Грамадства1515

У Польшчы ў таксі беларуса на хуткасці ўрэзалася дзяўчына на самакаце і запатрабавала вялікую кампенсацыю

Канстанцін працаваў у Польшчы таксістам на арандаваным аўтамабілі. У маі 2025 года ён трапіў у аварыю ў Беластоку — на пешаходным пераходзе дзяўчына на электрасамакаце ўрэзалася ў машыну і памяла яе.

Ілюстрацыйнае фота паліцыі Эльблонга

Паліцыя прызнала, што беларус не вінаваты, але гэта не вырашыла ўсіх праблем. Кейсам беларуса падзялілася яго жонка Марыя (імёны змененыя), разам з ёй Most разабраўся, хто ў такіх выпадках кампенсуе шкоду здароўю і аплочвае рамонт аўтамабіля.

У той дзень Канстанцін трапіў у затор у гадзіну пік. Калі ён пачаў рух праз нерэгуляваны пешаходны пераход, у пярэднюю частку яго аўтамабіля на вялікай хуткасці ўрэзалася дзяўчына на электрасамакаце і ўпала.

Канстанцін адразу выйшаў з машыны, пацікавіўся яе станам і прапанаваў выклікаць хуткую дапамогу і паліцыю. Аднак дзяўчына адмовілася — адразу прызнала сваю віну ў тым, што здарылася, і папрасіла падвезці яе ў аддзяленне неадкладнай дапамогі, каб дакладна пераканацца, што з ёй усё ў парадку.

Мужчына не толькі даставіў самакатчыцу ў бальніцу, але і дачакаўся заключэння дактароў.

— Сказалі, што яна не мае патрэбы ў шпіталізацыі. Дакладнага дыягназу не ведаю. Але яна ці падвярнула нагу, ці нешта са звязкамі было. Гіпсу не было, — узгадвае Марыя.

Канстанцін абмяняўся з самакатчыцай нумарамі тэлефонаў і прапанаваў сваю дапамогу ў будучыні — пры неабходнасці адвезці да доктара. Бакі разышліся і, паводле Марыі, на гэтым гісторыя павінна была скончыцца.

«Падумаць забыліся пра тое, што здарылася»

Але мужа і жонку чакаў сюрпрыз. Праз два тыдні пасля інцыдэнту дзяўчына патэлефанавала Канстанціну і запатрабавала прадставіць нумар страхавога поліса — каб атрымаць кампенсацыю за нанесеную шкоду здароўю.

— Мы былі ў шоку. Ужо і думаць забыліся пра тое, што здарылася, і не хваляваліся, што сітуацыя можа мець істотныя наступствы, — кажа Марыя. — Але далі поліс, бо адмовіць было як бы няправільна. Яна звярнулася ў страхавую.

Ад страхавой кампаніі Канстанціну прыйшоў бланк, у якім трэба было ўказаць даныя ўдзельнікаў ДТЗ і аўтамабіля, а таксама падрабязна апісаць аварыю і намаляваць яе схематызацыю.

— Мы ўсё запоўнілі, далучылі фатаграфіі машыны і адправілі на электронную пошту. І страхавік павінен быў разабрацца ў сітуацыі і даць адказ, мае дзяўчына права на выплаты ці не, — расказвае Марыя.

Скасоўваў дамову і застаўся вінен

Прыблізна ў той жа час у Канстанціна сканчаўся тэрмін дзеяння дамовы арэнды аўтамабіля. Падаўжаць яе беларус не планаваў — пра гэта ён загадзя паведаміў арандадаўцу, як і патрабавалі ўмовы дамовы: за месяц да заканчэння.

У момант скасавання дамовы Канстанцін разлічваў на вяртанне закладу (каўцыі) ў памеры 420 злотых (каля 100 еўра), але ўласнік адмовіў.

У дамове ёсць некалькі пунктаў, якія ўскосна тычацца гэтай сітуацыі. Па-першае, там напісана, што заклад вяртаецца пры адсутнасці пашкоджанняў аўтамабіля (у гэтым пункце нічога не гаворыцца пра тое, што будзе, калі пашкоджанні з’явіліся не па віне арандатара). Па-другое, што калі пашкоджанні з’явіліся па віне арандатара, то ён павінен аплаціць яшчэ і рамонт.

Уласнік аўтамабіля не толькі паведаміў, што не верне заклад, але і стаў патрабаваць дадаткова кампенсаваць шкоду, нанесеную аўтамабілю.

— Мы патлумачылі, што муж не быў вінаваты. На пераходзе не было знака для веласіпедыстаў, а значыць, веласіпедыст ці самакатчык не могуць перасоўвацца [на транспарце]. Яны павінны саскочыць і перайсці дарогу, [вядучы транспарт побач з сабой], — кажа Марыя.

У Законе аб дарожным руху Польшчы — у пункце 11 артыкула 2 — гаворыцца, што пешаходны пераход прызначаны выключна для пешаходаў. А ў пункце 3 артыкула 33а прапісана, што веласіпедыстам і самакатчыкам забаронена выязджаць на праезную частку, акрамя веласіпеднага пераезду. Адпаведна, калі побач няма паказальніка «Пераезд для веласіпедыстаў» (przejazd dla rowerów) — веласіпедысты і самакатчыкі абавязаны сысці з транспарту і весці яго праз «зебру», як звычайныя пешаходы.

Аднак паколькі ўдзельнікі ДТЗ не выклікалі паліцыю, то пацвердзіць невінаватасць не было чым.

Арандадаўца ацаніў шкоду аўтамабілю ў 3000 злотых (700 еўра). Канстанцін не пагадзіўся. Але яму трэба было, каб акт прыёму-перадачы быў падпісаны, інакш тэрмін арэнды аўтамабіля аўтаматычна падаўжаўся б, і яму давялося б і далей аплачваць арэнду.

Пачалі таргавацца. Сышліся на 580 злотых (135 еўра). Канстанцін пералічыў іх на рахунак і папрасіў запісаць, што ён уносіць іх толькі да таго моманту, пакуль не будзе заключэння пра тое, хто вінаваты ў ДТЗ. Калі вінаватым прызнаюць яго, грошы застануцца ў ўласніка машыны. Калі не — вернуцца яму. У выніку аб гэтым дамовіліся вусна.

«Такой хуткай кармы ў жыцці не бачыла»

Арандадаўца сустрэў самакатчыцу. І тут Канстанціна і Марыю чакаў новы сюрпрыз: дзяўчына вырашыла спагнаць з беларуса кампенсацыю.

— Яна хацела кампенсацыю наяўнымі. Спачатку 15 тысяч злотых (3540 еўра), а потым — 9 тысяч (2125 еўра), — кажа Марыя. — Мы былі ў шоку. Не думалі, што такое магчыма.

Плаціць беларусы не сталі. Замест гэтага яны знайшлі юрыста, каб звярнуцца ў паліцыю і высветліць вінаватага ў ДТЗ. Але, як аказалася, самакатчыца іх апярэдзіла і сама пайшла ў паліцыю. Адтуль Канстанціну патэлефанавалі і запрасілі на размову.

У паліцыю Марыя адправілася разам з мужам, бо свабодна валодае польскай і выступае яго афіцыйнай прадстаўніцай.

— На сустрэчы мы падрабязна апісалі ДТЗ, паказалі здымкі машыны. Інфармацыя з абодвух бакоў у нас супала. Паліцыя пацвердзіла, што вінаватая кіроўца самаката. Але сказалі, што канчатковае рашэнне дашлюць па пошце, — узгадвае Марыя. — Ліст прыйшоў прыблізна праз тыдзень. Мужа прызналі пацярпелым, а дзяўчыне выпісалі штраф. Такой хуткай кармы я ў жыцці не бачыла.

«Гатовыя ісці насустрач»

Дакумент з паліцыі Марыя накіравала ў страхавую кампанію. Таксама пара накіравала патрабаванне аб вяртанні сродкаў (wezwanie do zapłaty) арандадаўцу.

— Па-добраму, [уласнік] павінен быў атрымаць заключэнне ад ацэншчыка пра памер шкоды аўтамабілю, скласці патрабаванне аб аплаце [шкоды] і адправіць дзяўчыне, — лічыць жанчына.

Праз некаторы час уласнік сам выйшаў на сувязь з Канстанцінам і прапанаваў вярнуць усю суму. Як высветлілася, ён атрымаў інфармацыю ад страхавой кампаніі пра невінаватасць вадзіцеля ў тым, што здарылася.

Бакі дамовіліся аб вяртанні сродкаў цягам наступных сямі дзён.

— Мы гатовыя ісці насустрач. Нават калі ён папросіць вярнуць грошы ў растэрміноўку, — кажа жанчына. — Са свайго боку мы прапанавалі яму дапамогу ў спагнанні шкоды з дзяўчыны.

Каментары15

  • Андрей
    19.07.2025
    Прабачце, але Канстанцін нейкі плуг
  • Политзек
    19.07.2025
    В любой подобной ситуации лучше вызывать полицию,тем более у тебя у твоего авто есть повреждения,и машина не твоя личная!Головой думать надо!
  • бабруйчанін
    19.07.2025
    Witold , 100%

Цяпер чытаюць

Даведаліся, як жыве Сяргей «Хлопатнае дзельца» Міронаў6

Даведаліся, як жыве Сяргей «Хлопатнае дзельца» Міронаў

Усе навіны →
Усе навіны

Мужчына разбіў відэакамеру ў пад'ездзе, надзеўшы для маскіроўкі трусы на галаву8

Скандынавія прыцягвае беларуса: дальнабойшчык расказаў аб працы ў краі вікінгаў2

«Матрошкамі ўжо не здзівіш». У Расіі заклікалі стварыць свой аналаг Лабубу3

Вядучая «Марафону адзінства» ў падтрымку Лукашэнкі адпачывала ў Латвіі27

На поўначы Брэста працягвае смярдзець, улады заклікаюць «не панікаваць»2

Са Швецыі дэпартуюць яшчэ адну беларускую сям'ю11

Пад Быхавам адкрылі помнік археалагічнай знаходцы 1960 года. Ён падобны да надмагілля

Ва Украіне пад уплывам пратэстаў вяртаюць незалежнасць антыкарупцыйным органам8

У Мёрах падлетак прадаваў парнаграфію, выкарыстаўшы нумар суседа

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Даведаліся, як жыве Сяргей «Хлопатнае дзельца» Міронаў6

Даведаліся, як жыве Сяргей «Хлопатнае дзельца» Міронаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць