Беларуская армія чакае сёлета пастаўкі яшчэ чатырох расійскіх самалётаў
Камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Андрэй Лук’яновіч паведаміў, што да канца гэтага года ў Беларусь паступяць яшчэ чатыры шматмэтавыя знішчальнікі Су-30СМ2 ад Расіі.

Паводле слоў Андрэя Лук'яновіча, нядаўна ў краіну ўжо прыбылі новыя самалёты гэтага тыпу, а таксама 12 верталётаў Мі-35М. Ён адзначыў, што дзяржава і кіраўніцтва Міністэрства абароны надаюць вялікую ўвагу развіццю авіяцыі, бо яе роля ў сучасных умовах узрастае.
Лук’яновіч заявіў, што на заходніх межах краіны фіксуецца шмат палётаў як беспілотнікаў, так і разведвальнай і тактычнай авіяцыі. З пачатку года зафіксавана больш за 800 парушэнняў правілаў выкарыстання паветранай прасторы, з іх больш за тры сотні — гэта парушэнні дзяржаўнай мяжы, пераважна беспілотнымі апаратамі на поўдні краіны.
Першыя Су-30СМ Беларусь атрымала ў 2019 годзе па кантракце на 12 машын. Пастаўкі працягваліся з затрымкамі: чацвёртая партыя чакалася яшчэ да канца 2022 года, але самалёты з’явіліся толькі ў 2024-м. У 2025 годзе пачаліся пастаўкі мадэрнізаванай версіі — Су-30СМ2. Першыя два такія самалёты прыбылі ў маі, яшчэ два — у жніўні. Су-30СМ2 адрозніваецца ад папярэдняй мадэлі новымі рухавікамі, удасканаленай радыёлакацыйнай сістэмай і пашыранымі магчымасцямі ўзбраення.
Каментары