Вайна88

Расія рыхтуе летняе наступленне. Ці возьме яна Славянск і Краматорск?

Расія рыхтуецца ўзмацніць наступ на ўсходзе Украіны і ўжо да восені рэалізаваць сваю мэту — захапіць усю тэрыторыю Данбаса. Яна ўжо перакідае сюды рэзервы. Прынамсі, такія даныя прыводзіць украінская вайсковая разведка. Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі 22 красавіка заявіў, што расійская армія «праводзіць перагрупоўку і падцягвае рэзервы». Наколькі вялікія шанцы на поспех гэтага наступлення, аналізуе Украінская служба Бі-бі-сі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Dmytro Smolienko/Ukrinform/NurPhoto via Getty Images

Паводле даных аналітыкаў, наступленне Расіі можа пачацца на працягу наступнага месяца, калі павялічыцца «зялёнка» і ўсталюецца туманнае ці дажджлівае надвор'е на ўсходзе Украіны, якое замінае БПЛА, але спрыяе пяхотным і механізаваным штурмам.

На гэты момант пад кантролем Украіны застаецца каля 20% тэрыторыі Данецкай вобласці і ключавая для яе абароны мяжа — «пояс крэпасцяў», гэта значыць агламерацыя Славянск — Краматорск — Дружкоўка — Канстанцінаўка. Гэта найбольш абаронены інжынерна-фартыфікацыйнымі збудаваннямі ўчастак зямлі ва усёй краіне.

З поўначы і паўднёвага захаду яе прыкрываюць яшчэ два магутныя ўмацаваныя раёны — гарады Ліман і Дабраполле.

Настойлівае патрабаванне Крамля вывесці УСУ з гэтых тэрыторый для нібыта завяршэння вайны ўкраінскія ўлады адхіляюць. Паводле слоў Уладзіміра Зеленскага, ЗША таксама ціснуць на Украіну адносна вываду войскаў з Данбаса.

Аднак у Кіеве маюць сумневы, што такія саступкі насамрэч суцішаць апетыты Масквы. Тэрыторыі заходніх раёнаў Данеччыны з’яўляюцца падрыхтаванымі абарончымі рубяжамі для абароны суседніх Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласцей.

Таму, калі Украіна адхіляе варыянт з вывадам войскаў, дык ці сапраўды Расія здольная сілай узяць Данеччыну, як яна гэта дэкларуе?

Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра горад Славянск, які мае і «сімвалічную вагу» як населены пункт, адкуль у 2014 годзе пачалася расійская гібрыдная агрэсія на усходзе Украіны і дзе армія Расіі пацярпела першую паразу ад украінскіх войскаў.

Уплыў рэльефу

«Наша армія рухаецца ў напрамку Славянска. Недалёка той дзень, калі мы вызвалім і Славянск, і Краматорск — гэта ўсё данецкая зямля», — заявіў 21 красавіка начальнік Генштаба УС РФ Валерый Герасімаў, інспектуючы пазіцыі групоўкі войскаў «Поўдзень» на фронце.

Паводле яго слоў, расіяне ўжо наблізіліся на адлегласць 12 км да Славянска і 7 — да Краматорска.

Праўда, OSINT-аналітыкі адмаўляюць гэтыя даныя. Напрыклад, амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW) паказвае, што, паводле яго падлікаў, расійскія войскі цяпер знаходзяцца на адлегласці 14 км ад Краматорска і 9 — ад Славянска.

За абарону гэтых гарадоў адказвае 11‑ы армейскі корпус УСУ. Прэс-сакратар гэтай групоўкі, падпалкоўнік Дзмітрый Запарожац, сказаў Украінскай службе Бі-бі-сі, што расійскія войскі сапраўды больш актыўна праяўляюць сябе ў напрамку Славянска і аддаюць прыярытэт атакам на гэтым участку.

У бок гэтага горада яны рухаюцца адразу па двух напрамках, якія сыходзяцца да адной мэты: з паўночнага ўсходу расіяне атакуюць уздоўж ракі Северскі Данец, а з паўднёвага ўсходу — паралельна дарозе Славянск — Бахмут.

У першым выпадку баі ідуць каля вёсак Каленікі, Разнікоўка (Мінабароны РФ 17 сакавіка заявіла пра іх захоп, Украіна гэта адмаўляе) і Крывая Лука. Каля трасы з Бахмута баявыя дзеянні адбываюцца ў раёне вёсак Прыволле, Мінькоўка, Нікіфараўка і Фёдараўка Другая (пра іх узяцце Расія абвясціла на працягу лютага-сакавіка).

Валерый Герасімаў 21 красавіка наведаў штаб групоўкі «Поўдзень». Фота: Міністэрства абароны Расіі

Украінскае камандаванне заяўляе, што праціўнік спрабуе падтрымліваць тэмп атак, паколькі плануе выйсці на вышыні каля Славянска, каб мець лепшыя пазіцыі для наступлення.

«Славянскі кірунак больш актыўны з-за геаграфічнага размяшчэння праціўніка. Зараз ён у нізіне, і пакуль у нас ёсць навакольныя вышыні, то мы ў вялікай колькасці маем магчымасць знішчаць праціўніка», — кажа падпалкоўнік Запарожац.

Гаворка ідзе пра так званыя крэйдавыя скалы, што ў межах запаведніка «Крэйдавая флора» на ўскраіне пасёлкаў Мікалаеўка, Закотнае і Крывая Лука. Зараз тут ідуць баі, УСУ зрываюць спробы праціўніка замацавацца на ўчастку.

«Вышыні — гэта кантроль любой лагістыкі. Хлопцы, якія там стаяць, кажуць, што з вышынь каля Крывой Лукі Славянск «як на далоні відаць». Гэта дае магчымасць для прымянення любых беспілотных складнікаў, гэта дае магчымасць ціску на лагістычныя маршруты, якія пралягаюць праз Славянск да таго ж самага Краматорска», — тлумачыць Дзмітрый Запарожац.

Былы начальнік украінскага Генштаба Віктар Мужэнка кажа, што вышыні на гэтай мясцовасці армія Украіны выкарыстоўвала яшчэ падчас вызвалення Славянска летам 2014 года ў рамках антытэрарыстычнай аперацыі.

«Там перапад вышынь, там яры, якія дазваляюць эфектыўна весці абарону. Так што шлях расіян у напрамку Славянска не будзе простым і хуткім, як яны, магчыма, чакаюць», — казаў генерал у інтэрв’ю «Радыё Свабода».

Баявыя дзеянні ідуць за вышыні ў межах запаведніка «Крэйдавая флора» на ўсход ад Славянска, на беразе ракі Северскі Данец. Фота: Украінская прыродаахоўная група

Зараз гэты ўчастак фронту не з’яўляецца «рэкардсменам» па колькасці баявых сутыкненняў за суткі (тут лідзіруюць Пакроўскі і Канстанцінаўскі кірункі), але расіяне прыкладаюць намаганні, каб прасунуцца ў бок Славянска не толькі ад паўднёвага берага ракі Северскі Данец з боку акупаванага Северска, але і з паўночнага берага — з боку Серабранскага лесу, які Расія захапіла восенню 2025-га.

Тут яны імкнуцца выйсці да перапраў праз водную перашкоду каля вёскі Стары Караван (генерал Герасімаў 21 красавіка заявіў, што ў гэтым населеным пункце ўжо ідуць баі, OSINT-аналітыкі гэта не пацвярджаюць).

Сітуацыю для Расіі ускладняе тое, што ўкраінцы да гэтага часу ўтрымліваюць пад кантролем частку пасёлка Ямпаль, які апынуўся ў глыбіні кантраляванай праціўнікам тэрыторыі. Утрыманне пазіцый тут дазваляе ствараць флангавую пагрозу для арміі Расіі.

Кірунак на Краматорск

Што тычыцца Краматорска, то расійскія войскі менш актыўныя на гэтым участку, адзначае прэс-сакратар 11‑га АК.

«Яны спрабуюць пераважна ў бок Славянска рухацца, а не Краматорска. Бо каля яго больш падрыхтаваныя інжынерныя збудаванні, больш адкрытай мясцовасці і рухацца на Краматорск цяпер — гэта для РФ проста бязглузда губляць свой рэсурс. Таму яны гэтага і не робяць», — кажа Дзмітрый Запарожац.

На гэтым участку ўмоўнай мяжой абароны з’яўляецца канал Северскі Данец — Данбас. Нягледзячы на тое, што ён не напоўнены вадой, усё ж такі застаецца перашкодай для бранятэхнікі.

«Трубы канала Северскі Данец — Данбас да гэтага часу адыгрываюць фартыфікацыйную ролю, бо праціўнік не можа так проста падцягваць браняваную тэхніку. А гэта давала б магчымасць палепшыць іх лагістыку і насыціць пярэдні край для працягу штурмавых дзеянняў», — гаворыць прэс-сакратар 11‑га АК.

Баявыя дзеянні тут праходзяць на ўсход ад канала, у раёне сёлаў Мінькоўка, Нікіфараўка, Фёдараўка Другая і Прыволле. Ніводзін з бакоў не мае ўпэўненага кантролю над імі.

Акрамя таго, падзеі на Краматорскім кірунку звязаныя з тэмпамі наступу расіян на суседнім Канстанцінаўскім кірунку і каля Часавага Яра.

Украінцы да гэтага часу ўтрымліваюць заходнія ўскраіны гэтага горада і адпаведна стрымліваюць прасоўванне расіян у напрамку Дружкоўкі і Канстанцінаўкі.

Расія бамбіць Краматорск з паветра, не маючы магчымасці наблізіцца да яго па зямлі. На фота — наступствы авіяўдару па жылых кварталах 11 красавіка. Фота: Нацыянальная паліцыя

Не маючы істотнага прасоўвання пяхоты, Расія пачала больш актыўна бамбіць гарады агламерацыі з паветра.

Выкарыстоўваючы шматтонныя КАБы, яна разбівае кварталы, руйнуе лагістыку і спрабуе зрабіць населеныя пункты непрыдатнымі да абароны.

Што тычыцца тактыкі «на зямлі», то Расія выкарыстоўвае захоплены ў снежні 2025 года Северск як апорны пункт канцэнтрацыі войскаў для далейшай іх інфільтрацыі ў суседнія сёлы.

«У Северск шмат расійскіх вайскоўцаў заехала. Там усё кішыць іх асабовым складам, вельмі шмат тэхнікі заязджае туды. Верагодна, да поўнамаштабнага ўварвання там столькі не было насельніцтва, колькі зараз там людзей ёсць», — сказаў Бі-бі-сі сузаснавальнік OSINT-праекта DeepState Руслан Мікула, які, у прыватнасці, адсочвае перамяшчэнне войскаў.

Калі пачнецца наступленне

Паводле даных 11‑га армейскага корпуса, на Славянска-Краматорскім напрамку Расія сканцэнтравала каля 80 тысяч байцоў, а таксама перакідае папаўненне з навучальных цэнтраў.

Але гэтых сіл недастаткова, каб прабіць эшаланаваную абарону «пояса крэпасцяў». Тым больш што цяперашнія пазіцыі арміі Расіі не спрыяюць прасоўванню, адзначае падпалкоўнік Запарожац:

«Пакуль яны ў нізіне, мы можам знішчаць іх у вялікай колькасці, і я маю сумневы, што яны нейкія свае планы змогуць рэалізаваць у найбліжэйшай перспектыве, нават да канца лета».

Аднак расійскія вайскоўцы працягваюць паступовае назапашванне сіл і, відавочна, чакаюць спрыяльных умоў надвор'я, каб пачаць вялікае наступленне, адзначае аналітык Руслан Мікула.

На яго думку, яны паспрабуюць дзейнічаць па такой схеме: спачатку даціснуць Канстанцінаўку (цяпер баі вядуцца ў паўднёвых і ўсходніх кварталах горада), затым паспрабуюць узяць ці акружыць суседнюю Дружкоўку.

Наступная задача — узяць пад кантроль Ліман (заявы генерала Герасімава пра кантроль над 70% гэтага горада адмаўляюцца ўкраінскім бокам, камандаванне УСУ кажа, што расійскіх войскаў у населеным пункце няма) і прасунуцца ўздоўж ракі Северскі Данец.

Гэта ім дасць магчымасць абстрэльваць Славянск з паўночнага берага і ў перспектыве стварыць «абцугі» для захопу.

Аднак ці рэалістычна ўсё гэта зрабіць на працягу наступных 4 месяцаў ці нават да канца года?

Сузаснавальнік DeepState упэўнены, што расійская армія зараз не ў тых кандыцыях, каб выканаць такую задачу.

«Задачы такія яны ставяць, але гэта ніяк не карэлюецца з рэальнасцю», — сказаў ён.

Больш за тое, аналітыкі DeepState не фіксуюць маштабных перакіданняў войскаў менавіта на Данеччыну. Паводле слоў Мікулы, ёсць прыкметы таго, што Расія, наадварот, перамяшчае рэзервы, у прыватнасці дэсантна-штурмавыя войскі, у раён Гуляйполя (Запарожская вобласць).

Акрамя таго, Расія спрабуе прымусіць Украіну перакідаць дадатковыя сілы на Сумшчыну і Харкаўшчыну, дзе яе войскі актывізаваліся за апошнія тыдні на прымежнай тэрыторыі. Менавіта на гэтым участку зафіксавана найбольшае прасоўванне Расіі ў красавіку.

Амерыканскі вайсковы аналітык Майкл Кофман упэўнены, што Крэмль не мае сілаў і рэсурсаў для штурму Славянска-Краматорскай агламерацыі.

«Пагроза для гэтых гарадоў і ўсёй агламерацыі ў тым, што расійскія войскі падыдуць дастаткова блізка, каб іх дроны маглі свабодна лётаць над Краматорскам і Славянскам. Гэта б прымусіла іх да эвакуацыі, і тады гэтыя гарады паўтарылі б лёс Пакроўска перыяду канца 2024 — пачатку 2025 года. Гэта значыць, Украіна нібы і кантралюе горад, але ён губляе жыццяздольнасць», — выказаў ён сваю думку ў інтэрв’ю «Суспільнаму».

Падобную пазіцыю агучыў і адзін з кіраўнікоў сілавога блока Украіны.

«У іх ужо няма сіл на новае вялікае наступленне», — так ахарактарызаваў ён магчымасці праціўніка ў размове з Украінскай службай Бі-бі-сі.

Паводле яго слоў, украінская армія зараз «упэўнена стаіць на сваіх пазіцыях».

Каментары8

  • Рашагудбай
    23.04.2026
    Не возьме, расейская экономіка вось-вось разваліцца, санкцыі яе дабіваюць, ім няма чым плаціць войску. Няма з чаго рабіць зброю, няма чым запраўляць тэхніку - украінцы спалілі ўсю нафту. Орбана скінулі, расея праз месяц разваліцца
  • Торшкі не
    23.04.2026
    Па маёй інфармацыі Расея падцягвае значныя рэзэрвы. У іх ёсць значныя рэзэрвы. Гэта будзе самая цяжкая бітва, якую толькі можна ўявіць. Гэта будзе Сталінград. Таму я ўсіх прашу вельмі дапамагчы Украіне ў гэты момант. Прашу дапамагчы нашым дабрахвотнікам, дапамагчы падрыхтавацца. Дапамагчы выстаяць і ўтрымаць пазіцыі. Будзе вельмі цяжка, вельмі, але мы зможам.
  • Indrid Cold
    23.04.2026
    Яна возьме канешне, але тое што яна возьме па навучнаму называеца [Рэд. Выдалена].

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

«Даў усім па гранаце і сказаў: «Ведаеце, што рабіць». Літовец, які ваяваў з Лазоўскім, напісаў пранізлівы ўспамін пра яго6

«Даў усім па гранаце і сказаў: «Ведаеце, што рабіць». Літовец, які ваяваў з Лазоўскім, напісаў пранізлівы ўспамін пра яго

Усе навіны →
Усе навіны

У ЗША арыштавалі спецназаўца, які зарабіў $400 тысяч на стаўцы, што арыштуюць Мадура7

«Навошта гэта мне?» Трамп выключыў ядзерны ўдар па Іране і абвясціў аб падаўжэнні перамір'я паміж Ізраілем і Ліванам1

Перыменапаўза ў 30 гадоў: новае даследаванне паказала, што з ёй сутыкаецца больш за палову жанчын2

Памёр Уладзімір Куліковіч4

«Кавалачак пальца застаўся ў рукавіцы». Гісторыя мінчанкі, якую ў скверы ўкусіў чужы сабака2

У Літве апублікавалі шэраг архіўных спраў з фотаздымкамі Яна Булгака

На Венецыянскім біенале вырашылі сёлета зноў адкрыць расійскі павільён. Еўрасаюз пагражае адклікаць фінансаванне5

Андрэева: Калеснікаву купілі за «Беларуськалій», мяне за зняццё санкцый з банкаў. Калі б санкцый не было, за што б нас куплялі?35

Малады экс-дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі перайшоў у Расіі з мемарыяла «Катынь» у музей рэвалюцыі 1905 года5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Даў усім па гранаце і сказаў: «Ведаеце, што рабіць». Літовец, які ваяваў з Лазоўскім, напісаў пранізлівы ўспамін пра яго6

«Даў усім па гранаце і сказаў: «Ведаеце, што рабіць». Літовец, які ваяваў з Лазоўскім, напісаў пранізлівы ўспамін пра яго

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць