Бервушы — гэта выратаванне, калі побач гучна храпе партнёр або за акном не сціхае горад. Яны сапраўды могуць уратаваць сон і нават адносіны. Аднак медыцынскія эксперты папярэджваюць, што карыстацца імі кожную ноч — не найлепшая ідэя.

Пра наступствы пастаяннага выкарыстання бервушаў з дактарамі-оталарынголагамі пагаварылі журналісты The New York Times. Спецыялісты тлумачаць, што чалавечае вуха мае ўласны механізм самаачышчэння. Унутры слыхавога праходу існуюць мікраскапічныя валасінкі і залозы, якія выпрацоўваюць серу для абароны ад пылу і бактэрый.
Дзякуючы працэсу, вядомаму як эпітэліяльная міграцыя, верхні пласт скуры ўнутры вуха паступова рухаецца да выхаду, нібы мікраскапічны канвеер, натуральным чынам выносячы лішкі серы.
Калі ж чалавек штовечар устаўляе ў вуха старонні прадмет (бервушы, навушнікі, ці нават ватныя палачкі), гэты працэс парушаецца. Рэгулярнае механічнае ўздзеянне можа парушыць натуральны працэс выхаду серы і прывесці да яе назапашвання і ўтварэння шчыльных серных коркаў. Гэта, у сваю чаргу, выклікае сверб, боль або нават часовае зніжэнне слыху, патрабуючы прафесійнага прамывання ў кабінеце ўрача.
Акрамя рызыкі ўзнікнення коркаў, існуе небяспека інфекцый. Гэта асабліва актуальна пры выкарыстанні папулярных пенных бервушаў, якія перад увядзеннем неабходна сціскаць пальцамі, каб яны расправіліся ўжо ў вуху.
Як тлумачаць спецыялісты, калі рукі недастаткова чыстыя, у слыхавы канал лёгка занесці інфекцыю. Акрамя таго, пастаяннае трэнне можа пашкодзіць натуральны ахоўны бар’ер скуры і выклікаць вонкавы атыт — запаленне слыхавога канала (так званае «вуха плыўца», нават без кантакту з вадой).
Каму трэба быць асабліва асцярожнымі
Спецыялісты не заклікаюць цалкам адмаўляцца ад бервушаў. Яны застаюцца карысным інструментам для абароны слыху ў шумных умовах, напрыклад, на будаўнічых пляцоўках, канцэртах або ў горадзе з інтэнсіўным шумам. Для большасці людзей эпізадычнае выкарыстанне не нясе пагрозы. Праблемы ўзнікаюць менавіта пры рэгулярнасці.
Але ёсць групы, якім варта быць асабліва ўважлівымі:
людзі, што генетычна выпрацоўваюць шмат вушной серы;
тыя, хто ўжо меў праблемы з сернымі коркамі;
людзі пасля аперацый на вуху або сур’ёзных траўмаў;
тыя, хто пакутуе ад частых вушных інфекцый.
Ім лепш параіцца са спецыялістам, перш чым карыстацца берушамі нават перыядычна.
Што замест бервушаў
Як тлумачаць эксперты, уначы мозг успрымае стабільны фонавы гук або цішыню як сігнал бяспекі. Калі вы карыстаецеся берушамі, каб заглушыць шум, ёсць, магчыма, больш бяспечныя альтэрнатывы.
Замест блакавання слыхавога праходу эксперты раяць звярнуць увагу на альтэрнатыўныя спосабы стварэння камфортнага асяроддзя для сну. Больш бяспечным варыянтам лічыцца выкарыстанне генератараў белага шуму або звычайнага вентылятара, гук якіх дапамагае згладзіць рэзкія шумы звонку.
Таксама варта паклапаціцца пра гукаізаляцыю памяшкання, напрыклад, знішчыць шчыліны ў вокнах і дзвярах. У выпадку з храпам партнёра часам адзіным рашэннем для захавання здароўя і якаснага сну застаецца арганізацыя спальных месцаў у розных пакоях.
Каментары
Сера на бярушах з'яўляецца зранку і я проста іх мыю раз-пораз. Прычым выкарыстоўваю адную і тую ж пару ўсе гады:)
Ідэальная прылада, каб спаць спакойна нават пры дыктатуры.