Цімох Акудовіч запусціў свой падкаст. Першы выпуск — пра малы ледавіковы перыяд і тое, як пахаладанне змяніла ход гісторыі
Ці можа звычайнае надвор’е разбурыць магутную дзяржаву або прымусіць цэлы кантынент змяніць эканамічны лад? У першым выпуску падкаста «Magistra Svita налева пашыта» гісторык Цімох Акудовіч разбірае феномен малога ледавіковага перыяду — глабальнага пахаладання, якое стала фонам для самых крывавых падзей у гісторыі Беларусі і Еўропы. Расказваем, як зніжэнне тэмпературы ўсяго на адзін градус дапамагала ВКЛ змагацца з крыжакамі, чаму яно ўзмацніла прыгнёт сялян і як кліматычны крызіс ператварыў адсталыя паўночныя краіны ў сусветных лідараў.

Па словах аўтара, сучасныя рэканструкцыі клімату паказваюць, што з XIV стагоддзя сярэдняя тэмпература ў Паўночным паўшар’і пачынае паступова зніжацца, дасягаючы мінімуму ў XVII стагоддзі, калі сярэднягадавая тэмпература ўпала прыкладна на адзін градус Цэльсія. На першы погляд гэтая лічба здаецца нязначнай, але, як падкрэслівае Акудовіч, у маштабах глабальнай экалогіі адзін градус — гэта каласальнае зрушэнне. Менавіта перыяд з XIV па XVIII стагоддзе ў гістарычнай навуцы і прынята называць малым ледавіковым перыядам, хоць ягоны пік прыпадае менавіта на XVII стагоддзе.
Даследаванне гэтых зменаў стала магчымым дзякуючы развіццю палеакліматалогіі — навукі, якая вывучае клімат мінулага. Як адзначае аўтар, ужо ў 1939 годзе геолаг Франсуа Эміль Матэс увёў сам тэрмін «Малы ледавіковы перыяд», а ў 1970‑я брытанскі даследчык Хуберт Лэмб прапанаваў першую маштабную рэканструкцыю тэмператур Еўропы за апошняе тысячагоддзе. Асаблівую ролю ў папулярызацыі тэмы адыграла праца гісторыка Джофры Паркера «Глабальны крызіс», у якой падзеі XVII стагоддзя разглядаюцца як звязаныя з глабальнымі кліматычнымі зменамі.
Адкуль звесткі?
Па словах Акудовіча, у даследаванні мінулага гісторыкі карыстаюцца двума асноўнымі тыпамі крыніц. З аднаго боку — гэта пісьмовыя сведчанні: летапісы, хронікі, гаспадарчыя запісы, і нават творы мастацтва.

Другая крыніца інфармацыі — гэта канкрэтныя прыродныя артэфакты. Найчасцей гэтым займаюцца геалогія і дэндралогія. Змены клімату ўплываюць на ўсё: ад таго як растуць дрэвы, да таго як фармуюцца розныя мінералы. Навукоўцы вынайшлі процьму метадаў, якія дазваляюць па гэтых зменах у структуры дрэваў, камянёў ці нейкіх іншых мінералаў вызначаць скачкі тэмпературы мінулага.
Яны дазваляюць больш дакладна вызначаць ваганні тэмператур, хоць і тут існуюць дыскусіі. Тым не менш, як падкрэслівае аўтар, сучасная навука ў цэлым згодная: у XIV—XVII стагоддзях чалавецтва сапраўды сутыкнулася з рэзкім кліматычным выклікам.
Першая фаза малога ледавіковага перыяду
Першая фаза малога ледавіковага перыяду пачалася ў пачатку XIV стагоддзя. Да гэтага ў Еўропе доўгі час трымалася адносна цёплае надвор’е: у Англіі вырошчвалі вінаград, у Скандынавіі высокая ўраджайнасць спрыяла дэмаграфічнаму росту і экспансіі вікінгаў. Але ўжо ў 1303 годзе замерзла Балтыйскае мора, а ў 1315‑м Еўропу ахапіў Вялікі голад, выкліканы працяглымі дажджамі і неўраджаем.
У выніку загінула, паводле ацэнак, ад 10 да 25 адсоткаў гарадскога насельніцтва Еўропы. Гэта прывяло да сацыяльных зрухаў, у тым ліку да ўзмацнення прыгону, хаця наступная эпідэмія чумы радыкальна змяніла сітуацыю, скараціўшы насельніцтва і ўзмацніўшы пазіцыі сялян на Захадзе — землеўласнікі вымушаныя былі з сялянамі дамаўляцца на адэкватную аплату працы.
На землях Вялікага Княства Літоўскага, як адзначае Акудовіч, сітуацыя выглядала інакш. Даследаванняў тут значна менш, але ўскосныя звесткі з летапісаў і дэндрахраналогіі сведчаць, што пахаладанне і рост ападкаў закранулі і гэты рэгіён. Аднак меншая шчыльнасць насельніцтва, вялікія лясныя масівы і слабая урбанізацыя змякчылі ўдар. Больш за тое, у нямецкіх хроніках захаваліся апісанні, якія паказваюць, што суровыя зімы і дажджлівае надвор’е ўскладнялі крыжовыя паходы на яшчэ язычніцкія землі Вялікага Княства Літоўскага ў XIV стагоддзі.

У чым прычыны пахаладання?
Разважаючы аб прычынах пахаладання, аўтар пералічвае асноўныя гіпотэзы. Па адной з іх, прычына пахаладання была ў зніжэнні тэмпературы вады ў Гальфстрыме, ад якога наўпрост залежыць кліматычная сітуацыя ў Еўропе.
Ёсць версіі, што прычынай глабальнага пахаладання можа быць вывяржэнне вулканаў. Выкіды попелу ў атмасферу маглі часова зніжаць колькасць сонечнага святла і выклікаць працяглыя перыяды пахаладання. Вядома, што на XIV і на канец XVI стагоддзя, то-бок на пікавыя моманты пахаладання, прыходзяцца вялікія вывяржэнні вулканаў.
Яшчэ адна гіпотэза звязаная са зніжэннем сонечнай актыўнасці. На перыяды пахаладання прыпадае меншая колькасць сонечных плямаў.
Цяпер вельмі папулярная версія пра тое, што прынамсі пахаладанне XVI стагоддзя магло быць выклікана чалавекам. Паводле яе, еўрапейская каланізацыя Амерыкі і масавая гібель мясцовага насельніцтва ад завезеных хвароб прывялі да змяншэння сельскагаспадарчай дзейнасці — мясцовыя жыхары перасталі масава выпальваць амерыканскія джунглі. Аднаўленне вялікіх лясных масіваў паўплывала на глабальныя кліматычныя працэсы.
Другая фаза малога ледавіковага перыяду
Кароткая кліматычная стабілізацыя XV — пачатку XVI стагоддзя дала Еўропе перадышку, але каля 1580 года Балтыйскае мора зноў замерзла. Існуюць сведчанні, што ў той час замярзалі Тэмза, узбярэжжа Нідэрландаў і нават Венецыя. Ледавікі ў Альпах пачалі наступаць на вёскі, а ў Грэнландыі канчаткова зніклі паселішчы.

Усё гэта стала пралогам да катастрофы XVII стагоддзя. Па словах Акудовіча, Трыццацігадовая вайна (1618—1648) была не толькі рэлігійным канфліктам, але і вынікам глыбокага эканамічнага крызісу, выкліканага падзеннем ураджайнасці. Масавыя банкруцтвы дробных гаспадарак, міграцыя галодных сялян у гарады, рост сацыяльнай напружанасці стварылі ўмовы, у якіх гвалт стаў нормай.
Падобныя працэсы закранулі і землі Рэчы Паспалітай, дзе «Крывавы патоп» (1654—1667) прывёў да гібелі, магчыма, паловы насельніцтва Беларусі.
Хоць статыстычных звестак па Вялікім Княстве Літоўскім захавалася менш, чым па Заходняй Еўропе, палеакліматолагі ўпэўнены, што логіка ўплыву надвор’я на палітыку была аднолькавай для ўсіх.
Як тлумачыць Цімох Акудовіч, у другой палове XVI стагоддзя ў Еўропе адбыўся прынцыповы эканамічны падзел. Землеўласнікі Англіі і Нідэрландаў хутка зразумелі, што з-за халадоў ранейшай ураджайнасці больш не будзе. Яны пачалі шукаць новыя спосабы заробку: англічане заняліся авечкагадоўляй і экспартам воўны, а галандцы стварылі індустрыю развядзення кветак і магутны гандлёвы флот.
Нястачу збожжа гэтыя краіны папаўнялі за кошт імпарту з Рэчы Паспалітай, якая на доўгі час стала «жытніцай Еўропы». Аднак, па словах аўтара, гэты статус даўся нашаму рэгіёну праз вялікія сацыяльныя ахвяры. Ураджайнасць у ВКЛ падчас піку пахаладання ў XVII стагоддзі ўпала ў два разы. Калі раней з аднаго пасеянага зерня збіралі пяць, то цяпер — толькі два ці тры, чаго ледзь хапала на ежу і наступную сяўбу.
У адрозненне ад заходніх суседзяў, якія мадэрнізавалі гаспадарку, тутэйшыя землеўладальнікі абралі экстэнсіўны шлях. Яны пачалі павялічваць пасяўныя плошчы і ўзмацняць прыгнёт сялян. Калі ў XVI стагоддзі паншчына магла складаць два дні на тыдзень, то да XVIII стагоддзя яна вырасла да пяці і больш. Менавіта гэтыя рабскія ўмовы працы і перманентны голад сталі спускавым механізмам для казацкіх войнаў. Людзі масава беглі на Запарожжа, што ў выніку прывяло да маштабнай катастрофы — Крывавага патопу.
Два абліччы ледавіковага перыяду
Падсумоўваючы ўплыў малога ледавіковага перыяду, аўтар вылучае дзве яго фазы. Першая фаза ў XIV стагоддзі ўдарыла па яшчэ слабой дзяржаўнай арганізацыі еўрапейскіх краін і прывяла да голаду, эпідэмій і вялікай колькасці смерцяў. Другая ж фаза здарылася, калі дзяржавы былі значна лепш арганізаваныя. Таму ў XVII стагоддзі непасрэдна ад голаду ўжо мала хто паміраў.
Каб супрацьстаяць надвор’ю, еўрапейскія дзяржавы вымушаныя былі яшчэ лепш цэнтралізавацца. Пачалі ўзнікаць вялікія рэкруцкія арміі, актывізаваліся розныя навуковыя даследаванні, адныя з якіх спрыялі павелічэнню ўраджайнасці жыта, але іншыя павялічвалі забойчую сілу агняпальнай зброі. Вынік усяго гэтага — вялікія чалавечыя ахвяры, параўнальныя з першай фазай ледавіковага перыяду. Але цяпер людзей забівалі ўжо самі людзі.
Фармальна малы ледавіковы перыяд працягнуўся ажно да пачатку ХІХ стагоддзя. Але ўсё ж у XVIII стагоддзі тэмпература ў Еўропе павялічылася, ураджаі, хай сабе і недастаткова, але выраслі, а дзяржавы настолькі ўзмацніліся, што маглі супрацьстаяць розным прыродным катаклізмам.
Па назіраннях даследчыкаў, краіны, якія найбольш пацярпелі ад змены клімату — Англія, Нідэрланды і Швецыя — сталі флагманамі развіцця. Напрыклад, Швецыя, маючы бедныя глебы і суровы клімат, пабудавала звышэфектыўную дзяржаўную машыну і армію, распачаўшы ваенную экспансію на поўдзень за яго рэсурсамі. У той жа час Іспанія і Рэч Паспалітая, якія знаходзіліся ў больш спрыяльных умовах, загрузлі ў кансерватызме і прыгоне, пачаўшы адставаць ад суседзяў.
Ці сапраўды клімат кіруе гісторыяй?
У завяршэнні гэтага выпуску падкаста Цімох Акудовіч спыняецца на крытыцы падаходаў палеакліматалогіі, у якой існуюць тэорыі, якія спрабуюць растлумачыць надвор’ем усё: ад палявання на ведзьмаў і адкрыцця Амерыкі да Смуты ў Расіі. Аднак навуковая супольнасць перасцерагае ад празмернага захаплення такімі высновамі.
Акудовіч звяртае ўвагу на даследаванне, якое ў мінулым годзе выйшла ў Польшчы. Яно аспрэчвае старую тэзу пра тое, што эканоміка Рэчы Паспалітай абвалілася ў XVII стагоддзі менавіта з-за кліматычных зменаў. Даследаванне кажа, што большы ўплыў мелі войны і палітычныя рашэнні эліт. У той жа час гэтае ж даследаванне прызнае, што ўплыў клімату ўсё ж быў, і ён быў досыць значны.
Аўтар прапануе разглядаць клімат не як рухавік, а як паскаральнік гісторыі. Маштабныя катаклізмы толькі прыспешваюць тыя тэндэнцыі, якія ўжо наспелі ў грамадстве. У якасці прыкладу Акудовіч прыводзіць пандэмію 2020 года: яна не стварыла анлайн-камунікацыі, але зрабіла іх неад’емнай часткай нашага жыцця за лічаныя месяцы. Так і малы ледавіковы перыяд прымусіў чалавецтва хутчэй выбіраць паміж прагрэсам і заняпадам.
Каментары