Вайна22

«Я быў супраць, каб мяне мянялі на 20 расійскіх вайскоўцаў. Не змог бы глядзець у вочы людзям, сыны якіх сядзяць»: першае інтэрв'ю экс-мэра Херсона

Былы мэр Херсона прабыў у расійскай няволі амаль тры з паловай гады. Украінскае выданне «Мост» паразмаўляла з Уладзімірам Мікалаенкам пра гады ў палоне, пра тое, як расіяне схілялі яго да супрацоўніцтва, пра запалохванні і пагрозы, інфармацыйны вакуум і пра тое, як ён нарэшце даведаўся пра вызваленне роднага Херсона.

Уладзімір Мікалаенка. Крыніца: МОСТ

— Раскажыце пра той дзень, калі вас выкралі. Як гэта здарылася?

— Я ішоў на сустрэчу з прадстаўніком Тэрытарыяльнай абароны (ТрА), з чалавекам, з якім мы знаходзіліся ў адным аддзяленні.

Калі падышоў да месца, нечакана рэзка пад'ехала машына, да мяне падскочыў чалавек у форме, са зброяй. Спытаў імя. Спытаў у машыну: «Гэта ён?». Нехта з машыны пацвердзіў: «Ён». Скруцілі, кінулі ў багажнік. Гэта быў двор дома, было нялюдна. Не ведаю, ці гэта нехта бачыў.

Пазабіралі ўсё з кішэняў, але ў мяне застаўся тэлефон. Я пачаў тэлефанаваць жонцы з таго багажніка, яны пачулі і сталі патрабаваць аддаць тэлефон. Жонка пачула гэта, зразумела, што я ў палоне.

Прывезлі на Лютэранскую, у абласное ўпраўленне паліцыі. Сказалі, што дадуць тэлефон, каб я паведаміў жонцы, што ішоў з тэрытарыяльнай абаронай на заданне, партызанская дзейнасць і ўсё такое. Я сказаў, што жонцы не буду хлусіць.

Калідор падвала на Лютэранскай, 4, дзе ўтрымлівалі палонных. Фота: МОСТ

Яны спыталі: «Ты разумееш наступствы?». Вядома, я разумеў. Я вельмі баяўся, што маім тэлефонам скарыстаюцца і яшчэ нехта апынецца ў яме.

На наступны дзень мне сказалі, што, маўляў, бачылі, што пра маё затрыманне напісалі ўсе сайты мясцовыя і цэнтральныя. Зразумелі, што падмануць нікога не ўдасца.

Тым не менш яны настойвалі, каб я выклікаў людзей — вас у тым ліку, Сяргей (галоўны рэдактар выдання Мост. — НН), і Эліко Русланаўну Маркелія (вядомая ў Херсоне грамадская дзяячка. — НН). Вельмі моцна вамі цікавіліся, думаю, у іхнім уяўленні вы павінны былі сядзець побач са мной.

Скрыншот допіса Уладзіміра Мікалаенкі ў фэйсбуку 25 лютага 2022 года

— Гэта былі расіяне?

— Так, гэта былі расіяне. Але я так зразумеў, што побач з імі заўсёды быў херсонец. Бо ён быў вельмі дасведчаным у мясцовых справах, у нейкіх дробязях, якія ведаюць толькі мясцовыя. Такі, невялікага росту.

— Яны ўсе былі ў масках?

— Так. У балаклавах.

— Вас у першы дзень у камеру змясцілі?

— Так, мяне кінулі ў адзіночку. Гэта такі падвальчык у абласным упраўленні паліцыі, які выкарыстоўваўся для ўтрымання зняволеных. Сыры, увесь час вада цячэ, халодны. А я яшчэ ў лёгкім адзенні — гэта ж вясна была. Гадзіну мяне трымалі там. Потым павялі на допыт: «Цябе тут пакінулі ўзначальваць супраціў? Дзе вашы людзі? Дзе ваша зброя?» Пабілі так добранька. І кожны дзень гэта адбывалася.

— Хацелі ў вас даведацца пра супраціў? Яны ведалі, што вы ў тэрабароне?

— Так, дзе вайсковыя часці, якія людзі ўзначальваюць, як ажыццяўляюць супраціў, што плануеце рабіць? Хто гэтыя людзі? Я кажу, што я на пенсіі, я не маю дачынення. А яны: «Ды мы ведаем, што ты на пенсіі, але расказвай усё». Ну лупцавалі… А гэта ж быў святочны тыдзень — пасля Вербнай нядзелі (мяне ў панядзелак затрымалі) і да Вялікадня — дык давалі па шыі… Казалі:

«Цябе толькі па твары біць нельга, ты ж палітык. А па галаве і па целе можна». На Страсную пятніцу збілі двойчы, а на Вялікдзень ніводнага разу. Так што, яны, мабыць, таксама святкуюць.

[…]

— Той мясцовы кансультаваў іх проста падчас допытаў?

— Так.

— Імя вы не чулі?

— Ды не, яны настолькі баяцца. Каб вы разумелі, вось у нас дворык для прагулкі, там іх тры, мы выбягаем туды — нас прымушаюць нацягваць футболкі ці майкі на галаву, каб у нас былі закрытыя вочы і мы, не дай Божа, не ўбачылі іхніх твараў. Гэта было ў Расіі, то-бок нават там яны баяцца, што хтосьці іх пазнае.

— А што было пасля Вялікадня?

— Яны знайшлі нейкае фота, дзе я на Майдане з Дзянісам Лашкаровым (нацгвардзеец з батальёна «Данбас». Загінуў 15 снежня 2018 года ад кулі снайпера. — НН), у тую ноч, калі гарэў Дом Прафсаюзаў. Там я ў касцы, на якой напісана «Херсон».

Уладзімір Мікалаенка (па цэнтры) на Майдане. 19 лютага 2014 года

Біў, уласна, толькі адзін. Ён, па ўсім відаць, быў не вельмі вялікага розуму, але кулакі ў яго былі моцныя. Мяне некалькі разоў білі на допытах. А ён потым яшчэ пасля допыту прыйшоў у камеру і так мяне там адлупцаваў, што зламаў рабро.

Вось я сёння глядзеў дакументы з абследавання. Гляджу, напісана: «Зламаныя рэбры». Іх ламалі тройчы. Але няхай, гэта ўсё ўжо забыта.

Той, што лупіў дубінкай, прынёс мне ў камеру каску, размаляваў яе чырвонымі зоркамі, «Расія фарэва», ну і кажа: «Будзеш сядзець у касцы», — і біў мяне ў гэтай касцы па галаве. Пагражаў, што выведзе мяне на 9 мая і я буду весці «Бессмяротны полк».

А мы ж ніколі з гэтай нагоды нічога не забаранялі. Нават чырвоныя сцягі, гэты сцяг перамогі (якая там ужо дывізія, не памятаю), у нас кожнага 9 мая быў на ўрачыстасцях. Людзі хадзілі сабе парадамі. Ніхто ім нічога з гэтай нагоды не казаў.

Херсонскія камуністы на парадзе 2017 года. Фота: МОСТ

— Вы ім пра гэта сказалі?

— Я казаў. А яны ж кажуць: «Ды вы ўсё знішчылі. У вас забарона 9 мая». Я ім казаў, што гэта глупства, што ў нас 9 мая афіцыйна замацавана як дзяржаўнае свята. Адзінае, калі пачаўся кавід, я прасіў херсонцаў не ісці проста з самай раніцы ўскладаць кветкі, а крыху разыходзіцца па часе, каб не было натоўпу людзей.

А яны: «Вы выключылі Вечны агонь!». А я казаў, што ў нас такія цэны на газ, што трымаць Вечны агонь за паўмільёна не было магчымасці. У іх жа там гэтае «пабедабесіе» даведзена да культу… Ім жа няма чым хваліцца, акрамя таго, што паклалі 30 мільёнаў падчас Другой сусветнай. І «можам паўтарыць». Што «можам паўтарыць»? Пакласці яшчэ 300 мільёнаў? Паўтарылі яны…

— А калі да вас упершыню прыйшоў гэты «журналіст» Літомін?

— Я не памятаю. Яны прывезлі гэтага Ванечку (Іван Літомін. —НН). Ванечка мне адразу сказаў: «Пасля таго, што ты там нагаварыў, нарабіў, ты з турмы жывым ужо ніколі не выйдзеш».

— Гэта ён сказаў вам не на камеру?

— Яны спачатку апрацоўвалі без камеры. Потым на камеру. А потым зноў без камеры, бо не атрымалі таго, што хацелі. Казалі:

«Мы цябе павязём да Салаўёва на эфір». Я адказаў, што і там яны з мяне ніводнага слова не выцягнуць. «А мы ўсё адно павязём, — казалі. — Загаворыш. Раскажаш, як у вас тут «Правы сектар» і «Азоў» кіруюць».

— З вамі гэты Літомін размаўляў не сам-насам?

— Там не бывае, каб ты сам-насам з «журналістам». «Журналіст» пытае, а яны стаяць перад табой, круцяць у руках дубінкі.

— Спачатку яны вас у двары здымалі?

— Я ўжо не памятаю. Спачатку, здаецца, у двары. Паставілі столік.

А потым паставілі да сцяны, сказалі: «Зараз будзем цябе расстрэльваць». Я сказаў: «Давайце», — і стаў да сцяны.

Спыталі, ці мне не страшна. Я сказаў, што страшна, паміраць не хочацца, але свой абавязак працягу рода я выканаў — у мяне двое ўнукаў. Калі прыйшоў час — значыць, прыйшоў час. Адзін пачаў страляць у сцяну, іншыя закрычалі: «Завязвай!»

Уладзімір Мікалаенка. Скрыншот відэа

— Гэта было ў двары паліцыі?

— Так.

— Раскажыце пра той момант, калі яны вас вывелі ў парк Славы.

— Ранкам далі аднаразовую брытву пагаліцца і вывелі ў парк Славы.

Кажуць: «Глядзі, тут напісана: «Дзякуй расійскім салдатам». Я адказваю: «А што, акрамя расійскіх салдат, больш ніхто не ваяваў?»

«Але вы самі так напісалі!»

Кажу: «Паглядзіце, як дагледжаны парк Славы, а вы распавядаеце, што мы ўсё знеслі і не шануем гэтых людзей. У мяне дзядуля загінуў. Але загінуў як? Пры вызваленні Кіева, таму што трэба было вызваліць Кіеў да 7 лістапада, і Ватуцін паклаў за гэта 700 тысяч чалавек. А калі б гэта было 17-га ці 27-га лістапада, можа, загінула б толькі 150 тысяч. Але трэба было парадаваць савецкі народ».

— І яны ўсё гэта запісвалі на камеру?

— Так, я гаварыў на камеру. «Во, глядзі, у вас чырвоны сцяг», — кажа. І танк стаіць каля сцяга, ахоўвае, каб ніхто не зняў. Я кажу: «Ну бачу, менавіта 9 мая яму тут і месца. У нас быў дзяржаўны сцяг, але і шмат чырвоных сцягоў таксама было».

Словам, незадаволены ён застаўся. Я яшчэ папрасіў падысці, разумеў, што болей сюды мяне не прывядуць. Падышоў, перахрысціўся, падзякаваў у тым ліку і дзядулю. Але, ведаеце, у іх такое стаўленне, гэты культ вайны, што нібыта яны такія магутныя…

Я заўсёды ўспамінаў, што Лукашэнка казаў: маўляў, мы з Уладзімірам Уладзіміравічам, калі будзе патрэба, за суткі да Ла-Манша дайдзём. А ў выніку паўтара месяца да Гуляйполя ішлі.

Потым сказалі мне: «Рыхтуйся, ачоліш калону на 9 мая».

Баяўся, шчыра кажучы, што яны мяне паспрабуюць выкарыстаць у гэтых масавых выхадах на 9 мая. Падрыхтаваў сябе — спрабаваў падаць, каб набіць сінякі, але не выходзіла. Знайшоў жалязяку — думаю, парэжу сабе твар. Але так сталася, што 2 мая нас павезлі ў Севастопаль.

— Гэтая гісторыя, якую яны выставілі, здаецца, больш на карысць Украіне спрацавала, бо ўся краіна ўбачыла, як вы яму адказвалі пра Шухевіча. Ён застаўся незадаволены?

— Для іх гэта накшталт: «Як жа так, што Бандэра і Шухевіч — героі Украіны?» Я казаў, што з Бандэры статус Героя знялі, а Шухевіч — так, афіцыйна Герой Украіны. Якія прэтэнзіі? Чалавек ваяваў за Украіну. Ён афіцыйна Герой Украіны. Што да Бандэры — да яго шмат прэтэнзій, але мы са сваімі героямі самі разбярэмся.

— Пасля гэтага вас не катавалі?

— Яны катавалі пастаянна. Адзін дзень больш, другі менш. У Херсоне я быў каля 16 сутак. А калі прывезлі ў Севастопаль, распранулі, пытаюць: «А што гэта з табой?» Я адказваю: «Падаў, 16 дзён падаў».

 А потым праз два дні нас прымалі ўжо ў Варонежы, там лекар глядзеў, пытае: «А ты наогул дыхаць можаш?» У Варонежы таксама пабілі, але Херсон мне вельмі запомніўся. У Севастопалі быў адзін наш хлопец, доктар, я цішком да яго падышоў і сказаў, прабачце за падрабязнасці, што ў туалет хаджу з жоўцю і крывёю. Спытаў, што яны маглі мне адбіць. Ён адказаў: пасля такога збіцця нічога дзіўнага.

— Вас праз Севастопаль транзітам павезлі ў Варонеж?

— Два дні мы прабылі ў Севастопалі, нас пасадзілі ў дэсантны самалёт, 48 чалавек. А там мы сядзелі разам з 36-й брыгадай, з марпехамі. Тыя, што абаранялі Марыупаль. Тры дзяўчыны былі. Былі ўжо і інваліды: нехта без нагі.

— У Варонежы вас пасадзілі ў СІЗА?

— Гэта не сам Варонеж, а вобласць, Барысаглебск. Пасадзілі ў СІЗА. Прыёмка была вельмі жорсткая, білі. Праводзілі праз строй па дворыку па трое, стаялі аператыўнікі з гумовымі дубінкамі. Усе ў масках. І кожны цябе б’е.

Мне пашанцавала — мяне вёў ахоўнік ужо ў гадах, давёў толькі да сярэдзіны строю і сказаў: «Досыць, яму і так ужо дасталася, твар увесь у крыві».

Мяне вельмі білі. Адзін нават нагу мне спрабаваў зламаць, бо ў мяне была з сабой Біблія. А ў ёй былі такія закладкі — маленькія шпількі, імі старонкі прымацоўваюць. Я адну выцягнуў і паклаў сабе ў куртку. Аператыўнік укалоў сабе пальчык. Дык вось за гэты свой пальчык ён столькі крыві з мяне выпусціў…

Потым 1 кастрычніка нас перавезлі ў [калонію] Пакіна.

— У СІЗА былі ў вас допыты? Якія-небудзь пракуроры, адвакат?

— Шокеры і дубінкі, дошкі, якімі яны б’юць, — вось усе іхнія пракуроры і адвакаты.

— Абвінавачанні вам не прад’яўлялі?

— Не, мы для іх проста ўсе «фашысты». Мы нібыта трымаем украінцаў у закладніках, насельніцтва ад нас церпіць, а таму з намі трэба жорстка абыходзіцца.

А яшчэ казалі, што мы здзекуемся з іхніх вайскоўцаў: маўляў, у задніцу мантажную пену задзьмуваем, кастрыруем. Яны такога наслухаліся і спрабавалі на нас адыграцца.

Першыя дні былі самыя страшныя. Цябе стабільна кожны дзень тройчы б’юць: ранішняя праверка, вячэрняя праверка, і калі выходзіш удзень на прагулку — або сабака аховы цябе кусае, або ідзеш у лазню — таксама б’юць. Мы для іх — ворагі, мы не падпарадкаваліся. Мы павінны былі сустракаць іх з кветкамі, а мы сустрэлі са зброяй.

Дарэчы, ужо на самым першым допыце ў Херсоне іх галоўная выснова была, што я, маўляў, усімі сіламі вельмі актыўна перашкаджаў уваходу расійскіх войскаў у горад Херсон. Як я перашкаджаў — я не ведаю, але паводле іх высноў — перашкаджаў.

— Скажыце, у калоніі вы былі ў поўным інфармацыйным вакууме, так?

— Амаль з першага дня затрымання і да 24 жніўня 2023 года ў нас не было ніякай інфармацыі пра тое, што адбываецца ва Украіне. Нам давалі прапагандысцкія матэрыялы, з іх мы даведаліся, што падарваны «Паўночны паток». А яшчэ перакідвалі людзей, якія пазней трапілі ў палон. Яны расказалі, што Кахоўскую ГЭС падарвалі. Я быў у поўным жаху, бо разумеў, колькі людзей магло загінуць, калі б яна прарвалася да самага нізу.

Найважнейшым заданнем расіян было схіліць мяне да супрацоўніцтва. Яшчэ Сальда (былы мэр Херсона Уладзімір Сальда пасля акупацыі перайшоў на бок Расіі, стаў губернатарам Херсонскай вобласці. — НН) не быў «губернатарам»,

яны казалі мне: «Можаш заняць гэтае месца». І калі мяне забіралі ў Севастопаль, гэта была дзесьці чацвёртая-пятая гадзіна раніцы, адзін з ФСБшнікаў выйшаў і кажа: «Ну што, не перадумаў? Калі не перадумаў, зараз паедзеш у Севастопаль, там за месяц-два адумаешся, прызнаеш новую ўладу, будзеш з намі супрацоўнічаць. А мы за тыдзень-другі разфігачым вашы ССА (Сілы спецыяльных аперацый УСУ. — НН)».

А атрымалася, што ні месяц-два, ні ССА не разфігачылі.

— А калі яны вас схілялі да супрацоўніцтва, казалі нешта пра ўладу?

— Яны казалі, што Херсоншчына — гістарычна іх месца. Пра Херсон спачатку ўвогуле не было гаворкі. Я казаў, што мне 62 гады, а ў нас на такіх пасадах можна працаваць да 60. А яны казалі: «Ты дурня не валяй, далучайся».

Я сказаў: «Калі вам патрэбна інфармацыя, як падрыхтаваць горад да ацяпляльнага сезона, я гатовы паказаць вам праблемныя месцы, давайце, мяняйце трубы. Бо вы ўзялі горад са зброяй у руках, але вы і ўзялі адказнасць за яго жыццядзейнасць. Хочаце школы запускаць? Добра. Там таксама ёсць праблемы. Рыхтуйце школы да навучальнага сезона». Я ганаруся херсонцамі, якія не павялі дзяцей вучыцца па расійскіх падручніках.

Уладзімір Мікалаенка ў 2019 годзе, калі займаў пасаду мэра Херсона

— Пра Сальда яны нешта казалі?

— Потым была размова. Калі яны яго прызначылі, то кажуць: маўляў, ёсць «губернатар». Я спытаў, хто. Яны далі раздрукоўку, а там напісана «Сальда». Я пачаў смяяцца, а яны пытаюць: «Чаму смяешся?» Я кажу: «Ды ведаю я яго, прапаноўваў мяне навучыць благому». А яны: «Ды ў нас ён не забалуе» А я кажу: «Ды ён яшчэ не такіх дурыў».

А потым ужо ў Пакіна прыязджаў «пагаварыць» адзін. Размова была такая:

«Ты разумееш, што ты ўсё яшчэ ў палоне?»

«Не, не разумею, тут такія самыя, як я, сядзяць. І чаму я павінен выйсці раней?»

«Дык ты не адумаўся?»

«Не, будзем сядзець. Будзем чакаць вызвалення ўсёй Украіны».

Ён мне тады цішком сказаў, што Херсон — украінскі.

— Вы ў камеру вярнуліся, сказалі пра гэта сукамернікам?

— Я зайшоў, а яны спыталі: «Ты чаго такі вясёлы? Цукерак паеў ці што?» Бо там паралельна прыязджаў следчы, і ён кожнаму даваў па 5-6 цукерак на камеру.

Гэта быў прыкладна канец мая — пачатак чэрвеня, мы ўжо больш за год салодкага нічога не елі. І вось мы адну цукерку на траіх дзялілі. А яшчэ давалі пакурыць, а хлопцы, якія кураць, дык яны ўвогуле дрыжалі ад шчасця.

Я сказаў: «Ды не, Херсон украінскі». Усе радаваліся.

— А раскажыце пра тую гісторыю, калі вы саступілі сваё месца іншаму палоннаму, хаця ўжо павінны былі ехаць дадому?

Я з Дзянісавай (Людміла Дзянісава, упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека да сакавіка 2022 года. — НН) спісаўся, калі быў у Херсоне. Спытаў [у расіян], ці можна напісаць. Яны дазволілі, казалі, што, магчыма, за мяне дадуць 20 іх хлопцаў.

Я казаў і тады, і ў Варонежы, што катэгарычна супраць, каб мяне мянялі, напрыклад, на 20 расійскіх вайскоўцаў. Бо я ведаў, што не змагу потым глядзець у вочы людзям, бацькам, сыны якіх сядзяць, а за нейкага крэндзеля Мікалаенку аддалі б кучу расійскіх вайскоўцаў. [Былога мэра Мелітопаля] Фёдарава выкупілі, здаецца, за 11 вайскоўцаў. І ён усяго шэсць дзён прасядзеў. Так, я разумею, што гэта вельмі цяжка. Але я казаў, што не згодны, і не правакуйце мяне на такія рэчы.

— Які адказ быў ад Дзянісавай?

— Ніякі. Яны проста прымалі інфармацыю да ведама і ўсё. Усе абмены — усё ў сакрэце. Мы нават не разумелі, ці каго-небудзь мяняюць, ці проста забіраюць на іншы паверх або ў іншую камеру. Потым хлопцы пачалі прыслухоўвацца: нейкі рух, чуваць, што кагосьці пераапранаюць. А так амаль ніхто нічога не ведаў.

— А да гэтага былі з вамі размовы, што вас будуць мяняць?

— Казалі, што абмены будуць. Але мясцовыя ніякім чынам на гэта не ўплываюць. На гэта ўплываюць чыноўнікі з Масквы. Мясцовыя толькі выконваюць каманды: збіраць людзей, рыхтаваць.

Ад мясцовых, праўда, былі прапановы: маўляў, мы цябе адпусцім, але ты павінен рабіць пэўныя дзеянні на карысць іх дзяржавы. Але калі зразумелі, што ад мяне такога не будзе, адчапіліся.

— Калі вы зразумелі, што вас будуць мяняць?

— 20 жніўня нас, чатырох чалавек, сабралі ў так званым «партале». Мы ўжо ведалі, што з гэтай камеры людзей выводзяць на абмен. Тую ноч я не спаў, чакаў, можа, прыйдуць уначы. Але 21 жніўня нас зноў развялі па камерах, знялі з нас вайсковую вопратку, апранулі турэмную робу і сказалі, што Украіна нас не хоча бачыць, не прымае.

Вельмі актыўная фаза была ў маі 2023 года, калі яны актыўна хадзілі і распавядалі, што Расія гатовая ўсіх аддаць, ужо тройчы прапаноўвалі, а Украіна не хоча вас бачыць.

І пачалі выбарачна даваць магчымасць патэлефанаваць, 2—3 чалавекам з камеры. Маўляў, тэлефануйце сваім родным, няхай выходзяць на пратэсты. Я тады смяяўся і казаў сукамернікам: напэўна, у іх ужо нічога не атрымліваецца, не могуць тую вайну скончыць, калі яны такія правакацыі робяць.

— Вам не прапаноўвалі патэлефанаваць дадому?

— Не. Яны бачылі, што я не падпарадкоўваюся і схільны да супраціву. Што я нават на такія рэчы не рэагую. Там жа даюць тэлефон і кажуць, што менавіта ты павінен сказаць. Крок направа, крок налева ніколі не зможаш зрабіць. Ты павінен сказаць: «Мне прапануюць, а Украіна не хоча».

І нехта патэлефанаваў і сказаў: «Вось так, родная, тройчы Расія мяне прапаноўвае, а Украіна адмаўляецца». А яна па гучнай сувязі: «Ды пайшлі яны к чорту, хай не брэшуць».

А 23 жніўня нас зноў вывелі з камеры, адразу каля камеры далі вопратку, тэрмінова пасадзілі ў машыну, ужо толькі двух — мяне і Змітра Хілюка (журналіст УНІАН, якога расіяне выкралі ў сакавіку 2022 года. — НН).

— Ён сядзеў не з вамі ў камеры?

— Не, ён быў у трэцім корпусе. Я пазнаёміўся з ім ужо ў гэтым «партале». Мы дамовіліся, што будзем выкарыстоўваць нашы магчымасці, каб выцягнуць іншых хлопцаў.

Галоўнае — не нашкодзіць. Бо калі расказваеш пра збіццё, яны пачынаюць яшчэ больш біць. Таму я асцярожна распавядаю. Але буду рабіць усё магчымае, каб іх выцягнуць. Бо ты трапляеш на абмен, а застаюцца такія ж людзі. І ты нібыта па-за чаргой пайшоў. У мяне ёсць пачуццё віны з гэтай нагоды — яны засталіся там, а я ўжо тут лячуся.

— Ад вас жа гэта не залежыць.

— Можна сябе суцяшаць, як хочаш, але дыскамфорт усё адно ёсць. Асабліва калі пачалі вызваляць моладзь. Мы там лічылі па гадах. Я прыкідаў, што мяне вызваляць толькі праз год. Я не ведаў, ці пражыву я яшчэ год там.

Каментары2

  • Н
    30.08.2025
    Гонар націі
  • Дзякую за артыкул
    30.08.2025
    Дзякую!

Цяпер чытаюць

Падчас дэсантавання на палігоне загінуў курсант Вайсковай акадэміі2

Падчас дэсантавання на палігоне загінуў курсант Вайсковай акадэміі

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску адкрылася незвычайная крама без цэннікаў на таварах. Ці зручна гэта для купцоў?6

Мерц упершыню адкрыта назваў Пуціна ваенным злачынцам. Пуцін адказаў26

У АПЕК+ думаюць яшчэ раз павялічыць здабычу нафты1

Міністэрства інфармацыі падпісала пагадненне з БПЦ. Будуць разам змагацца са знешнімі ўплывамі на духоўнасць10

У польскім рэестры «непажаданых асоб» больш за 31 тысяча чалавек. Лік беларусаў таксама ідзе на тысячы

Былы прэзідэнт Польшчы стаў вядучым папулярнага ютуб-канала6

Кіраўніцтва ПВТ абнавілася цалкам3

У ноч на сераду з Беларусі ў Літву спрабавалі прарвацца 38 нелегалаў

Рыбак з Вілейкі злавіў рыбіну вагой 30 кілаграмаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Падчас дэсантавання на палігоне загінуў курсант Вайсковай акадэміі2

Падчас дэсантавання на палігоне загінуў курсант Вайсковай акадэміі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць