Львоўскі: Усе, хто спрабаваў стварыць нейкую супрацьвагу Ціханоўскай і яе офісу, даволі хутка скатваліся ў маргінэс
Эканаміст Леў Львоўскі назваў галоўную праблему штаба Віктара Бабарыкі — сядзець у Еўропе і працаваць на «беларускае балота» будзе цяжка.

Тэма ўплыву штаба Віктара Бабарыкі на дэмакратычныя сілы стала адной з асноўных у новым выпуску ютуб-праекта «Гадзіннічак цікае».
«Аб’ектыўная рэальнасць у тым, што пакуль што ўсе, хто спрабаваў стварыць нейкую супрацьвагу Ціханоўскай і яе офісу, даволі хутка скатваліся ў маргінэс. Магчыма, так атрымліваецца, таму што Офіс Ціханоўскай займае адразу ўсе добрыя пазіцыі. І таму, калі ты спрабуеш быць не з імі, табе даводзіцца станавіцца на нейкую дрэнную пазіцыю», — адзначыў эканаміст і аналітык Леў Львоўскі.
Пры гэтым аналітык дапускае, што з вызваленнем Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай «удасца гэта змяніць, і яны змогуць стаць альтэрнатыўным цэнтрам, не скаціўшыся нікуды».
Праўда, каб гэтага дасягнуць, трэба ўлічваць актуальную сітуацыю:
«Праблема са штабам Бабарыка будзе ў тым, што з аднаго боку гэта відавочныя цяжкавагавікі, гэта людзі, з-за якіх пачаўся 2020 год, з-за якіх шмат хто паверыў у тое, што магчымы перамены ў Беларусі. (…) Але вельмі шмат змянілася. І цяпер цяжка зразумець, якое цяпер можа быць мэтапакладанне. Выбараў заўтра ў Беларусі не будзе».
Як падкрэслівае Львоўскі, людзі ішлі за Бабарыкам не таму што ён быў ідэальным кандыдатам, а таму што ён прапаноўваў магчымасць змяніць уладу тут і цяпер.
«У 2020 годзе было шмат магчымасцяў, і Віктар Бабарыка прадстаўляў рэалістычныя сілы. То-бок ідэя была ў тым, што проста зараз можна змяніць усё ў Беларусі. Гэта можа быць не кандыдат мары кожнага з людзей, якія ў выніку выйшлі на пратэсты ці пайшлі галасаваць у тым ліку за Святлану Ціханоўскую. Але гэта была рэальнасць, што можна змяніць, а далей ужо там дэмакратычны працэс, будзем разбірацца і гэтак далей».
Па словах аналітыка, ва ўмовах рэвалюцыйнага ўздыму 2020‑га года пытанне «чый Крым?» не было вострым: прыярытэтам было змяніць рэжым, а астатнія пазіцыі абмяркоўваць пасля, у дэмакратычных умовах.
Аднак цяпер сітуацыя выглядае цалкам інакш.
«Цяпер мы жывём у свеце, хутчэй, мараў. У рэальнасці змяніць нешта проста цяпер цяжка. Выбараў заўтра не будзе — акрамя выбараў у Каардынацыйную раду, — нават ва Усебеларускі народны сход нельга пранікнуць».
Як заўважае Львоўскі, неабходна ўлічваць і геапалітычныя ўмовы, у якіх існуе Беларусь. Знаходзячыся ў Еўропе, апазіцыйныя сілы вымушаныя дэклараваць еўрапейскі шлях, што стварае дысананс з настроямі ўнутры самой Беларусі. І як у такіх умовах выбудоўваць камунікацыю з насельніцтвам унутры краіны, аналітык не ведае.
«У доўгатэрміновай перспектыве здаецца, што мы павінны ісці разам з Еўропай, але гэта значыць адбудоўвацца ад Расіі. Проста зараз адбудоўвацца ад Расіі… — унутры Беларусі, напэўна, гэта будзе гучаць як вельмі дзіўная тэорыя і не самая папулярная. І пры гэтым усё роўна сядзець у Еўропе і працаваць на «беларускае балота» будзе таксама цяжка. Гэта вялікія пытанні, на якія ў мяне няма адказаў», — каментуе Львоўскі.
Каментары
(а дзе там карач?)