Настаяцель манастыра Шаалінь трапіў пад следства па падазрэнні ў растратах і амаральным ладзе жыцця
Кітайскі будыйскі манастыр Шаалінь, праслаўлены ў ганконгскіх і амерыканскіх баевіках як месца нараджэння баявога мастацтва кунг-фу, абвясціў, што ў дачыненні да яго настаяцеля Шы Юнсіня распачата следства па абвінавачанні ў растраце і амаральных паводзінах, піша Бі-бі-сі.

У заяве, апублікаванай у нядзелю ў сацыяльнай сетцы WeChat, манастыр паведаміў, што справу Шы Юнсіня расследуюць некалькі ведамстваў, і што яго абвінавачваюць у прысваенні і растраце сродкаў манастыра і грошай, выдзеленых на пэўныя праекты, а таксама ў тым, што насуперак запаведзям будызму ён жыў з мноствам жанчын і завёў з імі пазашлюбных дзяцей.
У панядзелак з раніцы навіны пра арышт Шы сталі самай папулярнай тэмай у кітайскай сетцы Weibo, але чуткі пра гэта пачалі распаўсюджвацца яшчэ на выходных. У самога Шы ў Weibo — 880 000 падпісчыкаў, і на яго старонцы штодня з’яўляліся абнаўленні ў выглядзе будыйскіх настаўленняў, але пасля 24 ліпеня абнаўленні раптам спыніліся.
Шааолінь — манастыр з 1500-гадовай гісторыяй — лічыцца адной з калысак баявога мастацтва кунг-фу (ушу), а таксама месцам нараджэння дзэн-будызму. Ён знаходзіцца ў гарах у цэнтральным Кітаі, у правінцыі Хэнань. У Шаалінь штогод прыязджаюць тысячы новых паслушнікаў з усяго Кітая і іншых краін.
Шы Юнсінь быў манахам Шааліня з 1982 года, а кіраўніком манастыра стаў у 1999 годзе. Менавіта ён здолеў пераўтварыць славу Шааліня ў камерцыйны поспех: пры ім была створана трупа манахаў, што выступаюць па ўсім свеце з кунг-фу-шоу, пры ім жа манастыр пачаў адкрываць школы за межамі Кітая, а таксама заснаваў дзясяткі фірм па ўсім свеце.
Дзесяць гадоў таму Шы ўжо абвінавачваўся ў тых жа самых злачынствах, што і цяпер: растраце і пазашлюбных дзецях, а таксама ў атрыманні дарагіх падарункаў ад фірмаў і мясцовых уладаў, у тым ліку ўсёдарожніка Volkswagen і мантыі, вышытай золатам.
Але тады ўсе абвінавачванні з яго былі зняты. У інтэрв’ю Кітайскай службе Бі-бі-сі ў 2015 годзе Шы на пытанне пра тыя абвінавачванні адказаў: «Калі б праблема існавала, яна даўно б усплыла».
Шы Юнсінь з'яўляецца кіраўніком будыйскай асацыяцыі Хэнаня і намеснікам кіраўніка будыйскай асацыяцыі Кітая, а ў пачатку стагоддзя ён быў дэпутатам Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў.
Цяпер чытаюць
На вуліцы Матусевіча ў Мінску побач з дзіцячым садком упаў беспілотнік

На вуліцы Матусевіча ў Мінску побач з дзіцячым садком упаў беспілотнік
«Калі Расія нападзе на NATO, Калінінград будзе знішчаны ў першыя ж гадзіны. Але могуць прайсці два тыдні, перш чым дадатковыя сілы прыбудуць у Літву» — генерал Бэн Ходжэс

Каментары