У Швецыі прынялі рашэнне канфіскаваць затрыманае судна расійскага ценявога флоту
Швецыя канфіскавала грузавое судна, якое, паводле ўладаў, магло належаць да так званага «ценявога флоту» Расіі і выкарыстоўвалася для абыходу міжнародных санкцый, піша Euronews.

Гаворка ідзе пра 96‑метровы карабель Caffa, які ў пачатку сакавіка быў спынены шведскімі ўладамі каля берагоў краіны. На борт судна падняліся ўзброеныя супрацоўнікі паліцыі Швецыі. Частка экіпажа была затрымана па падазрэнні ў парушэнні марскога заканадаўства, правіл бяспекі і выкарыстанні падробленых дакументаў.
Паводле інфармацыі шведскай пракуратуры, судна рухалася ў бок Санкт-Пецярбурга. Таксама адзначаецца, што яно магло ісці пад фальшывым сцягам і знаходзіцца ў санкцыйных спісах Украіны.
Шведскія ўлады сцвярджаюць, што атрымалі запыт на прававую дапамогу ад замежнай краіны, але не раскрываюць, ад якой менавіта. Менавіта ў межах гэтага запыту было прынята рашэнне аб канфіскацыі судна для далейшага разгляду ў судзе і магчымай перадачы іншай дзяржаве.
Паводле інфармацыі берагавой аховы, ёсць падазрэнні, што судна магло выкарыстоўвацца для перавозкі збожжа, якое лічыцца вывезеным з Украіны. Таксама паведамляецца, што большасць членаў экіпажа — грамадзяне Расіі.
У матэрыялах адзначаецца, што Расія выкарыстоўвае сетку старых танкераў з няпразрыстай структурай уласнасці, каб абыходзіць санкцыі ЕС, ЗША і краін G7, уведзеныя пасля пачатку вайны супраць Украіны ў 2022 годзе.
Цяпер чытаюць
Памятаеце Данііла з Офіса Ціханоўскай, якому за два дні сабралі грошы на анкалагічную аперацыю? Яму напісаў той самы аднакласнік, які яго ўдарыў — з чаго ўсё і пачалося
Каментары