У Слуцку шукаюць былых працаўнікоў завода «Эмальпосуд» для адраджэння тэхналогіі ліцця чыгункоў
Кампанія «Нанасплаў» з Ляхавічаў шукае ў Слуцку майстроў ліцейнай справы, якія калісьці працавалі на заводзе «Эмальпосуд» і ведалі тэхналогію вырабу чыгункоў без браку, піша SlutskGorod.

На прадпрыемстве сутыкнуліся з тэхналагічнымі складанасцямі пры адліўцы чыгуннага посуду — узровень браку аказаўся занадта высокім.
Пры гэтым у Ляхавічах ведаюць: на слуцкім прадпрыемстве гэтую задачу вырашалі паспяхова.
«Мы выкарыстоўваем тэхналогію ліцця па пенаполістыролавых мадэлях, але для чыгункоў яна не зусім падыходзіць, — тлумачыць прадстаўніца «Нанасплава» Святлана Макарава. — А на заводзе ў Слуцку ўжывалі кахільнае ліццё — заліўку расплаўленага металу ў шматразовыя формы. Гэта зусім іншы працэс».
Кахіль (ад французскага «ракавіна») — гэта шматразовая металічная форма для ліцця, звычайна чыгунная або стальная. Менавіта такія формы выкарыстоўваліся на «Эмальпосудзе» для вытворчасці чыгуннага посуду.
Пасля закрыцця слуцкага завода ў 2016 годзе большую частку абсталявання перадалі бабруйскаму прадпрыемству «Легмаш». Пазней тэрыторыя завода была прададзена на аўкцыёне. Там працягнулі выпускаць патэльні, але ад вытворчасці чыгункоў адмовіліся з-за складанасці працэсу. Кахілі для гэтых вырабаў пераплавілі за непатрэбнасцю.

Аднак на «Легмашы» падзяліліся цікавай дэталлю: нібыта на слуцкім заводзе працавала сямейная пара ліцейшчыкаў, у якіх адзіных атрымлівалася адліваць чыгункі практычна без браку. «Гэта як легенда, — кажуць у «Нанасплаве». — Магчыма, гэта сапраўды была канкрэтная пара, а магчыма — проста вопытныя тэхнолагі».
Ляхавіцкае прадпрыемства гатова запрасіць былых работнікаў «Эмальпосуду» ў якасці кансультантаў — на платнай разавай аснове альбо для пастаяннай працы.
Спецыялісты патрэбныя перш за ўсё на этапе вырабу кахіляў і адпрацоўкі працэсу заліўкі.

«Мы зараз працуем з пастаўшчыком над стварэннем формаў, але без ведаў людзей, якія рэальна займаліся гэтай вытворчасцю, складана пазбегнуць памылак, — прызнаюцца на прадпрыемстве. — Гатовы абмеркаваць умовы супрацоўніцтва, арганізаваць сустрэчу ў Слуцку, абмеркаваць дэталі працы са спецыялістамі».
Адлегласць ад Слуцка да Ляхавічаў — каля 100 кіламетраў. Кампанія разглядае кансультацыйную дапамогу спецыялістаў на ключавых этапах вытворчасці.
«Чаму я павінен даказваць, што не дармаед?» Прадпрымальніка з Гомеля памылкова запісалі ў незанятыя — ён даведаўся толькі пасля вялізных рахункаў за камуналку
Каментары