Культура66

У беларускай культуры знайшліся яшчэ адны «двайняты» — з адным партрэтам на дваіх. Памылка трымалася дзесяцігоддзямі

Адзін з найлепшых знаўцаў гісторыі ВКЛ свайго часу, Ігнат Жэгота Анацэвіч, і кампазітар Антон Абрамовіч, які стварыў першыя беларускія нацыянальныя музычныя творы, — абодва жылі ў першай палове ХІХ стагоддзя і сёння глядзяць са старонак сваіх біяграфій абсалютна ідэнтычнымі партрэтамі. Ф. Раўбіч разабраўся, каму з іх насамрэч належыць партрэтная выява і як адзін нумар літаратурнага альманаха змог усё зблытаць.

У некаторых публікацыях гісторык Ігнат Жэгота Анацэвіч і кампазітар Антон Абрамовіч дзеляць адзін партрэт на дваіх.

У сваім фэйсбуку гісторык Алесь Белы апублікаваў допіс пра чарговае скажэнне беларускай гісторыі, якое, як ён бачыць, робяць сучасныя аўтары — перадусім Алег Латышонак і Ігар Марзалюк — калі ўсіх адукаваных уніятаў-выхадцаў з Падляшша першай паловы ХІХ ст. падаюць як «паплечнікаў Ігната Баброўскага», то-бок — у інтэрпрэтацыі Белага, з якой многія нязгодныя — як людзей прарасійскіх, «заходнерусаў», лаяльных да Мікалая I і ідэі вяртання да рускіх «каранёў».

Гэтым разам гаворка зайшла пра Ігната Жэготу Анацэвіча (1780-1845), гісторыка першай паловы ХІХ ст. і прафесара Віленскага ўніверсітэта, які даследаваў гісторыю ВКЛ і з сімпатыяй ставіўся да старабеларускай мовы і русінаў.

Названыя гісторыкі залічваюць Анацэвіча да «паплечнікаў Баброўскага». Пры гэтым Анацэвіч не падтрымліваў імперскага праекта і не быў носьбітам заходнерускай ідэалогіі. У сваім лісце да Адама Міцкевіча ў 1842 годзе Анацэвіч адкрыта называў Расійскую імперыю краінай, дзе галоўнымі прынцыпамі з’яўляюцца варварства і рабаўніцтва, улада трымаецца на маніпуляцыі, фальшы і рэкрутах, а Мікалая І — дэспатам, які гідзіцца святла і маральнай чысціні, бо яны падрываюць аўтакратыю.

Аднак абмеркаванне нечакана пайшло ў іншым кірунку: у каментарах звярнулі ўвагу на тое, што прыкладзены да допіса партрэт Анацэвіча — гэта насамрэч партрэт беларускага кампазітара Антона Абрамовіча (1811? — пасля 1854). Ён стварыў, бадай, першыя нацыянальныя музычныя творы, у аснову якіх паклаў мелодыі беларускіх народных песень і танцаў, і не саромеўся ўжываць слова «беларускі» ў іх назвах.

Сапраўды, адзін і той жа партрэт, але падпісаны па-рознаму, ілюструе артыкулы ў Вікіпедыі пра гісторыка і кампазітара, а яго крыніцай называецца адно і тое ж выданне.

Згодна з тлумачэннем да партрэта Абрамовіча, ён быў апублікаваны разам з нотамі ягонай фартэпіяннай п'есы «Беларускае вяселле» (Wesele białoruskie) у трэцім выпуску літаратурна-мастацкага альманаха «Rocznik Literacki», выдадзеным у 1846 годзе ў Пецярбургу.

Гэта было польскамоўнае па форме выданне, але беларусацэнтрычнае па змесце — іншага ў той час яшчэ з’явіцца на свет і не магло.

У каментарах высоўвалася меркаванне, што рукапісны аўтограф Żegota O'Nacewicz (так на ірландскі манер часам запісвалі прозвішча гісторыка) пад партрэтам — гэта проста дароўны подпіс, які ўвёў кагосьці ў зман.

Партрэт працы Караля Жукоўскага з рукапісным аўтографам Żegota O'Nacewicz. Фота: polona.pl

Здавалася б, перад намі чарговы прыклад візуальнай фальсіфікацыі, калі выява адной асобы прысвойваецца іншай, каб яна мела хоць нейкае аблічча пры адсутнасці іншых візуальных крыніц. Як тое было з адзіным вядомым партрэтам Васіля Цяпінскага, які, як цяпер высветлілася, насамрэч нязначна перапрацаваная выява французскага архітэктара.

Аднак, калі паглыбіцца ў тэму, можна зразумець, што ў гэтай гісторыі не ўсё так проста, а разгадка пытання ўпіраецца ў тэхнічныя абмежаванні.

Недасяжны «Літаратурны штогоднік»

Нягледзячы на гістарычную і культурную значнасць альманаха «Rocznik Literacki» для Беларусі, адзіны даступны анлайн-асобнік трэцяга выпуску знаходзіцца на сайце лічбавай бібліятэкі Лодзьскага ўніверсітэта. І ў ім няма ніводнай выявы, якая нас цікавіць.

Змест альманаха, апублікаваны на першых старонках, тлумачыць прычыну блытаніны: у гэтым выпуску змешчана не толькі п'еса «Беларускае вяселле» Антона Абрамовіча, але і артыкул Анацэвіча «Погляд на першапачатковую гісторыю Літвы».

Вокладка музычнай паэмы для фартэпіяна «Беларускае вяселле» беларускага кампазітара Антона Абрамовіча, змешчанай у трэцім выпуску альманаха «Rocznik Literacki»

Са зместу таксама вынікае, што ў альманаху змешчаны партрэты і Абрамовіча, і Анацэвіча, прычым абодва зробленыя адным і тым жа мастаком — Каралем Жукоўскім у Пецярбургу, што толькі заблытвае мацней.

Падзабытыя спрыяльнікі беларушчыны

У прадмове да нумара выдавец Рамуальд Падбярэскі (1812—1856) піша, што змешчаны артыкул Жэготы О’Нацэвіча застаўся няскончаным з прычыны смерці аўтара, і публікуе факсіміле ягонага апошняга ліста да выдаўца. Можна сказаць, што нумар быў прысвечаны памяці знаўца гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, таму не дзіўна, што яго артыкул стаіць першым. А пасля яго, на 31‑й старонцы, мусіў ісці партрэт гісторыка, выкананы Жукоўскім. Як тлумачыцца ў прадмове, гэта копія алейнай карціны, якая знаходзілася ў пана Міхала Грабоўскага ў Аляксандраўцы (цяпер Украіна — НН).

Выдавец Рамуальд Падбярэскі меў да беларушчыны шчырыя цёплыя пачуцці. За публіцыстычную дзейнасць будзе арыштаваны ў 1850 г. і сасланы ў Архангельскую губерню, дзе і памрэ. Фота: Wikimedia Commons

На думку гісторыка Міколы Хаўстовіча, менавіта Міхал Грабоўскі (1804—1863), адзін з самых уплывовых публіцыстаў таго часу ў краі, скіраваў Падбярэскага на «беларускі шлях». Яму гэта трэба было, відаць, дзеля развіцця польскасці і польскай літаратуры. Аднак ягоныя заклікі выкарыстоўваць мясцовы фальклор спрычыніліся да з’яўлення шэрагу літаратараў, якіх мы сёння лічым пачынальнікамі беларускай літаратуры.

Музычная паэма для фартэпіяна «Беларускае вяселле» беларускага кампазітара Антона Абрамовіча, змешчаная ў трэцім выпуску альманаха «Rocznik Literacki»

Грабоўскі ж цёплымі словамі вітаў і творчасць кампазітара Антона Абрамовіча:

«…мы ўдзячны пану Антону Абрамовічу за спісанне колькіх мелодый беларускіх народных спеваў. Пакідаем кампетэнтным суддзям сказаць, ці мае беларуская музыка адрозны характар у шэрагу іншых славянскіх? (…) Мы лічым за найвялікшую заслугу спісванне такіх спеваў. Гэта, на маю думку, неабходны матэрыял дзеля авалодвання калі-небудзь сапраўды нацыянальнаю танічнаю паэзіяю; а такі блізкі прыклад карысці, здабыты гэтаю дарогаю расійскімі кампазітарамі п.п. Вярстоўскім і Глінкай, павінен пераканаць п. Абрамовіча, якую ён добрую справу пачаў».

Не дзіўна, што ў сваім альманаху ўжо і сам Падбярэскі шчыра раіць кампазітару скіраваць свае намаганні на беларускія народныя песні, бо гэта ягоны шлях, на якім знойдзе сябе і сваё месца ў музыцы.

Чахарда ілюстрацый

Відаць, партрэты дзеячаў культуры ў альманаху былі на ненумараваных устаўках, бо на 31‑й старонцы, дзе мусіў быць партрэт гісторыка Анацэвіча, пачынаецца ўжо іншы артыкул. Тое ж самае тычыцца і 112‑й старонкі, дзе мусіў быць партрэт Абрамовіча — з яе пачынаецца артыкул пра кампазітара, за якім ідзе яго музычная п’еса (усе старонкі да наступнага артыкула ідуць па-за нумарацыяй).

Скрэмзаны партрэт у файле з нятэкставымі старонкамі альманаха. Фота: pbc.biaman.pl

На сайце лічбавай бібліятэкі Лодзьскага ўніверсітэта ёсць яшчэ адзін файл, у якім асобна змешчана п'еса «Беларускае вяселле» Абрамовіча, за якой ідзе дзіўная паслядоўнасць: ліст з партрэтам Анацэвіча/Абрамовіча — пусты ліст — ліст з малюнкам Сапліцы — пусты ліст — ліст з малюнкам магільні каралевы Рыксы.

Здавалася б, вось разгадка — гэта партрэт Абрамовіча, бо ён ідзе пасля нот.

Аднак па змесце п’еса і партрэт беларускага кампазітара знаходзяцца на старонцы 112. Малюнкі Сапліцы і магільні каралевы Рыксы не маюць нумароў, але першы ў змесце ідзе пасля партрэта Анацэвіча на старонцы 31, а другі — пасля партрэта Абрамовіча на старонцы 112. Далей паводле зместу ідзе партрэт Юзафа Каржанёўскага, хоць у дакуменце ён на старонцы 153; а факсіміле ліста Анацэвіча пададзена апошнім пунктам, хаця фактычна змешчана на восьмым лісце.

Лагічна было б меркаваць, што малюнкі Сапліцы і магільні каралевы Рыксы надрукаваныя на адваротах аркушаў з партрэтамі. У такім выпадку паслядоўнасць павінна была б выглядаць так: факсіміле ліста — партрэт Анацэвіча — малюнак Сапліцы — партрэт Абрамовіча — малюнак магільні каралевы Рыксы — партрэт Каржанёўскага.

Але ў дакуменце, выстаўленым на сайце бібліятэкі (які, відаць, ёсць кампіляцыяй усіх нятэкставых старонак, якія захаваліся ў канкрэтным асобніку і якія выкладзены ў найлепшай якасці), або адсутнічае партрэт Абрамовіча, або ён пераблытаны месцамі з партрэтам Анацэвіча. Поўны хаос.

Зрэшты, блытаніна з лістамі сапраўды магла ўзнікнуць: музычная паэма Абрамовіча, якая стала эпіцэнтрам трэцяга выпуску, з невядомай прычыны была ўключана Падбярэскім разам з артыкулам пра кампазітара літаральна ў апошні момант — увесь гэты блок уклейваўся ўжо пасля 112‑й старонкі. Хаўстовіч мяркуе, што выдавец мог такім чынам абыходзіць цэнзуру або ж існавалі нейкія чыста тэхнічныя прычыны.

Ускосныя доказы

Трэба таксама ўлічваць, што Анацэвіч памёр ва ўзросце 64 гадоў, а Абрамовічу на момант выхаду трэцяга выпуску альманаха было каля 35. На партрэце ж бачым мужчыну з азызлым тварам, мяшкамі пад вачыма і другім падбароддзем — малаймаверна, каб малады кампазітар выглядаў так, калі толькі не меў сур’ёзных праблем са здароўем.

Замалёўка Станіслава Мараўскага з выявамі пракурора Гераніма Батвінкі, Ігната Анацэвіча, Мікалая Навасільцава і Вацлава Пелікана. Фота: Pawet.net

З другога боку, існуе іншая вядомая выява Анацэвіча — невялікая замалёўка Станіслава Мараўскага, дзе ў профіль паказаныя сам Анацэвіч, рэктар Віленскага ўніверсітэта Вацлаў Пелікан, апякун універсітэта Мікалай Навасільцаў і царскі пракурор Геранім Батвінка. На гэтым малюнку Анацэвіч мае зусім іншы твар — з больш грубымі рысамі і характэрным носам-бульбінай.

У «Беларускай Энцыклапедыі» і «Энцыклапедыі культуры Беларусі» артыкулы пра кампазітара Абрамовіча ілюструюцца невялікім профільным партрэтам маладога чалавека, чые рысы твару таксама істотна адрозніваюцца ад таго партрэта, што быў апублікаваны ў альманаху.

Партрэт Ігната Анацэвіча ў папцы лістоў, напісаных да Тэадора Нарбута, і фрагмент першага ліста Анацэвіча. Фота: Рукапісны аддзел ЛМАНБ.

Анацэвіч быў блізкім сябрам гісторыка Тэадора Нарбута. Нарбут вельмі даражыў яго дзесяццю лістамі, напісанымі ў 1836—1843 гадах: ён не толькі склаў іх у асобную папку, але і сшыў рудаватымі баваўнянымі ніткамі.

У гэтую ж папку, як знак пашаны да аўтара, быў укладзены і той самы партрэт, намаляваны Жукоўскім і літаграфаваны Радыгам, які вядомы па альманаху. Нарбут атрымаў яго ў 1843 г. ад віленскага лекара Аніцэнтыя Рэнье (1804—1877).

«Пра смерць Анацэвіча зусім не чуваць. Без сумневу, гэта хлусня, бо нядаўна я бачыўся з тымі, хто быў у Пецярбургу, і яго бачылі зусім здаровым. Далучаю 3 партрэты Анацэвіча, мне далі 8 асобнікаў на продаж, адна штука каштуе 2 злотыя, можа, удасца прадаць, бо работа вельмі добрая і падабенства [партрэтаванага] вялікае», — пісаў Нарбут.

Відавочна, калі Нарбут быў сябрам Анацэвіча і казаў пра вялікае партрэтнае падабенства, ён дакладна ведаў, як той выглядаў.

Партрэт Яна Баршчэўскага ў другім выпуску альманаха «Rocznik Literacki»

Яшчэ адным доказам на карысць таго, што партрэт усё ж належыць Анацэвічу, з’яўляецца ўласна подпіс. Жукоўскі стварыў не адзін такі партрэт, яму ж належыць і вядомая выява пісьменніка Яна Баршчэўскага, выкананая ў тым жа стылі, што і партрэт у альманаху. Ён таксама мае рукапісны подпіс — Jan Barszczewski. Партрэт Баршчэўскага працы Жукоўскага быў апублікаваны ў другім выпуску «Rocznika Literackiego» ў 1844 г. перад яго творам «Успаміны пра наведванне роднага краю».

Партрэт Станіслава Манюшкі ў чацвёртым выпуску альманаха «Rocznik Literacki»

Аналагічна на франтыспісе чацвёртага і апошняга выпуску альманаха, выдадзенага ў 1849 годзе ўжо ў Вільні, змешчаны партрэт Станіслава Манюшкі працы Рыпінскага таксама з рукапісным подпісам — Stanisław Moniuszko.

Так што меркаванне, нібы на партрэце стаіць дароўны надпіс Анацэвіча, можна адкінуць як памылковае — гэта подпіс, які абазначае намаляваную асобу. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што гэта пратрэт гісторыка Ігната Анацэвіча, а не Абрамовіча.

Сапраўдны партрэт кампазітара

Нарэшце, калі гэты артыкул ужо быў завершаны, я з цікаўнасці звярнуўся да яшчэ адной крыніцы, якая магла дапамагчы паставіць усе кропкі над «і», хоць імавернасць была малая.

У Дзяржаўным музейным каталогу Расіі захоўваецца некалькі партрэтаў Анацэвіча, ідэнтычных таму, што быў надрукаваны ў альманаху.

Але самае цудоўнае — ў фондах Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве знайшоўся і партрэт беларускага кампазітара Антона Абрамовіча працы Жукоўскага з рукапісным подпісам самога партрэтаванага!

Партрэт кампазітара Антона Абрамовіча працы Караля Жукоўскага. Фота: Дзяржаўны гістарычны музей Расіі

Відаць, менавіта гэтая выява і мусіла трапіць (ці ўсё ж патрапіла) у трэці выпуск «Rocznika Literackiego», а яе абрэзаная версія пазней выкарыстоўвалася ў энцыклапедыях. Яна выразна кантрастуе са стомленым і статычным партрэтам Анацэвіча: перад намі жывы, жвавы малады чалавек, павернуты ў профіль, нібыта заспеты за фартэпіяна, граючы на нябачных клавішах.

Да канца незразумела, як і дзе выява Анацэвіча падмяніла арыгінальны партрэт Абрамовіча, але з усяго гэтага расследавання добра відаць: доступ да поўнай першакрыніцы моцна абмежаваны, а сам выпуск сабраны блытана.

Партрэт Абрамовіча быў вядомы беларускай навуцы, але, магчыма, менавіта ў гэтым артыкуле ўпершыню з 1846 года ён публікуецца ў беларускім выданні ў поўным фармаце — і з дакладным разуменнем таго, хто на ім адлюстраваны.

***

Наша праца немагчымая без вашай падтрымкі. Калі вы прачыталі гэты артыкул і вам цікава тое, што мы раскопваем, падтрымайце нас праз Патрэон, праз Пэйпол, або перадаўшы данат Рэдакцыі любым іншым зручным для вас спосабам, праз тых рэдактараў і журналістаў «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце асабіста.

А яшчэ — падказвайце нам, на што звярнуць увагу, і перадавайце інфармацыю знутры Беларусі праз сакрэтны чат у тэлеграме @nn_editor або на мэйл [email protected]. Або ў Сігнал ці іншым спосабам тым з рэдактараў і журналістаў «НН», якіх ведаеце асабіста.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • Проста жыхар
    25.11.2025
    Трэба й на Вікіпедыю правільны партрэт дадаць
  • Gorliwy Litwin
    25.11.2025
    "Партрэт Абрамовіча быў вядомы беларускай навуцы, але, магчыма, менавіта ў гэтым артыкуле ўпершыню з 1846 года ён публікуецца ў беларускім выданні ў поўным фармаце — і з дакладным разуменнем таго, хто на ім адлюстраваны". - не, не ўпершыню! Падказваюць, што музыколаг Аляксандр Капілаў працаваў з дакументамі па Абрамовічу яшчэ з 1980-х і даўно апублікаваў правільны партрэт. можа і не аднойчы, але прынамсі ў гэтай кнізе: Музыкальная культура Беларуси XIX ― начала XX веков. Автор: Капилов, А. Л ... Ахвердова, Е. И., Институт современных знаний (Минск) · 2000. С. 55
  • Літвін
    25.11.2025
    "які даследаваў гісторыю ВКЛ і з сімпатыяй ставіўся да старабеларускай мовы і русінаў." А аб існаванні літвінаў на Літве ён не ведаў ці белыя русскія, баронячы беларушчыну, ізноў засароміліся-забыліся напісаць праўду, што літвіны, згодна з Літоўскім Статутам, ёсць народ Літвы й нашая спрадвечная саманазва?

Цяпер чытаюць

Змрочныя прагнозы спраўджваюцца. Чаму Захад абірае стратэгію «Не злаваць дзеда» і чаго чакаць далей1

Змрочныя прагнозы спраўджваюцца. Чаму Захад абірае стратэгію «Не злаваць дзеда» і чаго чакаць далей

Усе навіны →
Усе навіны

Аб'яднаны пераходны кабінет падтрымаў распрацоўку мірнага плана для Украіны і заклікаў не забывацца пра Беларусь8

Пад Гомелем паставілі помнік закінутым у Беларусь чэкістам11

Ябацька засыпаў акаўнты прыгажунь у Threads інтымнымі прапановамі22

«Ён проста птушачка ў спісе пагроз». У беларускага біятланіста забралі ДНЖ у Літве, прызнаўшы пагрозай для краіны13

У плане Трампа па Украіне з 28 пунктаў засталося 1913

Ціханоўская чакае добрых навін пра палітвязняў у найбліжэйшыя тыдні17

У Крамлі заявілі, што еўрапейскі мірны план ім не пасуе, а амерыканскі лепшы6

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця8

У Мінску паставяць на рэканструкцыю кінатэатры «Аўрора» і «Кастрычнік»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Змрочныя прагнозы спраўджваюцца. Чаму Захад абірае стратэгію «Не злаваць дзеда» і чаго чакаць далей1

Змрочныя прагнозы спраўджваюцца. Чаму Захад абірае стратэгію «Не злаваць дзеда» і чаго чакаць далей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць