12 чалавек у Нідэрландах адправілі на каранцін праз памылкі ў працы з хантавірусам
Каранцін у гэтым выпадку павінен працягвацца 42 дні, або шэсць тыдняў.

Дванаццаць супрацоўнікаў медыцынскага цэнтра ў Неймегене былі адпраўленыя на шасцітыднёвы каранцін пасля парушэнняў пратаколаў пры працы з пацыентам, заражаным хантавірусам, паведамляюць СМІ.
Пацыент, які паступіў 7 мая і быў пасажырам круізнага судна MV Hondius, дзе раней была зафіксаваная ўспышка віруса, прайшоў стандартную працэдуру забору і апрацоўкі крыві, хоць з-за асаблівасцяў хантавіруса патрабаваўся ўзмоцнены рэжым біябяспекі. Пазней высветлілася, што і пры ўтылізацыі мачы не былі выкананыя актуальныя міжнародныя прадпісанні.
«Нягледзячы на вельмі нізкую верагоднасць заражэння, 12 супрацоўнікаў у мэтах перасцярогі адпраўленыя на каранцін на шэсць тыдняў», — заявілі ў медцэнтры.
У красавіку лайнер MV Hondius пад сцягам Нідэрландаў выйшаў з Ушуая (Аргенціна) і накіраваўся да Канараў. На яго борце знаходзіліся каля 150 чалавек, у тым ліку грамадзяне Вялікабрытаніі, Іспаніі, Нідэрландаў і ЗША.
Цягам месяца памерлі тры чалавекі. Так, 6 красавіка 70‑гадовы грамадзянін Нідэрландаў адчуў недамаганне і пазней памёр. Яго жонка, якая сышла на бераг на востраве Святой Алены, памерла 26 красавіка ў ПАР, дзе аналізы пацвердзілі заражэнне хантавірусам. Грамадзянка Германіі памерла на судне 2 мая.
10 мая на Тэнерыфе пачалася эвакуацыя пасажыраў MV Hondius. Усе турысты, якія сышлі на бераг, праходзілі абследаванне на наяўнасць віруса. Паводле даных СААЗ, каля дзесяці чалавек здалі станоўчы тэст на хантавірус.
Каментары