Якія краіны лепш за ўсё даюць візы беларусам і калі пачынаць афармленне, каб паспець да летняга адпачынку?
Пацікавіліся, наколькі рэальна і колькі каштуе адкрыць візу да сезону адпачынкаў.

Францыя
З 2 лютага пачала працаваць новая сістэма запісу на падачу на французскую візу.
Цяпер запіс на падачу дакументаў перададзены кампаніі TLScontact. Заяўнікам трэба зарэгістравацца на сайце аператара, запоўніць анкету, аплаціць 8 еўра і чакаць, калі на электронную пошту прыйдзе дата і час падачы.
Людзі, якія ў першы дзень запоўнілі заявы, пачалі атрымліваць запрашэнні на падачу 9—10 лютага. Сама дата падачы ў іх — сярэдзіна сакавіка.
У адмысловым чаце ў тэлеграме людзі дзеляцца назіраннямі, што ў сярэднім Францыя выдае паўгадавыя візы. Адна з карыстальніц адсправаздачылася, што ў верасні мінулага года падавалася з мужам на візу праз турфірму, і абодва атрымалі паўгадавыя візы ў чыстыя пашпарты.
Пры гэтым візавая экспертка Анастасія Лысакоўская ў каментары «Нашай Ніве» адзначыла, што апошнім часам Францыя стала часцей выдаваць аднаразовыя візы.
Адмовы таксама сустракаюцца, але ўсё адно Францыя застаецца добрым варыянтам для атрымання турыстычнай візы, у тым ліку шматразовай тэрмінам да 6 месяцаў і нават на год.

Не варта адкладваць
Указваць даты планаванага першага ўезду ў Шэнген можна не пазней чым за шэсць месяцаў ад даты запаўнення, таму нават тыя, хто плануе паездку на канец лета, ужо могуць пачынаць займацца атрыманнем візы.
Візавая экспертка Анастасія Лысакоўская наогул раіць не адкладаць гэты працэс: «Лепш за ўсё пачынаць рабіць візу да сярэдзіны красавіка, бо пасля паспець атрымаць візу пад летні адпачынак стане значна складаней».
Сам факт з'яўлення такой магчымасці Лысакоўская называе пазітыўным крокам, хоць і адзначае, што працуе гэта ўсё даволі павольна. Апроч Францыі, экспертка называе яшчэ некалькі краін, у якіх беларусы могуць атрымаць турыстычную візу.
Дзе яшчэ можна атрымаць турыстычны Шэнген?
«Грэцыя гэтай зімой нядрэнна адкрывала візы. Калі раней у зімовы перыяд магло быць 7—8 адмоў на 10 заяў, то цяпер было па 2—3 адмовы на 10 заяў», — кажа экспертка пра Грэцыю, на падачу візы ў якую яшчэ можна адносна проста запісацца. Але Грэцыя ў асноўным дае візы аднаразовыя пад паездку або тэрмінам на 1 месяц.

Іспанію Лысакоўская таксама называе краінай, якая добра выдае візы беларусам, але адзначае, што запісацца на падачу туды складаней, чым у Грэцыю: «Заявы разглядаюць за 2—3 тыдні, але падавацца ўсё адно можна толькі за 45 дзён да паездкі».
Германія, з яе слоў, застаецца краінай, якая добра дае візы, але тэрмін чакання слота — 1 год, таму нямецкая віза — гэта не пра адпачынак у 2026 годзе.
Італія — дзясяткі тысяч людзей у чарзе і новы візавы цэнтр
«Італія цяпер актыўна апрацоўвае назапашаную жывую чаргу. Цяпер выставілі слоты ў дыяпазоне 28—32 тысяч нумароў. У першыя дні сакавіка яны плануюць правесці эксперымент па «жывой чарзе». У вызначаныя дні трэба прыйсці без папярэдняга запісу і слотаў, проста пастаяць у чарзе на ганку», — тлумачыць экспертка.

Што тычыцца Італіі, Лысакоўская адзначае, што з 1 ліпеня там зменіцца візавы цэнтр, таму няма гарантыі, што чарга, у якой цяпер каля 40 тысяч чалавек, захаваецца пры змене аператара.
«З чэрвеня італьянскія візы будуць рабіцца праз VFS Global. Людзей у жывую чаргу працягваюць запісваць, але што будзе з ёй пасля 1 чэрвеня — невядома, таму па Італіі цяпер адбываецца ўсплёск актыўнасці з жывой чаргой, бо людзі хочуць паспець падаць дакументы да змены візавага цэнтра», — тлумачыць экспертка.
Яшчэ адна краіна — гэта Венгрыя. Са слоў Лысакоўскай, запісацца туды даволі складана, ды і ў тур трэба будзе ехаць абавязкова. «У пусты пашпарт Венгрыя, як правіла, ставіць аднаразовую візу пад паездку. Калі ў заяўніка ўжо ёсць візавая гісторыя, то можа быць шматразовая віза на паўгода-год. Яшчэ ёсць магчымасць адкрываць візу праз Балгарыю, але ў тур таксама трэба будзе абавязкова ехаць, інакш візу анулююць».
Польшча
Апроч вышэйпералічаных краін, ёсць варыянт падаваць дакументы на польскую турыстычную візу, але з запісам на падачу па-ранейшаму ўсё вельмі складана. Асабліва ў Мінску, а памагатыя бяруць за запіс па 500—700 рублёў.
«Людзі, у якіх раней былі доўгатэрміновыя польскія візы, атрымлівалі 5‑гадовыя турыстычныя візы. Прынамсі, так адбываецца па Гродзенскай акрузе», — дзеліцца назіраннямі экспертка. Таксама, з яе слоў, назіраецца «прасвятленне» і ў тых кейсах, дзе людзі раней мелі некалькі кароткатэрміновых турыстычных віз.

«Таксама сустракаюцца кейсы, калі Польшча выдавала шматразовыя візы тэрмінам да 5 гадоў. Але гэта вельмі рандомныя выпадкі, і з'яўлення нейкага канвеера па выдачы шматгадовых віз пакуль не назіраецца.
Прынамсі, пакуль дакладна зразумець логіку, чаму нехта атрымлівае візу пад паездку, а іншы — шматгадовую, не атрымліваецца, але пазітыўныя зрухі ў бок адлігі па Польшчы ёсць».
Таму Лысакоўская лічыць, што ёсць сэнс падаваць дакументы на польскую візу ў надзеі на тое, што пры паўторнай падачы атрымаецца атрымаць візу на вялікі тэрмін.
Каментары
Яшчэ узнікла такая тэндэнцыя - тыя хто выехаў, пачалі гнабіць тых хто застаецца. Вы выехалі і добра. Але чаму вы радуецеся што звычайны беларус не можа атрымаць візу і просіце закрыць мяжу - невядома