Адкрыты гей стаў наймаладзейшым у гісторыі прэм’ер-міністрам Нідэрландаў
Роб Етэн стаў самым маладым і першым адкрытым геем на пасадзе прэм’ер-міністра Нідэрландаў пасля таго, як яго ўрад прыняў прысягу. Етэн сфармаваў правацэнтрысцкі ўрад меншасці разам з Народнай партыяй за свабоду і дэмакратыю (VVD) і Хрысціянска-дэмакратычным заклікам (CDA), паведамляе Бі-бі-сі.

38‑гадовы палітык атрымаў перамогу на ўсеагульных выбарах у кастрычніку мінулага года са сваёй партыяй «Дэмакраты 66» (D66), з невялікай перавагай абышоўшы партыю правага папуліста Герта Вілдэрса ў напружанай перадвыбарчай барацьбе.
Сфармаваны Етэнам кабінет — кабінет меншасці, а гэта азначае, што кожная важная рэформа ў кааліцыйным пагадненні — ад дадатковых 19 мільярдаў еўра на абарону да балючых скарачэнняў у сферы аховы здароўя і сацыяльных дапамог — павінна будзе ўзгадняцца шляхам асобнага галасавання ў абедзвюх палатах парламента Нідэрландаў.
Кааліцыя таксама імкнецца да змяншэння колькасці асоб, якія шукаюць прытулку: бежанцы павінны будуць падаць заяўку на прытулак па-за межамі Еўропы, а не пасля прыбыцця.
Міграцыя ў мэтах атрымання прытулку з’яўляецца асабліва адчувальнай тэмай у нідэрландскай палітыцы, якая спрыяла падзенню двух апошніх кааліцыйных урадаў краіны.
D66 у кааліцыі прадставіць сем міністраў, VVD — шэсць, а CDA — пяць. Кожная з партый таксама атрымае па тры пасады дзяржаўных сакратароў (малодшых членаў кабінета).
У панядзелак кароль Нідэрландаў Вілем-Аляксандр афіцыйна прывёў Етэна да прысягі ў палацы Хёйс-тэн-Бос у Гаазе.
Апублікаваўшы сэлфі перад цырымоніяй прысягі, Етэн напісаў у сацсетцы X:
«Ганаруся тым, што мы робім гэта разам. На новым этапе, з вялікай адказнасцю і перш за ўсё з агульным абяцаннем працаваць для кожнага ў Нідэрландах. Не спыняючыся на тым, што не так, а абапіраючыся на тое, што можна палепшыць. Гэта патрабуе мужнасці і супрацоўніцтва».
«Давайце за працу»
Элегантны, усмешлівы і цярплівы, Етэн гадамі пазбаўляўся мянушкі «Робат Етэн», якую ён атрымаў за свае скаваныя і занадта адрэпеціраваныя выступы на тэлебачанні.
Пераўвасабленне палітыка было відавочным у ноч выбараў. У перапоўненай, душнай музычнай зале ў Лейдэне (паміж Амстэрдамам і Гаагай) ён трымаўся нязмушана, упэўнена і бездакорна, пакуль вакол яго скандавалі маладыя прыхільнікі.
Для многіх лідар D66 быў поўнай супрацьлегласцю Вілдэрсу: адносна малады, аптымістычны, праеўрапейскі і сацыяльна ліберальны — новы твар у супрацьвагу старэйшаму праварадыкальнаму істэблішменту.
Акрамя таго, Роб Етэн стаў першым адкрытым геем на пасадзе прэм’ер-міністра Нідэрландаў. Самаабвешчаны «палітычны батанік» з дзяцінства, малады Етэн вырас у невялікім мястэчку ў паўднёвай правінцыі Брабант і зрабіў камінг-аўт яшчэ ў юнацтве.
Ён не рабіў прыватнае жыццё часткай сваёй палітычнай ідэнтычнасці, але пяць гадоў таму апублікаваў відэа, у якім зачытаў доўгі спіс гамафобных паведамленняў са свайго тэлефона, каб даказаць, чаму міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй з’яўляецца важным.
Цяпер Етэн заручаны з аргенцінскім хакеістам Нікаласам Кінанам, іх вяселле запланавана на гэты год.

Стоячы побач з каралём на чырвонай дарожцы, што спускалася па прыступках палаца ў панядзелак, Етэн выглядаў як выдатна падрыхтаваны прэм’ер.
Пасля зацвярджэння на пасадзе прэм’ер-міністра ён апублікаваў афіцыйнае фота ў Instagram з кароткім подпісам: «Давайце за працу».
Вілдэрс, які ў чэрвені сам спыніў спробы стварыць сваю правую кааліцыю, заявіў, што будзе выступаць супраць любой ініцыятывы ўрада Етэна, у той час як іншыя партыі выказалі занепакоенасць прадстаўленымі на гэты момант планамі.
Выбары ў Нідэрландах: лібералы і ультраправыя атрымліваюць аднолькавую колькасць месцаў
У Еўрасаюзе набылі моц новыя правілы палітычнай рэкламы. Яны павінны ўскладніць знешняе ўмяшанне ў выбары
У Нідэрландах развалілася кіроўная кааліцыя пасля таго, як лідар ультраправых прапанаваў цалкам забараніць іміграцыю
Каментары
[Зрэдагавана]