Беларус вядзе канал пра будаўніцтва і рамонт. У яго ўжо больш за мільён падпісчыкаў
Павел паказвае, як робіць рамонты пад ключ, і разбірае частыя памылкі.

Павел Сідорык — мінскі спецыяліст па рамонце. А больш як 10 гадоў таму, у верасні 2015 года, мужчына вырашыў запусціў свой ютуб-канал. У самым першым відэа малады чалавек разам з калегам расказвае і паказвае, як наносіць шпатлёўку на сцены з дапамогай адмысловага апарата. У відэа цяпер 47 тысяч праглядаў. Затое наступнае — пра памылкі, якія дапускаюць пры рамонце на кухні, — заляцела на 1,3 мільёна праглядаў.
Агулам на канале больш за 300 відэа. У большасці з іх аўтар паказвае, як трэба выконваць аддзелачныя, сантэхнічныя і іншыя работы. Сакрэт поспеху, відаць, у надзённых тэмах, якія хвалююць многіх з тых, хто вырашыў рабіць рамонт уласнаручна.
Цяпер на ютуб-канал «Павел Сидорик. Ремонт и отделка» падпісаныя больш за 1,1 мільёна чалавек. Самае папулярнае відэа «Рамонт кватэры. 1 год за 60 хвілін. Усё раблю сам» мае 23 мільёны праглядаў.
Таксама Павел робіць агляды аб’ектаў, на якіх рабіў рамонт ад А да Я. Адзін з апошніх — рамонт пад ключ у кватэры на 60 метраў у Новай Баравой.
З гэтай жа кватэрай выйшла 4‑гадзіннае відэа, у якім паказваецца ўвесь працэс рамонту ад голых сцен да цалкам гатовага жытла. З яго вынікае, што ўвесь гэты працэс заняў паўтара года.
Пад гэтым, як і пад іншымі відэа блогера-будаўніка, шмат пазітыўных каментароў, у якіх гледачы дзякуюць яму за інфармацыю. Многія адзначаюць прафесіяналізм: «Такую якасную працу не сорамна выставіць на агляд! Кожны этап — суперпрафесійна».
«Прыемна глядзець відэа ад творчага і працавітага чалавека. Цікава і займальна. Поспехаў!»
Ёсць і крытычныя каментары: «На выхадзе просценька неяк, паныла… Блатное месца і паверх, столькі часу і працы, а надаць шыку і разыначкі кватэры нечага не хапіла».
Апроч рамонтаў у кватэрах, Павел некалькі гадоў таму набыў сабе ўчастак за 35 кіламетраў ад Мінска, дзе будуе сабе дом, пра што таксама здымае ролікі.
Апошні выйшаў літаральна на днях. У ім блогер распавядае, што вырашыў змяніць праект і абраў рабіць плоскі дах.
Апроч уласнага канала на ютубе, Павел Сідорык быў экспертам у ТБ-шоу «Наш рамонт» (аналаг расійскага «Кватэрнага пытання»). Вядоўцамі «Нашага рамонту» ў розныя часы былі шоўмен Яўген Булка і спявак Віталь Карпанаў.

Таксама блогер-будаўнік актыўна ўдзельнічае ў розных злётах майстроў і іншых мерапрыемствах для будаўнікоў.
Як вынікае з публікацыі ў часопісе, дзе Паўла назвалі «Дудзём у тэме рамонтаў», да прыходу ў блогерства і будаўніцтва беларус дзесяць гадоў адпрацаваў у маскоўскай друкарні.
Каментары