Грамадства

Што стала прычынай смерці трох работнікаў «Беларуснафты» падчас рамонту на трасе

Пра трагедыю ў Рэчыцкім раёне, у выніку якой загінулі двое работнікаў «Беларуснафты», стала вядома ў нядзелю. Раніцай 27 ліпеня трое рабочых перавешвалі сейсмічны кабель праз аўтадарогу М-10. Падчас работ яны закранулі металічным абсталяваннем лінію электраперадач. У выніку двое мужчын загінулі на месцы ад удару токам, яшчэ адзін быў шпіталізаваны, але, як стала вядома «Флагштоку», 28 ліпеня памёр у бальніцы.

 Месца трагедыі. Фота: Следчы камітэт

Пасля трагедыі быў адменены карпаратыўны вечар упраўлення, запланаваны на 29 жніўня. У пабліках «Беларуснафты» пакуль так і не з'явілася ніякіх спачуванняў і якой-небудзь інфармацыі пра інцыдэнт. «Флагшток разабраў» сітуацыю разам з крыніцай, знаёмай з правядзеннем сейсмаразведачных работ у Гомельскай вобласці.

Трагедыя пад Зашчэб'ем

Паводле папярэдніх звестак, інцыдэнт паблізу вёскі Зашчэб'е Рэчыцкага раёна адбыўся ў момант перавешвання геафізічнага кабеля — стандартнай аперацыі пры правядзенні наземнай сейсмаразведкі. Работы вяліся ў складзе брыгады УПСР (упраўлення па правядзенні сейсмаразведачных работ), якая забяспечвала высакашчыльную здымку на мясцовасці.

Верагодна, работнікі не паглядзелі ўверх і зачапілі ЛЭП. Пры гэтым трымаліся за вешку двое — яна цяжкая, металічная, звычайна яе ставяць утрох.

Небяспечная руціна: як уладкаваная сейсмаразведка

Падчас сейсмаразведачных работ геафізічны кабель цягнецца на дзясяткі кіламетраў і перасякае дарогі, палі, лясныя масівы, прыватную забудову. Пры высакашчыльнай здымцы лініі назірання могуць размяшчацца кожныя 200 метраў.

Сейсмастанцыя УПСР. Фота: «Беларуснафта»

Традыцыйна шмат увагі надаецца месцам перасячэння з аўтамабільнымі дарогамі. Там кабель павінен праходзіць не па зямлі, а над праезнай часткай — яго нацягваюць на часовыя вешкі.

Акрамя таго, праз участкі сейсмаразведкі можа перамяшчаецца спецтэхніка нафтавікоў і леснікоў. Нават без спецыяльнага дазволу на маршрутах могуць працаваць машыны да 4 метраў вышынёй, а значыць, вышыня апор павінна дадаткова ўлічваць насып дарогі і ўзровень правісання лініі.

Паводле даных крыніцы, знаёмай з ходам работ, раней у УПСР для такіх мэтаў выкарыстоўвалі драўляныя вешкі. Аднак на фота з месца здарэння бачная часовая апора, яна металічная.

«Спачатку неабходна пакласці вешку ўздоўж узбочыны, толькі потым падымаць. Трэба быць уважлівым і не разгойдваць вешку, каб не закрануць ЛЭП», — расказаў «Флагштоку» суразмоўца.

Паводле звестак крыніцы, адзін з загінулых супрацоўнікаў — мужчына 43 гадоў, які раней працаваў у лясной гаспадарцы. Другому было 25 гадоў, а трэцяму, які спачатку трапіў у бальніцу, а памёр на наступны дзень — усяго 22.

Паводле інфармацыі суразмоўцы, усе трое былі прынятыя на працу ва УПСР толькі за некалькі месяцаў да трагедыі. У нармальнай практыцы брыгады, якія займаюцца пракладкай геафізічнага кабеля, камплектуюцца пераважна дасведчанымі рабочымі.

У гэтым выпадку незразумела, хто менавіта кіраваў брыгадай на месцы. Кіраўніка брыгады няма сярод пацярпелых. Узнікае пытанне — ці знаходзіўся ён побач у момант выканання работ, або нявопытныя супрацоўнікі ўкопвалі апору самі, усведамляла ці не кіраўніцтва ўпраўлення павышэнне рызыкі пры працы каля ЛЭП пры пераходзе на часовыя металічныя апоры геафізічнага кабеля.

Са слоў суразмоўцы, на яго памяці ніколі не было настолькі сур'ёзнага інцыдэнту:

«Так, можна пакалечыць сябе лапатай або сякерай. Можна лёгка падвярнуць нагу ў лесе. Мне расказвалі, што калісьці загінуў кіроўца аўтацыстэрны, але гэта было гадоў з 20-30 таму, а можа і яшчэ больш. Яшчэ быў выпадак — на падрыўніка вадавозкай наехалі. Пацярпеў даволі сур'ёзна: раздрабніла таз, было шмат пераломаў, траўма лёгкага. Кіроўца праехаў па целе туды і назад, ён часткова прызнаў віну, яму далі штраф».

Галоўнае — кадры?

Праблемы з кадрамі ва УПСР пачаліся не ўчора. Пасля 2020 года з упраўлення звольнілі ці не працягнулі кантракты з дзясяткамі спецыялістаў. У базе асуджаных па палітычных справах знаходзяцца як мінімум шэсць супрацоўнікаў УПСР — чатыры інжынеры і двое рабочых.

Як адзначыла крыніца, трое з іх былі аператарамі сейсмаразведачнай станцыі — гэта ключавая і адна з самых тэхнічна складаных пасад у палявых работах:

«Я б параўнаў іх з авіядыспетчарамі — яны кіруюць дзясяткам брыгад па трох каналах сувязі, адначасова вядуць рэгістрацыю даных і кіраванне выбухамі».

Пад рэпрэсіі трапіў супрацоўнік вытворча-тэхнічнага аддзела, асудзілі інжынера ў групе кантролю якасці, яшчэ адзін звольніўся.

З «Беларуснафты» пайшлі як мінімум двое супервайзераў сейсмаразведачных работ: геафізік выехаў у Польшчу, геадэзіст — у ЗША пасля выйгрышу грын-карты. Адзін з асуджаных — сын аднаго з самых дасведчаных рабочых, які таксама быў вымушаны пакінуць упраўленне.

«Некалькі звольненых хлопцаў былі інжынерамі-геафізікамі або тэхнікамі-геафізікамі якраз з палявых брыгад. Гэта значыць, тымі, хто займаўся працай па пракладцы сейсмаразведачнага кабеля», — дадаў суразмоўца.

Паводле прыблізных ацэнак, агульныя страты УПСР пасля 2020 года склалі не менш за 25-30 інжынераў і рабочых, што можа дасягаць 10-15% ад спісавага складу. Для тэхнічна вузкага і замкнёнага падраздзялення такія маштабы значаць не проста «цякучку». Менавіта ў сейсмапартыі УПСР больш за ўсё звольнілі інжынераў і работнікаў.

На фоне чыстак ва ўпраўленні кіраўніцтва таксама змянілася. Галоўны інжынер сёння прайшоў шлях з бура-выбуховага атрада, начальнік упраўлення прыйшоў да пачатку пратэстаў, але ён першы ў гісторыі УПСР, які не мае сейсмаразведачнага вопыту. У кіраўніцтве сейсмапартыі і вытворча-тэхнічным аддзеле працуюць людзі з геадэзічнай адукацыяй, а не геафізікі.

Па словах суразмоўцы, «падняліся па пасадах талковыя хлопцы, але яны не геафізікі, што даволі дзіўна, калі памятаць, што гэта сейсмаразведачнае ўпраўленне»:

«Адчуванне, што часцей пры прызначэннях важная не профільная кваліфікацыя, а «ідэалагічная чысціня». З 2020 года ўпраўленне не мае вопыту ў міжнародных кантрактах, якія таксама служылі крыніцамі прафесійнага росту супрацоўнікаў».

Сацсеткі як люстэрка пераменаў

Сацыяльныя сеткі ўпраўлення па сейсмаразведцы за апошнія гады сталі прыкметна больш ідэалагізаванымі. У інстаграме УПСР звычайна публікуюцца фота з палявых работ, але сёння многае ў стужцы — далучэнне работнікаў да патрыятычных аўтапрабегаў, справаздачы аб удзеле ў выхаваўчай працы з супрацоўнікамі.

Асобнае месца займае замацаваны пост з заклікам да фарміравання кадравага рэзерву — адміністрацыя просіць ахвотных накіроўваць анкеты і рэзюмэ для магчымага працаўладкавання.

Каментары

Цяпер чытаюць

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку10

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку

Усе навіны →
Усе навіны

Не прапусціце вялікія зніжкі на рэкламу ў «Нашай Ніве» да канца лета

62-гадовую намесніцу дырэктара мінскай гімназіі адправілі ў калонію за палітыку11

Злучаныя Штаты могуць скараціць колькасць сваіх войскаў у Еўропе на 30%3

Шэлег: Беларускія лекі нічым не адрозніваюцца ад старых прэпаратаў буйных фармацэўтычных кампаній3

Настаяцель манастыра Шаалінь трапіў пад следства па падазрэнні ў растратах і амаральным ладзе жыцця4

У Рэчыцкім раёне ад удару токам загінулі двое мужчын

Цэны на шакалад здзіўляюць12

Навумчык пра незалежнасць Беларусі: Пуцін не здольны мабілізаваць ніводнага беларуса на вайну — нацыянальныя аўтаноміі Расіі не маюць і гэтага29

Музыканты выдаляюць сваю музыку са Spotify, бо ён спансаруе кампанію, якая вырабляе тысячы дронаў для Украіны26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку10

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць