Гісторыя 2020-га пісалася не толькі героямі, але і антыгероямі — людзьмі, на руках якіх паламаныя лёсы тысяч беларусаў, катаванні і вялікая хваля эміграцыі як наступства. Расказваем, як склаўся лёс асноўных сілавікоў, якія абралі служэнне Лукашэнку.
Юрый Караеў

У 2020-м годзе Юрый Караеў займаў пасаду міністра ўнутраных спраў. Яшчэ ў канцы 2019-га ён абяцаў, што міліцыя будзе паступова пазбаўляцца іміджу карнага органа. Аднак ужо ў жніўні 2020-га тыя абяцанні былі забытыя: сілавікі моцна збівалі беларусаў, што прымалі ўдзел у акцыях пратэсту.
Цікава, што пасля першых дзён пратэстаў Караеў нават выбачыўся за траўмы выпадковых людзей. А ўжо ў кастрычніку быў зняты з пасады.
Будучы на пасадзе памочніка Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці, Караеў апраўдваўся: «Для захавання дзяржавы, для захавання грамадскага парадку нейкі мінімальны гвалт, такі, сувымерны, усё ж бывае. І без яго ну немагчыма». Праўда, яго загады на адрас Сяргея Ціханоўскага не выглядалі сувымернымі: «Няма на яго артыкула — трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць! Хай здохне там!»
У сакавіку 2025-га Караеў быў прызначаны кіраўніком Гродзенскай вобласці, падмяніўшы экс-міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка. Цяпер былы сілавік падпявае ў Гродне Алегу Газманаву і змагаецца з падзяжом жывёлы.
Мікалай Карпянкоў

Мікалай Карпянкоў, вобраз якога асацыюецца з пагромам кафэ з дубінкай у руцэ і з марамі пра лагер, абнесены калючым дротам, для «асабліва востракапытных беларусаў», у 2020 годзе займаў пасаду начальніка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.

Гэта ён, згодна з данымі «Байпол», на злітым аўдыязапісе дае адмашку сілавікам на выкарыстанне зброі: «Ну нанясіце яму нешта ў такім выглядзе: або пакалечыць, або знявечыць, або забіць. Ужываць зброю проста ў лоб, адкрыта ў твар, проста туды, пасля чаго ён ужо ніколі не вернецца ў той стан, у якім ён знаходзіўся. Ну адкачаюць, так адкачаюць. Не будзе ў яго паловы мозгу, ну туды яму і дарога. Таму што галоўным чынам усе тыя, хто выходзіць на вуліцы на гэты момант — лішнія людзі ў нашай краіне».
Менавіта пры Карпянкову ГУБАЗіК ператварыўся ў галоўны карны орган, які запісвае прымусовыя відэа і катуе людзей. За здзекі з народа ўжо ў лістападзе 2020-га ён пайшоў на павышэнне: стаў намеснікам міністра МУС і камандуючым унутранымі войскамі, атрымаў званне генерала.
Сёння ён працягвае ўзначальваць унутраныя войскі, а таксама займаецца «патрыятычным выхаваннем» школьнікаў у свежаствораным фондзе «Маладая Гвардыя».
Іван Кубракоў

Іван Кубракоў — яшчэ адзін сілавік, які зрабіў сабе кар’еру жорсткасцю да землякоў. У жніўні 2020-га ён узначальваў мінскую міліцыю.
Падпалкоўнік Станіслаў Лупаносаў пра яго расказваў: «Ён сябе вельмі добра зарэкамендаваў для Лукашэнкі. Калі праходзілі пратэсты, людзей дастаўлялі на Акрэсціна. Мала хто з супрацоўнікаў міліцыі хацеў біць ПРам («палкой резиновой», дубінкай. — НН). Ён сваім асабістым прыкладам узяў ПР у супрацоўнікаў і паказаў, як трэба біць. Вось такім спосабам ён вырашыў стаць міністрам».
Атрымаўшы больш улады, Кубракоў кінуўся ўзмацняць кантроль сілавых ведамстваў па ўсёй краіне. Так, ён напісаў ліст у Раду бяспекі са скаргай на залішнюю мяккасць судоў Мінскай вобласці, маўляў, тыя даюць затрыманым дэманстрантам штрафы і адпускаюць. А гэта не спрыяе згасанню пратэстаў.
Пры яго кіраўніцтве МУС па краіне пачалі множыцца новыя відэакамеры.
Андрэй Швед

Андрэй Швед быў прызначаны пракурорам досыць нечакана, яшчэ ў разгар пратэстаў у верасні 2020-га. Да гэтага ён узначальваў Камітэт судовых экспертыз. Тое, што беларусы змагаліся за скрадзеныя галасы і выступалі супраць гвалту на вуліцах сваіх гарадоў, ён прыраўняў да нацызму. Ён зацята настойваў на як мага больш жорсткім пакаранні «палітычных».
Швед стаў курыраваць расследаванне крымінальнай справы пра генацыд беларускага народа і адпраўляць на суд памерлых нацыстаў і іх памагатых. Дадаткова ўзначальвае камісію па вяртанні беларусаў-эмігрантаў. Праўда, папулярнасцю яна асабліва не карыстаецца: у лютым Швед заяўляў, што камісія агулам атрымала 241 зварот. Па выніках іх разгляду каля 40 чалавек мелі станоўчы адказ, а 19 вярнуліся ў Беларусь. У чэрвені там разгледзелі ўсяго восем новых зваротаў.
Дзмітрый Балаба

Яшчэ адзін антыгерой — экс-кіраўнік мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба. У канцы 2020-га, калі асноўныя пратэсныя вулічныя сілы былі задушаныя збіццём і рэпрэсіямі, з Лукашэнкам яны абмяняліся мужчынскімі кампліментамі: дыктатар амапаўцу — дзяржаўную ўзнагароду, амапавец дыктатару — чорны берэт як сімвал прысвячэння ў іх шэрагі.
Цяпер Балаба займае пасаду старшыні беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама» — карпарацыі, якая займаецца спортам, а таксама адпачынкам ваеннаслужачых. Лічыцца, што перавялі яго туды дзеля магчымасці атрымаць у будучыні яшчэ большую пенсію.
Аляксандр Барсукоў

Аляксандр Барсукоў у 2020-м працаваў намеснікам міністра ўнутраных спраў, начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі. Менавіта ён увечары 13 жніўня 2020 года наведваў ізалятар на Акрэсціна і заявіў, што там «ніякіх здзекаў не было», хаця яны не толькі былі, але і працягваюцца па сёння. Праваабаронцы і журналісты задакументавалі сотні сведчанняў беларусаў пра збіццё ў гэтых засценках і невыносныя ўмовы — без сродкаў гігіены, медыкаментаў, перадач, матрацаў, у холадзе (ці задусе), з пабудкамі некалькі разоў на ноч, у перапоўненых камерах, часам — з вошамі.
У лістападзе 2020-га Барсукоў быў звольнены Лукашэнкам з пасады з фармулёўкай «па ўзросце». Але ўзрост не стаў перашкодай, каб заняць іншае крэсла — памочніка Лукашэнкі па Мінску. У 2024-м ён яго вызваліў, перайшоўшы на дэпутацкія харчы.
Іван Церцель

Іван Церцель хоць і быў у пачатку пратэстаў старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю, ужо ў верасні 2020-га вярнуўся ў КДБ у якасці шэфа, пасунуўшы Валерыя Вакульчыка.
На яго сумленні — масавыя рэпрэсіі супраць беларусаў, а таксама выдумлянне страшылак: то пра жаданне атакаваць Беларусь беспілотнікамі з Літвы, то пра чарговых тэрарыстаў, якія ўжо амаль прарываюць мяжу.
Іван Наскевіч

Следчы камітэт таксама ўдзельнічае ў рэпрэсіях. Хаця экс-старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч з падначаленымі і спрабаваў заводзіць крымінальныя справы па факце катаванняў людзей на Акрэсціна. Таксама ён агучыў версію смерці Аляксандра Тарайкоўскага. Канечне, па ёй быў вінаваты сам мужчына, але Наскевіч хаця б прызнаў, што Тарайкоўскі быў застрэлены сілавікамі.
У адстаўку яго адправілі ў сакавіку 2021 года. Пасля гэтага Наскевіч нейкі час не працаваў, а потым далучыўся да калектыву кампаніі «Тэх энд Бізнэс Салюшэнс». Гэта юрыдычная асоба кіруе холдынгам 1AK-Group, самы вядомы бізнэс якога — скандальны акумулятарны завод пад Брэстам.
Каментары