскага ўнівера, збіраў фальклор, працаваў на беларусізацыю садкоў — расказваем пра Яўгена Бойку, асуджанага за салідарнасць з палітвязнямі

Каментары