«Яна была спартыўнай дзяўчынай». Што вядома пра загінулую пасажырку дэльтаплана, які ўпаў пад Мінскам
Загінулую звалі Таццяна, ёй было 26 гадоў (у верасні магло б споўніцца 27). Пра гэта журналісту выдання «Анлайнер» расказала яе блізкая сяброўка і аднакласніца: дзяўчаты разам вучыліся ў школе аграгарадка Гайна ў Лагойскім раёне.

Па словах суразмоўцы «Анлайнера», пра аварыю з дэльтапланам яна даведалася з навін, але, паколькі ў іх не згадвалася імя загінулай пасажыркі, спачатку не надала ім значэння. Толькі сёння тэлефон пачаў разрывацца ад званкоў былых аднакласнікаў: пра трагедыю камусьці з іх а 5‑й раніцы паведаміла сястра Таццяны.
«Мы літаральна ўчора з ёй камунікавалі, але ні пра які палёт размовы не было. Як яна апынулася ў мотадэльтаплане — невядома. Што канкрэтна там здарылася — пакуль што таксама. Наш агульны знаёмы размаўляў з калегамі пілота, яны паміж сабой называлі такую прычыну: сарваўся вінт і лопасцямі гэтага вінта абрэзала крыло. Пасля чаго яны пачалі падаць з вышыні 50 метраў. Мой знаёмы парашутыст, які ведаў пілота, пацвердзіў, што той быў профі, так што, думаю, гэта і праўда выпадковасць, якая ніяк ад яго не залежала».
Суразмоўца згадвае, што прычынай смерці Таццяны назвалі пералом пазваночніка.
Чатыры гады таму дзяўчына скончыла БДЭУ. У сацсетках у яе нямала фатаграфій з розных спартыўных актыўнасцяў: стрэтчынг, сноўборд, басейн, сапы. Акрамя таго, у мінулым Таццяна займалася роварным турызмам, мела медалі і дыпломы ў гэтай дысцыпліне.

«Нейкіх асабліва экстрэмальных захапленняў у яе не было, — расказвае сяброўка. — Яна проста, як і ўсе маладыя людзі, любіла спрабаваць новыя модныя забавы, хацела вострых адчуванняў. Таня была спартыўнай дзяўчынай, даволі актыўна займалася стрэтчынгам. Адукацыя ў яе бухгалтарская, але паралельна яна працавала і там [у стрэтчынгу]».
На момант гібелі Таццяна не была ні замужам, ні ў адносінах, дзяцей у яе таксама не засталося.
Нагадаем, што 14 красавіка побач з музеем пад адкрытым небам у Строчыцах пад Мінскам адбылася катастрофа мотадэльтаплана. Да вечара з афіцыйных крыніц Следчага камітэта стала вядома, што на борце знаходзіліся два чалавекі — абодва памерлі на месцы ад атрыманых траўмаў. Пілатаваў лятальны апарат 45‑гадовы інструктар Руслан Іваноў, разам з ім была 26‑гадовая пасажырка.
Упаў на вачах першакласнікаў — новыя падрабязнасці падзення мотадэльтаплана
«Разбіліся непадалёк ад млына». Што кажуць мясцовыя пра дэльтаплан, які разбіўся ўчора
Пілот, які разбіўся на дэльтаплане пад Мінскам, — гітарыст гурта «Цвет Алоэ»
Пілот вываліўся, пасажырка засталася ў небе адна — падрабязнасці катастрофы з дэльтапланам пад Мінскам
Пад Мінскам два чалавекі разбіліся на дэльтаплане
Каментары