Культура11

«Маларыцкі майстар». Чым адметны гэты таямнічы геній беларускага іканапісу 17 стагоддзя?

Ці можа іканапісец, скаваны жорсткімі рамкамі канона, быць геніем? Мікіта Моніч упэўнена адказвае: так. І сярод выбітных постацей беларускага сакральнага мастацтва ён вылучае адну, асабліва загадкавую і таленавітую — ананімнага творцу сярэдзіны XVII стагоддзя, вядомага як Маларыцкі майстар.

Маларыцкі майстар. Цалаванне Іакіма і Ганны. Благавесце Ганне. Фота: Wikimedia Commons

Сярод мноства таленавітых іканапісцаў мінулага Мікіта Моніч вылучае таго, «што стаіць асобна, мае значную мастацкую вартасць ды індывідуальны стыль». Гэта Маларыцкі майстар — умоўная назва, якой атрыбутуюць творы ананімнага мастака, што працаваў на землях Берасцейшчыны ў 1640-я гады. Аб ім Моніч расказаў у новым выпуску свайго ютуб-канала.

Яго імя засталося невядомым, але дзякуючы захаваным іконам мы можам казаць пра яго ўнікальную манеру, па якой працы лёгка пазнаюцца.

Іконы былі знойдзены ў Маларыце, Олтушы, Ляхаўцах, а сёння захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея. Моніч падкрэслівае, што доўгі час на іх не звярталі асаблівай увагі, і толькі з канца XX стагоддзя даследчыкі пачалі гаварыць пра іх як пра нешта выключнае.

Маларыцкі майстар. Ператварэнне. 1648 г. Напісана для Маларыцкай Свята-Мікалаеўскай царквы. Фота: Wikimedia Commons

Адметны стыль: псіхалагізм і дэкаратыўнасць

Што ж робіць Маларыцкага майстра такім унікальным? Перш за ўсё, як акцэнтуе ўвагу Моніч, гэта неверагодная выразнасць і псіхалагізм твараў. Позіркі персанажаў, іх унутраны стан, увага да мімікі і перадачы пачуццяў робяць гэтыя абразы па-сапраўднаму мастацкімі.

Гэта вобразы, у якіх адчуваецца чалавечая прысутнасць. «Багародзіца ў Маларыцкага майстра — не проста абстрактны сімвал, а жанчына: засяроджаная, уражлівая», — расказвае Мікіта.

Маларыцкі майстар. Уваскрасенне — Сашэсце ў пекла. Сярэдзіна — другая палова 17 ст. З вёскі Ахвы Брэсцкай вобласці. Фота: Wikimedia Commons

На думку Моніча, наяўнасць асобнага, пераканаўчага псіхічнага жыцця ў персанажаў на творы мастацтва — увогуле важная прыкмета добрага твора, асабліва ў такім стандартызаваным мастацтве, як іканапіс.

Другі выбітны элемент, які адзначае даследчык, — гэта дэкаратыўныя фоны. Майстар часта аздабляе залатое поле выразнымі ўзорамі, архітэктурнымі фрагментамі і драпіроўкамі. Гэта не толькі ўскладняе кампазіцыю, але і насычае яе дадатковымі сэнсамі.

Маларыцкі майстар. Нараджэнне Маці Божай. 1648-1650. Напісана для Мікалаеўскай могілкавай царквы ў в. Ляхаўцы. Фота: Wikimedia Commons

«У іконе «Нараджэнне Маці Божай» святло, здаецца, ідзе знутры вобраза. Лініі стрыманыя, каляровая палітра прыглушаная, але выразная. Кампазіцыя дакладная, але не халодная. Тут усё працуе на перадачу ўнутранага руху, глыбокай павагі, маўклівай прысутнасці», — даводзіць мастацтвазнаўца.

Мастак на скрыжаванні эпох і культур

Мікіта Моніч нагадвае, што творчасць майстра прыпала на адзін з самых драматычных перыядаў у гісторыі Беларусі — сярэдзіну XVII стагоддзя. Гэта «час крыві, разбурэння і войнаў», паўстання Хмяльніцкага і шведскага «Патопу», якія напоўніцу зачапілі Берасцейшчыну. І пасярод гэтага хаосу, як кажа Мікіта, нарадзіліся шэдэўры.

Гэты час быў таксама перыядам культурнага перасячэння, калі на беларускіх землях сустракаліся візантыйская і лацінская традыцыі, адчуваўся моцны ўплыў Рэнесансу і барока. Маларыцкі майстар, на думку Моніча, востра адчуваў гэтыя ўплывы. Ён захоўваў канон, але напаўняў яго новым зместам і інтанацыямі. Ікона ў яго выкананні становіцца не толькі сродкам малітвы, але і спосабам распавесці пра чалавека.

Маларыцкі майстар. Смерць. Каля 1650 г. Напісана для Свята-Праабражэнскай царквы в. Олтуш. Фота: Wikimedia Commons

«Святы ўжо не ўмоўны сімвал, гэта ўдзельнік гістарычнага часу. Ягоны выраз твару, поза, жэст — усё напоўнена індывідуальнасцю. І менавіта гэта надае працам Маларыцкага майстра асаблівую пераканаўчасць», — кажа Мікіта.

Асабліва паказальнай Моніч лічыць ікону «Пакроў Багародзіцы», дзе побач са святымі выяўлены рэальныя людзі, сучаснікі мастака. Існуе нават меркаванне, што сярод іх сціпла збоку мастак намаляваў і сябе. 

Маларыцкі майстар. Пакроў Багародзіцы, 1649. Фота: Wikimedia Commons. Чырвоным кружком абведзены мяркуемы аўтапартрэт майстра. Ікона напісана для Маларыцкай Свята-Мікалаеўскай царквы.

Спадчына, якая гучыць праз стагоддзі

Маларыцкі майстар, як падсумоўвае Мікіта Моніч, — гэта мастак, якому не трэба было падпісваць свае працы, бо ягоны стыль гаворыць сам за сябе. Ён з'яўляецца яскравым доказам таго, што прафесійная мастацкая дзейнасць з асобным, выразным стылем існавала на землях Беларусі нават у самыя змрочныя часы.

Таму, калі будзеце ў Нацыянальным мастацкім музеі, Моніч раіць знайсці час і падысці да яго ікон. Паглядзець на іх не проста як на рэлігійныя артэфакты, а як на выбітныя творы мастацтва. Бо ў іх, нават праз 400 гадоў, усё яшчэ гучыць ціхі, але ўпэўнены голас геніяльнага майстра з Берасцейшчыны.

Каментары1

  • ШОС Бэнд
    30.08.2025
    Вы абкурылiся, Успенне называць смерцю?

Цяпер чытаюць

Амерыканская паліцыя палюе на падпалкоўніка беларускай міліцыі, які стаў цэнтральнай фігурай у крымінальнай бандзе7

Амерыканская паліцыя палюе на падпалкоўніка беларускай міліцыі, які стаў цэнтральнай фігурай у крымінальнай бандзе

Усе навіны →
Усе навіны

На чыгуначных рэйках у Польшчы знайшлі патроны, злучаныя дротам4

Каманда беларуса Дзмітрыя Банчынчэ перамагла ў папулярным расійскім шоу «Ліга танца»8

Затрыманы экс-кіраўнік РРБ-Банка Віталь Дранкевіч, у мінулым сам следчы3

Праціўнікі Ціханоўскай сабраліся на «Сход неабыякавых» у Вільні38

«Там ты багацейшы, а тут — шчаслівейшы». Айцішнік 25 гадоў жыве ў Славeніі — закахаўся (у краіну) у камандзіроўцы5

Вызваленыя ўчора каталіцкія святары знаходзяцца ў Ватыкане7

Хтосьці з ваенкамата Гомельшчыны забраніраваў люксавыя апартаменты і выпадкова апублічыў гэта13

Віцебская фабрыка выпусціла дываны з матрошкамі10

Дзіўную і злавесную карціну Фрыды Кала купілі за рэкордныя для жанчыны-мастачкі грошы3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амерыканская паліцыя палюе на падпалкоўніка беларускай міліцыі, які стаў цэнтральнай фігурай у крымінальнай бандзе7

Амерыканская паліцыя палюе на падпалкоўніка беларускай міліцыі, які стаў цэнтральнай фігурай у крымінальнай бандзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць