Навука і тэхналогіі

Планета-лімон: астраномы спрабуюць разгадаць прыроду незвычайнага звышрасцягнутага аб’екта ў космасе

Яе атмасфера цалкам пазбаўлена вадароду, кіслароду і азоту. Замест гэтага яна складаецца ў асноўным з гелію і малекулярнага вугляроду. Навукоўцы мяркуюць, што ў нетрах гэтай незвычайнай планеты пад уздзеяннем каласальнага ціску могуць утварацца сапраўдныя дыяменты.

Планета-лімон ва ўяўленні мастака. Фота: science.nasa.gov

Прырода рэдка імкнецца да ідэальных геаметрычных форм. Кожны школьнік ведае, што наша Зямля не з’яўляецца ідэальным шарам. Уласнае вярчэнне прымушае нашу планету ледзь заўважна выцягвацца на экватары, што робіць яе прыкладна на 0,3% шырэйшай там, чым па лініі ад полюса да полюса. Аднак гэтая розніца нішто ў параўнанні з аб’ектам PSR J2322-2650b, масу якога можна параўнаць з Юпітэрам.

Як паведамляе The New York Times, нядаўняе даследаванне тэлескопа «Джэймс Уэб» паказала: экватарыяльны дыяметр гэтай планеты на 38% большы за палярны. Гэта надае ёй дзіўную форму лімона і вельмі спецыфічную атмасферу.

Аб’ект PSR J 2322‑2650b быў адкрыты ў 2011 годзе радыётэлескопам Паркс у Аўстраліі на адлегласці больш за 2000 светлавых гадоў ад Зямлі.

Гэты газавы гігант памерам з Юпітэр унікальны тым, што круціцца вакол пульсара — звышшчыльнай зоркі, якая засталася пасля выбуху звышновай. Планета знаходзіцца ўсяго за 1,6 мільёна кіламетраў ад зоркі (для параўнання: Зямля за 150 мільёнаў кіламетраў ад Сонца) і робіць поўны абарот вакол яе ўсяго за восем гадзін.

Навукоўцы звязваюць незвычайную форму аб’екта з яго экстрэмальнай блізкасцю да зоркі, чыя магутная гравітацыя літаральна расцягвае планету. Гэта прыводзіць да з’яўлення своеасаблівага «вострага носа», адкуль матэрыя вырываецца вонкі і па спіральнай траекторыі накіроўваецца да пульсара.

Упершыню зазірнуць у атмасферу аб’екта дазволілі інфрачырвоныя інструменты тэлескопа «Джэймс Уэб». Атрыманыя вынікі здзівілі вучоных.

У адрозненне ад звыклых газавых гігантаў гэтая планета цалкам пазбаўлена вадароду, кіслароду і азоту. Замест гэтага яна складаецца ў асноўным з гелію і малекулярнага вугляроду. Астраномы адзначаюць, што такога спалучэння яны раней ніколі не сустракалася ў сваіх назіраннях.

Такі склад непасрэдна ўплывае на аблічча планеты: вугляродны пыл і часціцы, падобныя да сажы, верагодна, афарбоўваюць яе ў насычаны цёмна-чырвоны колер, а ў небе фармуюць воблакі з графіту.

Навукоўцы мяркуюць, што ў планетных глыбінях гэты вуглярод пад высокім ціскам можа ператварацца ў дыяменты, у той час як на паверхні бушуюць магутныя штормы, палосы якіх вымалёўваюць гіганцкія ўзоры ў форме літары W.

Дзіўныя ўласцівасці PSR J 2322‑2650b прымушаюць навукоўцаў сумнявацца ў тым, ці з'яўляецца аб'ект PSR J 2322‑2650b планетай. Магчыма, гэта астатак зоркі, якую пульсар павольна пажыраў на працягу мільёнаў гадоў. Такія сістэмы называюць «чорнымі ўдовамі». Калі гэтая гіпотэза верная, то аб’ект ужо страціў 99,9% сваёй першапачатковай масы, і астраномы заспелі яго ў самыя апошнія імгненні перад поўным знікненнем.

У той жа час астраномы дапускаюць і іншы варыянт: гэта можа быць абсалютна новы тып касмічных цел, які яшчэ не мае назвы. Вучоныя спадзяюцца знайсці «братоў» гэтага аб’екта, каб зразумець, ці з’яўляецца «планета-лімон» унікальнай анамаліяй або новым класам касмічных аб'ектаў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Зяленскі назваў, якія рэтранслятары на мяжы і беларускія прадпрыемствы хвалююць Украіну36

Зяленскі назваў, якія рэтранслятары на мяжы і беларускія прадпрыемствы хвалююць Украіну

Усе навіны →
Усе навіны

«З’явіліся шанцы на выратаванне». Пякарня LЁN, якая абвясціла пра закрыццё, пакуль працягне працу1

Беларусы на апошнім месцы ў рэгіёне па выдатках на медыцыну6

Буданаў адмовіўся ад Залатога афіцэрскага крыжа ордэна «За заслугі перад Польшчай»27

Зборная Турцыі пакідае чэмпіянат свету2

Пакаленне Z баіцца званіць у дзверы6

Ля Хатыні сустрэлі мядзведзіцу з медзведзянятамі

Памёр рэжысёр серыяла «Сябры» Джэймс Бэроўз

Як Нарвегія амаль цалкам адмовілася ад бензінавых аўто і з якімі праблемамі сутыкнулася пасля11

Зборная ЗША выйшла ў 1/16 фіналу чэмпіянату свету па футболе2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі назваў, якія рэтранслятары на мяжы і беларускія прадпрыемствы хвалююць Украіну36

Зяленскі назваў, якія рэтранслятары на мяжы і беларускія прадпрыемствы хвалююць Украіну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць