Свет

«Ноч ператварылася ў дзень». Іранцы расказалі пра ўдары па нафтасховішчах

Мясцовыя жыхары расказалі Персідскай службе Бі-бі-сі, як мінулай ноччу некалькі нафтасховішчаў зазналі ўдары ў працяг кампаніі ЗША і Ізраіля супраць Ірана.

Фота: Getty Images

Адзін з жыхароў паведаміў, што тое, што адбывалася, выглядала так, «быццам ноч ператварылася ў дзень».

Паводле звестак мясцовых інфармацыйных агенцтваў са спасылкай на крыніцу ў Міністэрстве нафты Ірана, паліўныя сховішчы пацярпелі ў Тэгеране і Караджы на захад ад сталіцы.

На відэазапісе відаць, як гарыць вуліца ў Тэгеране побач з адным са сховішчаў, а мужчына за кадрам кажа, што гараць крамы і жылыя дамы.

«У Караджы ўдзень было спакойна, але цяпер зноў пачалося вар'яцтва — яны ўсё ўзарвалі», — сказаў адзін з мясцовых жыхароў у размове з Бі-бі-сі.

«Спачатку з'явілася чырвонае святло, якое асвяціла ўсё вакол, затым у дзверы ўдарыла выбуховая хваля», — узгадвае іншы мужчына з Караджа ва ўзросце каля 30 гадоў.

«Потым неба зноў азарылася, і з'явілася велізарнае чырвонае воблака. Мы не разумелі, што адбываецца», — сказаў ён, дадаўшы, што падняўся на дах і ўбачыў, што мясцовае нафтасховішча ахопленае агнём.

Бі-бі-сі не раскрывае асобы іранцаў, з якімі размаўляе, у мэтах іх бяспекі.

Іранскія ўлады заявілі, што сочаць за якасцю паветра ў сталіцы, і заклікалі жыхароў заставацца дома.

Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Ірана Эсмаіл Багаі заявіў, што авіяўдары прыводзяць да «выкідаў у паветра небяспечных матэрыялаў і таксічных рэчываў», якія «ставяць пад пагрозу жыццё людзей у велізарных маштабах».

Жыхарка Тэгерана сказала, што горад ахутаны дымам:

«Адчуваецца пах гару. Я не бачу сонца. Стаіць жахлівы дым. Дагэтуль не рассеяўся, я вельмі стамілася».

Іншы мужчына з Караджа паведаміў, што ўдар па сховішчы выклікаў «велізарны выбух, пажар працягваўся некалькі гадзін».

Удары ЗША і Ізраіля па Іране, якія пачаліся з забойства вярхоўнага лідара краіны аяталы Алі Хаменеі, працягваюцца ўжо другі тыдзень. У адказ Іран наносіць удары па саюзніках ЗША і іх аб'ектах у рэгіёне.

Паводле слоў пастаяннага прадстаўніка Ірана пры ААН Аміра Саіда Іравані, у выніку ўдараў ЗША і Ізраіля загінулі як мінімум 1 332 іранскія мірныя жыхары, тысячы атрымалі раненні.

Аднак некаторыя іранцы ў размове з Бі-бі-сі сказалі, што па-ранейшаму падтрымліваюць гэтыя ўдары.

«Мы, народ, схаваліся ў сваіх дамах і з нецярпеннем чакаем разбурэння ўрада, каб зноў выйсці на вуліцы, як гэта было раней», — сказаў тэгеранец, якому каля 20 гадоў.

Паводле яго слоў, дзяржаўнае тэлебачанне папярэджвае, што любы, хто гаворыць або дзейнічае ў падтрымку ЗША, Ізраіля або Рэзы Пехлеві — сына апошняга шаха Ірана, які знаходзіцца ў выгнанні, — «будзе забіты».

Іншая жыхарка Тэгерана сказала, што вайна жахае, але дадала, што гэта цана, якую варта заплаціць за пазбаўленне ад цяперашняга рэжыму.

«Магчыма, людзям, якія не тут, гэта цяжка зразумець, але ў звычайных людзей сапраўды не засталося іншага выбару. Інакш, паверце, мы б не хацелі плаціць такую велізарную цану за вайну. Іранцы — не ваяўнічыя людзі і не дурні, проста яны так шмат пакутавалі, што дасягнулі мяжы, і ўсё, чаго яны хочуць, — гэта нармальнага жыцця», — кажа яна.

Аднак яшчэ адна жанчына з Тэгерана асцерагаецца таго, што можа чакаць краіну, калі вайна скончыцца, а цяперашні рэжым застанецца пры ўладзе.

«Нават калі вайна скончыцца і мы выжывем… Я ўпэўненая, што цана будзе вельмі высокай і яшчэ доўга ўсё будзе горш, чым раней. Асабліва калі яны застануцца пры ўладзе, — сказала яна. — Я нават не магу сказаць, хто возьме ўладу».

Каментары

Цяпер чытаюць

«У мяне на стале пяць гадоў ляжала папера з перадачай права апекі над сынам». Вольга Севярынец — пра гады страху, антыдэпрэсанты і надзею

«У мяне на стале пяць гадоў ляжала папера з перадачай права апекі над сынам». Вольга Севярынец — пра гады страху, антыдэпрэсанты і надзею

Усе навіны →
Усе навіны

Апакаліпсіс у Тэгеране: пасля ўдараў па нафтабазах на горад выпаў кіслотны дождж29

У Віцебску трэція суткі шукаюць 15‑гадовую дзяўчынку2

«Белавія» адкрыла продаж квіткоў на рэйсы з Дубая. Колькі каштуе?

Пагарда да слабасці і Азаронак-садаміт. Настаўнікі Кубані зладзілі чарговы ідэалагічны трэш па заданні беларускага акцыяніста Бохана20

«Уклаў 120% ад кошту і не шкадую». Беларус купіў машыну мары за $2000 і выдаткаваў на рамонт яшчэ больш4

ЗША і Ізраіль атакавалі сховішча нафты ў Тэгеране. Узнік моцны пажар3

Трамп заявіў, што карта Ірана можа змяніцца14

164 жанчыны за кратамі: што вядома пра палітычны пераслед жанчын у Беларусі1

Трамп абвінаваціў Тэгеран ва ўдары па іранскай школе для дзяўчынак5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У мяне на стале пяць гадоў ляжала папера з перадачай права апекі над сынам». Вольга Севярынец — пра гады страху, антыдэпрэсанты і надзею

«У мяне на стале пяць гадоў ляжала папера з перадачай права апекі над сынам». Вольга Севярынец — пра гады страху, антыдэпрэсанты і надзею

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць