Сартуем смецце і адмаўляемся ад бензінавых аўто — але войны імкліва абясцэньваюць гэтыя намаганні і адкідваюць чалавецтва назад
Пакуль чалавецтва стараецца перайсці да зялёнай эканомікі і запаволіць глабальнае пацяпленне, ваенныя канфлікты прыводзяць да адваротных вынікаў. Вось як цяперашнія войны шкодзяць навакольнаму асяроддзю.

Цяперашнія войны больш шкодныя, чым ранейшыя
Ваенныя дзеянні не толькі адбіраюць і калечаць жыцці, разбураюць інфраструктуру і эканоміку. Вайна таксама вельмі моцна ўплывае на навакольнае асяроддзе, анулюючы шматлікія намаганні па зніжэнні аб’ёмаў шкодных выкідаў.
Эколаг, эксперт альянсу «Зялёная Беларусь» Уладзіслаў Шумак адзначае, што цяперашнія войны ва Украіне і Іране з’яўляюцца больш шкоднымі, чым ранейшыя.
Найперш так адбываецца праз атакі на нафтабазы і НПЗ.

«У выніку пажараў у навакольнае асяроддзе трапляе вялізная колькасць прадуктаў спальвання. У Іране праз гэта нават днём назіралася чорнае неба. Калі спальваецца нафта або нафтапрадукты, у паветра трапляе не толькі вуглякіслы газ, які быццам лічыцца больш-менш хімічна нейтральным, хоць і ўплывае на змены клімату, але і іншыя вельмі шкодныя прадукты гарэння.
Гэта часцінкі сажы, аксіды серы і азоту, якія пры змешванні з вадой і вільгаццю даюць кіслотныя дажджы. Апроч гэтага, з’яўляецца вялізная колькасць іншых лятучых арганічных рэчываў. Гэта і бензапірэны з канцэрагенным дзеяннем, і цяжкія металы: ртуць, ванадый», — кажа эколаг.
Праблема на тысячы кіламетраў
Уладзіслаў Шумак адзначае, што гэтыя небяспечныя рэчывы ўжо цяпер убудоўваюцца ў паветраныя патокі ў ніжнім слаі атмасферы, што дазваляе ім распаўсюджвацца на адлегласці ў тысячы кіламетраў.
Усё гэта нясе вялікія рызыкі для здароўя людзей: не толькі тых, хто жыве ў непасрэднай блізкасці да пажараў, але і тых, хто трапляе ў гэтыя патокі паветра.
«Гэта раздражненне дыхальнай сістэмы і прамы ўплыў на сардэчна-сасудзістую сістэму, а таксама накапленне ў арганізме канцэрагенаў з доўгатэрміновымі наступствамі для здароўя. Менавіта атакі на іранскія нафтасховішчы паказалі, што ў паветра выкідваецца вялізная колькасць сажы. Часцінкі сажы быццам хімічна нейтральныя, але яны назапашваюцца ў атмасферы і награваюць яе.
Зараз паветра з Ірана ідзе ў кірунку цэнтральнаазіяцкіх горных масіваў, пакрытых ільдамі, таму сажа можа асядаць на іх і спрыяць таянню лёду».

Таму гэтыя выкіды маюць моцны не толькі лакальны, але і рэгіянальны эфект. Прадукты спальвання вымываюцца з атмасферы дажджамі, таму сапраўдныя кіслотныя дажджы прайшлі ў розных гарадах Ірана.
Таксама трэба ўлічваць, што ў ходзе вайны ў Іране пажары адбываюцца і ў іншых краінах рэгіёна. Так, напрыклад, у выніку ўдараў з боку Ірана днямі гарэлі НПЗ у Бахрэйне і Саудаўскай Аравіі.
Наколькі вайна забруджвае паветра і ваду
Калі казаць пра вайну ва Украіне, то за чатыры гады ваенных дзеянняў выкіды парніковых газаў ацэньваюцца ў 311 мільёнаў тон эквіваленту. Гэта прыкладна столькі ж, колькі за год вырабляе ўся Францыя. І гэта амаль 10% ад аб’ёму выкідаў усіх 27 краін Еўрасаюза за год.
«Таму калі мы гаворым, што клапоцімся аб памяншэнні негатыўнага ўплыву на навакольнае асяроддзе, зніжаем вугляродны след, то вайна гэтыя намаганні ў нейкім сэнсе анулюе.
Дзякуючы ўвядзенню еўрапейскага «Зялёнага ладу» Еўрасаюзу за 2024 год удалося скараціць выкіды вуглекіслага газу на 58 мільёнаў тон у эквіваленце. У той жа час ваенныя выкіды ва Украіне павялічыліся прыблізна на 80 мільёнаў тон», — звяртае ўвагу эксперт.

Пры гэтым важна разумець, што ў гэту статыстыку трапляюць даныя выключна па Украіне. Яны не ўлічваюць выкідаў ад ваенных дзеянняў, якія ідуць на тэрыторыі Расіі, дзе рэгулярна гараць нафтабазы.
Раней прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі прафесійных эколагаў Людміла Цыганок (Украіна) адзначала, што адзін пажар на нафтабазе забруджвае атмасферу гэтак жа, як увесь транспарт Кіева за месяц.
Вайна нясе і таксічнае разбурэнне асяроддзя рознымі небяспечнымі і канцэрагеннымі выкідамі.
«Забруджванне вады і глебы будзе мець значна большы доўгатэрміновы ўплыў на навакольнае асяроддзе, чым выкіды парніковых газаў», — кажа Шумак.

Забруджванне вод мае шырокі рэгіянальны след. Так, напрыклад, ад вайны ва Украіне пакутуе ўся акваторыя Чорнага мора, а ад вайны ў Іране — Персідскі заліў.
Апроч прамой шкоды навакольнаму асяроддзю, ваенныя дзеянні нясуць і ўскосную, калі грошы, якія маглі б быць накіраваныя на тое, каб паменшыць вугляродны след, ідуць на ўзбраенні. «Напрыклад, тая ж Польшча пачынае актыўна выдаткоўваць грошы на абарончыя сістэмы, і сродкі, якія маглі пайсці на замену катлоў, што працуюць на цвёрдым паліве, пайшлі на будаўніцтва ўмацаванняў на мяжы і ўзбраенне. І так, па сутнасці, адбываецца ў любой краіне», — дадае эксперт.
Таму маштабныя сучасныя войны ў экалагічным плане адкідваюць чалавецтва на гады назад, анулюючы ранейшыя дасягненні па змяншэнні шкоды навакольнаму асяроддзю.
І як бы моцна людзі і краіны ні намагаліся паўплываць на змены клімату, скараціць вугляродны след, змяншаючы аб’ёмы выкідаў парніковых газаў ці сартуючы смецце — адзін-два буйныя ваенныя канфлікты робяць сваю злую справу. А выкліканая гэтымі канфліктамі новая гонка ўзбраенняў толькі ўмацоўвае гэты негатыўны эфект.
Цяпер чытаюць
Максім Знак пра прэс-канферэнцыю ва Украіне: Мы дамовіліся не ўздымаць найбольш балючыя тэмы — катаванняў, санкцый, вайны. Можа, мусілі мы па-іншаму зрабіць
Каментары
Праблема забруджаных палеў на лініі фронту. Колькі там гарэла машын, снарадаў - увесь попел, дым асядзе на землю. Якая пасля там будзе прадукцыя.