З палону — пад суд. Украінскі салдат стаў абвінавачаным у катаваннях сваіх жа пабрацімаў
17 ліпеня 2024 года з расійскага палону вярнуліся 95 украінскіх вайскоўцаў. Але аднаго са вызваленых, Максіма Бабылёва, яго ж паплечнікі абвінавацілі ў супрацы з ворагам і здзеках з іншых палонных. Цяпер яго судзяць ва Украіне.

Скандал разгарэўся амаль адразу пасля абмену. 17 ліпеня 2024 года прэзідэнт Уладзімір Зяленскі апублікаваў фота вызваленых байцоў, загорнутых у сіне-жоўтыя сцягі. Аднак ужо на наступны дзень адзін з былых ваеннапалонных напісаў у Instagram, што адзін са спісу — Максім Бабылёў — не толькі супрацоўнічаў з адміністрацыяй расійскай калоніі, але і сам удзельнічаў у катаваннях, адмаўляўся ад абмену і ўкраінскага грамадзянства.
Гэтыя абвінавачванні хутка распаўсюдзіліся ў сеціве. 18 ліпеня Служба бяспекі Украіны (СБУ) распачала крымінальную справу. У медыя гучалі розныя версіі, у тым ліку і такая, што Расія магла наўмысна абмяняць «здрадніка», каб справакаваць інфармацыйную аперацыю і паказаць, што ва Украіне судзяць сваіх жа вызваленых вайскоўцаў.

Праз тры тыдні Максіма Бабылёва затрымалі. З таго часу ён знаходзіцца пад вартай.
Хто такі Максім Бабылёў?
Бабылёў нарадзіўся ў 2002 годзе ў Херсоне. Ён матрос і кіроўца роты 137‑га батальёна асобнай брыгады марской пяхоты ВМС Украіны. У расійскі палон мужчына трапіў у першы ж дзень поўнамаштабнага ўварвання, 24 лютага 2022 года, у Херсонскай вобласці.
Паводле даных следства, з ліпеня 2022‑га па чэрвень 2024 года яго ўтрымлівалі ў былой Калінінскай папраўчай калоніі ў акупаванай Горлаўцы Данецкай вобласці.
Наглядчыкамі там былі жыхары так званай «ДНР», многія з якіх мелі ўкраінскія пашпарты. Украіна больш чым двум дзясяткам супрацоўнікаў калоніі выставіла абвінавачванні ў здзеках з палонных.
Як сцвярджаюць сведкі, Бабылёў не проста быў лаяльны да адміністрацыі, але і сам далучаўся да збіцця ўкраінскіх вайскоўцаў, сваіх былых паплечнікаў.

У чым яго абвінавачваюць?
У абвінавачванні фігуруюць чатыры эпізоды і пяцёра пацярпелых за перыяд з верасня 2023 па студзень 2024 года.
Напрыклад, 19 верасня 2023 года супрацоўнікі калоніі збілі новага палоннага нібыта за тое, што той не сказаў пра татуіроўку. Яго завялі ў прыбіральню, дзе, па версіі следства, да ахоўнікаў па ўласнай ініцыятыве далучыўся Бабылёў. Сцвярджаецца, што ён трымаў рукі пацярпелага, пакуль тыя збівалі мужчыну нагамі і мачалі галавой ва ўнітаз.
Акрамя таго, Бабылёў, як мяркуе следства, удзельнічаў у так званай «прыёмцы» палонных. Падчас гэтай працэдуры людзей прымушалі распранацца, ставілі да сцяны ў «позу ластаўкі» і бязлітасна білі гумовымі дручкамі. Паводле матэрыялаў справы, 30 кастрычніка 2023 года Бабылёў нанёс аднаму з палонных не менш за тры ўдары дручком, а 18 студзеня 2024 года ўдарыў іншага нагой у грудзі.
Паводле сведчанняў былых палонных, якія праходзяць пацярпелымі па справе, Максім Бабылёў займаў прывілеяванае становішча ў калоніі. Ён быў так званым «дзяжурным» у дысцыплінарным ізалятары, выконваючы даручэнні адміністрацыі.
Яго асноўнай задачай быў нагляд за іншымі вязнямі. Сведкі расказваюць, што Бабылёў рэгулярна зазіраў у вочкі камер, каб сачыць, ці не парушаюць палонныя правілы — напрыклад, ці не сядзяць на ложках удзень. Пра ўсе парушэнні ён неадкладна дакладваў ахоўнікам, пасля чаго тых, хто правініўся, выводзілі з камер і жорстка збівалі.
Таксама ён «здаваў» пабрацімаў, калі тыя спрабавалі размаўляць з новапрыбылымі падчас прагулак у турэмных дворыках-«клетках». Пасля аднаго з такіх даносаў, як сцвярджае пацярпелы, ахова моцна збіла групу палонных, а сам Бабылёў пасля гэтага кідаў у іх кавалкамі цэглы.
Дзякуючы сваёй лаяльнасці Бабылёў меў палёгкі.
Пацярпелыя адзначаюць ягоную асаблівую жорсткасць і пагарду да сваіх. Паводле іх паказанняў, Бабылёў неаднаразова заяўляў, што не хоча вяртацца ва Украіну і што яна яму «непатрэбная».
Суд і магчымы прысуд
Падчас дасудовага следства было дапытана каля дваццаці сведкаў. Пацярпелыя пацвердзілі свае паказанні падчас вочных ставак з Бабылёвым.
Яго абвінавачваюць у жорсткім абыходжанні з ваеннапалоннымі, учыненым групай асоб па папярэдняй змове (ч. 2 арт. 28, ч. 1 арт. 438 Крымінальнага кодэкса Украіны). Санкцыя артыкула прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
На пасяджэнні суда 7 кастрычніка 2024 года пракурор зачытаў абвінаваўчы акт, у якім згадваюцца шэсць эпізодаў здзекаў. На пытанне суддзі, ці прызнае ён сваю віну, Максім Бабылёў адказаў: «Абсалютна не прызнаю».
Калабаранта з Новай Кахоўкі, які мацюкаўся на камеру, затрымалі за «рэабілітацыю нацызму»
«Я быў супраць, каб мяне мянялі на 20 расійскіх вайскоўцаў. Не змог бы глядзець у вочы людзям, сыны якіх сядзяць»: першае інтэрв'ю экс-мэра Херсона
«Вярнулі як быдла». Вызваленых расійскіх палонных адразу адпраўляюць назад на вайну
Каментары