«Пад чырвонай зоркай і свастыкай». У Варшаве прэзентуюць кнігу пра акупаваную Заходнюю Беларусь
7 мая ў Варшаве пройдзе прэзентацыя беларускага перакладу кнігі «Пад чырвонай зоркай і свастыкай: Баранавіччына ў 1939—1944 гг. Заходняя Беларусь пад нямецкай і савецкай акупацыяй» з удзелам яе аўтара Аляксандра Бракеля.

Аляксандр Бракель — нямецкі гісторык і палітолаг, спецыялізуецца на гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, у прыватнасці, Беларусі пад нямецкай акупацыяй (1941—1944). Жыве і працуе ў Вашынгоне (ЗША). У 2010‑2015 узначальваў беларускае, а пазней — ізраільскае прадстаўніцтва Фонду Конрада Адэнаўэра. Запрошаны даследчык універсітэту Уэслеан (Wesleyan University).
У ягонай кнізе на прыкладзе адміністрацыйнай адзінкі, якая ў міжваеннай Польшчы мела назву Навагрудскага ваяводства, у БССР (1939—1941 і 1944—1954 г.) — Баранавіцкай вобласці, а падчас нямецкай акупацыі (1941—1944 г.) — Баранавіцкай акругі Генеральнага камісарыята Беларусі, даследуецца штодзённае жыццё яе жыхароў.
У аснове публікацыі ляжыць аналіз дакументальных крыніц з 84 фондаў беларускіх, нямецкіх і польскіх архіваў. Увядзенне такога масіву дакументаў у навуковае абарачэнне значна ўзбагачае беларускае гістарычнае крыніцазнаўства.
У кнізе апублікаваныя дзясяткі дакументаў і фотаздымкаў, частка з іх — упершыню.
З кнігі можна даведацца:
- што хоць савецкі і нацыскі рэжымы вызнавалі адрозныя ідэалогіі, абодва яны былі аднолькава людажэрскія. Як першы, так і другі практыкавалі тэрор супраць мірнага насельніцтва і імкнуліся вынішчыць цэлыя яго групы. Саветы ажыццявілі пагалоўную дэпартацыю з рэгіёна польскіх вайсковых асаднікаў з сем’ямі, нацысты ж зганялі яўрэяў у гета, каб неўзабаве пачаць іх фізічную ліквідацыю.
- што нямецкая акупацыя прынесла значна больш чалавечых ахвяр, бо адбывалася ў варунках бязлітаснай вайны на знішчэнне, а пік кровапраліцця прыпаў на час, калі немцы адчулі перспектыву паразы ў гэтай вайне.
Гэтае выданне належыць да шэрагу найлепшых прац беларускіх і замежных гісторыкаў, прысвечаных Беларусі пад нямецкай акупацыяй — Юрыя Туронка, Бернгарда К'яры, Леаніда Рэйна ды інш.
Час правядзення прэзентацыі: 7 мая (чацвер), 18:00 — 19:30.
Адрас: Muzeum Wolnej Białorusi (ul. Foksal 11/1), Warszawa.
Прэзентацыя праводзіцца пры падтрымцы праграмы Еўрапейскага саюза 'EU4Belarus: Support to Advanced Learning and Training (SALT II).
Цяпер чытаюць
Памятаеце Данііла з Офіса Ціханоўскай, якому за два дні сабралі грошы на анкалагічную аперацыю? Яму напісаў той самы аднакласнік, які яго ўдарыў — з чаго ўсё і пачалося
Каментары
Кнігі важныя. Расказаць яшчэ раз з аўтарам і перакладчыкам - добра.
Але сама камунікацыя (навіны ў сацсетках) пабудавана блытана, без належнага кантэксту. Выглядае, што сммшчыкі і журналісты і самі не ведаюць, што капіруюць. Гэта і непавага да чытачоў.
Чамусьці літоўцы лічаць што Вільню ў той час палякі акупавалі, украінцы кажуць пра акупацыю Галічыны. А нашы як вады ў рот набралі
ПС: БССР гэта таксама акупацыя