22‑гадовы Віктар з-пад Клецка пратрымаўся на фронце месяц. А пасля бацькі перасварыліся, дзелячы грабавыя
Ад цела хлопца, які прыйшоў «вызваляць» Данецкую вобласць, амаль нічога не засталося, бралі ДНК з парэшткаў. А пасля бацькі сталі высвятляць, хто з іх піў, а хто гадаваў дзіця.

Віктар Цынкевіч нарадзіўся 9 лістапада 2002 года ў Заастравеччы пад Клецкам — цяпер гэта немалы аграгарадок амаль на 2000 чалавек. Адтуль да вайны, што забрала яго жыццё, тысяча кіламетраў і цэлая эпоха. Але ў Заастравеччы хлопец амаль не пажыў. Бацька Павел Цынкевіч быў вайскоўцам, і сям'я перабралася ў Расію, у Энгельс Саратаўскай вобласці. Далей усё жыццё Віктара будзе рухацца па карце — туды, куды пасылалі служыць бацьку.
Сям'я развалілася, калі хлопчыку было гадоў з восем. Гэта 2010 год. Што менавіта тады адбылося, бацькі праз пятнаццаць гадоў у судзе будуць расказваць па-рознаму: маці Таццяна сцвярджала, што бацька піў і выгнаў яе з дому, бацька — што піла і вяла разгульны лад жыцця якраз яна, кінула яго з сынам і больш не вярнулася.
Суд у выніку паверыў бацьку. Як бы там ні было, з таго часу маці знікла з жыцця Віктара. Калі яму было дзесяць, на судзе аб месцы жыхарства ён сказаў проста: маму не бачыў ужо гады з два, апошні раз — мімаходзь, з акна машыны, калі праязджаў міма. З днём нараджэння яна яго не віншуе.
Гадаваў яго бацька. І мачаха — жанчына, якую Віктар называў мамай і якая, паводле яе ўласных слоў у судзе, прысвяціла яму жыццё, сваіх дзяцей не займеўшы.
З развіццём у Віктара былі праблемы — у 2011‑м яго ўзялі толькі ў энгельскую спецыяльную карэкцыйную школу. Потым была яшчэ адна школа, а калі бацьку перавялі служыць на Далёкі Усход, Віктар даканчваў дзевяць класаў ужо ў пасёлку Серышава Амурскай вобласці. Пасля паступіў у Амурскі аграрны каледж — вучыўся на машыніста дарожных і будаўнічых машын.

2 чэрвеня 2023 года, у дваццаць гадоў, Цынкевіч падпісаў кантракт з Міністэрствам абароны. Служыў у Камсамольску-на-Амуры, потым пад Масквой. На фронт, у зону так званай СВА, трапіў толькі 27 студзеня 2025 года. Узяў сабе пазыўны «Філін».
На вайне ён пратрымаўся толькі месяц. 3 сакавіка 2025 года Віктар прапаў без вестак. 6 сакавіка загінуў — каля населенага пункта Леанідаўка ў Дзяржынскім раёне «ДНР». У даведцы аб смерці суха напісана прычына: вострая масіўная страта крыві, множныя траўмы, выбух падчас баявых дзеянняў. Цела амаль не засталося — асобу вызначылі толькі ў лістападзе, праз паўгода, па супадзенні ДНК.
Усе гэтыя месяцы, пакуль ішоў пошук, пакуль звярталіся ў вайсковую часць і ў апазнавальнае ведамства, усім займалася мачаха — тая самая жанчына, якую ён клікаў мамай. Біялагічная маці на сувязь з часцю не выходзіла.
А потым пачаліся судовыя разборкі. За загінулага на вайне кантрактніка дзяржава плаціць вялікія грошы, звычайна больш за $100 тысяч. І бацька падаў у суд, каб былую жонку пазбавілі права на гэтыя грошы: маўляў, яна не расціла сына, не мае маральнага права атрымліваць за яго кампенсацыю.
Маці абаранялася як магла. Пісала, што тайком сустракалася з сынам у энгельскім парку імя Касіля, купляла яму марожанае і цукеркі, што ён раіўся з ёй наконт вучобы, што апошні раз яны перапісваліся ў WhatsApp. Але яе ўспаміны блыталіся — яна пераблытала школы, у якіх ён вучыўся, і даты. Перапіску суд адхіліў: паводле дакументаў, у той дзень, калі «сын» нібыта пісаў ёй, што ён на вайне, Віктар яшчэ і блізка не быў на фронце.
Дачку Алёну — Віктараву зводную сястру ад іншага мужчыны — жанчына ў свой час таксама пакінула, тую выгадавала ў Беларусі бабуля.
16 красавіка 2026 года Энгельскі раённы суд задаволіў іск бацькі. Маці Віктара пазбавілі права на ўсе выплаты за гібель сына — да апошняй капейкі.
Хлопец застаўся ў дакументах двойчы: спачатку — радком у даведцы аб смерці, потым — прадметам спрэчкі паміж бацькамі, якія дзялілі грошы, што Расія дала за яго гібель.

Цяпер чытаюць
«Надзея Сцяпанаўна». Мікіта Найдзёнаў апублікаваў паэму, якая нарадзілася ў Жодзінскай турме. Такога паэтычнага эпасу ў беларускай паэзіі ХХІ стагоддзя яшчэ не было
Каментары
А когда оказалась что он жив
Отказалась от него что не отдавать деньги.