У Харкаве суд працягнуў утрыманне пад вартай беларускага добраахвотніка Жэрара. Ён патлумачыў, адкуль у яго былі 1,4 мільёна еўра
Кіеўскі раённы суд Харкава працягнуў тэрмін утрымання пад вартай беларускага добраахвотніка Аляксандра Жэрара Красоўскага на 35 дзён. Ён застанецца ў СІЗА як мінімум да 14 чэрвеня. Адвакаты падалі апеляцыю на прынятае рашэнне. На гэтым пасяджэнні пабываў «Белсат».

СЗЧ і боепрыпасы
Чарговае пасяджэнне суда адбылося ў панядзелак, 11 мая. Суд разглядаў просьбу абвінавачвання працягнуць тэрмін утрымання пад вартай беларускага добраахвотніка Аляксандра Жэрара Красоўскага, які з 2022 года ваяваў за Украіну.
Пачатак суда быў запланаваны на 9:30 раніцы, але пасяджэнне расцягнулася на ўвесь дзень. Спачатку адклалі, бо ваяра не даставілі своечасова ў залу, пасля пераносілі на некалькі гадзін, бо той папрасіў перакладчыка. Потым яшчэ мусілі дачакацца другога адваката: абаронцаў увогуле ніхто не папярэдзіў пра пасяджэнне, ім не паведамілі, калі будуць судзіць іх кліента, яны шукалі інфармацыю самі.
Падазраюць беларускага добраахвотніка ва Украіне цяпер паводле двух крымінальных артыкулаў — у самавольным пакіданні вайсковай часці і захоўванні без неабходнага дазволу зброі і боепрыпасаў. На судзе Жэрар заявіў, што не прызнае сваю віну, абарона ж лічыць справу сфабрыкаванай.
Сам Жэрар і ягоныя адвакаты заўважаюць, што на гэты момант ён не мае статусу вайскоўца ўвогуле, бо быў звольнены з часці ў лістападзе. Але судзяць яго менавіта як вайскоўца. Таксама абарона нагадвае, што ва Украіне добраахвотнік жыве на падставе ДНЖ і мае беларускае грамадзянства, і як іншаземец мае іншыя правы ў арміі.
«У матэрыялах справы ёсць заявы сведкаў, што Красоўскі не з'явіўся ў вайсковую часць (пасля таго, як быў адкліканы камандаваннем з адпачынку. — «Белсат»). А на той момант ужо разглядаўся ягоны рапарт пра звальненне, бо як іншаземец ён можа разарваць кантракт у любы момант. Яшчэ да таго, як вайсковая часць праводзіла нейкае службовае расследаванне, Красоўскі ўжо не быў вайскоўцам: яго звольнілі. На гэты момант ён ужо не ёсць вайскоўцам.
Тады пытанне: як камандаванне, якое магло спачатку казаць, што сітуацыя патрабуе адклікаць Красоўскага з адпачынку, пасля само ж звольніла яго?» — задаваўся пытаннем адвакат Багдан Балынскі.
З улікам таго, што ва Украіне шмат вайскоўцаў пайшлі з часцей ці пазіцый у так званае СПЧ (самавольнае пакіданне часткі) і не знаходзяцца пад вартай месяцамі, а нават трапіўшы за краты, выходзяць пад заклад, абарона разлічвала на больш мяккае рашэнне суда і ў справе Красоўскага, чыё СПЧ, паводле абвінавачання, доўжылася толькі некалькі дзён да звальнення.
Таксама, згодна з абвінавачваннем, у арандаваным прыватным будынку беларуса знайшлі больш як 500 патронаў і тры гранаты. Жэрар на судзе адзначыў, што дае жыллё іншым вайскоўцам, у тым ліку іншаземцам, а доступ на падворак і падвал адкрыты.
«Дзверы ў падвал не зачыняюцца, брама ў двор не замыкаецца. Знойдзеныя рэчы (гаворка пра патроны і гранаты. — «Белсат») знаходзіліся ў мяху разам з асабістымі рэчамі байца Г. (пазыўны не называецца ў мэтах захавання асабістых даных. — «Белсат»). Памер адзення там — М, зусім не мой. І гэты вайсковец пацвердзіў, што ў маім доме было шмат вайскоўцаў», — тлумачыць Красоўскі.
Больш як паўмільёна еўра
Яшчэ адна гучная дэталь, якая прысутнічае ў справе беларуса Жэрара, — знойдзеныя ў тым жа падвале 680 тысяч еўраў. Раней іншы беларускі добраахвотнік Дзяніс Урбановіч абвінавачваў Красоўскага ў «карумпаваных схемах».

Раніцай у панядзелак 11 мая разглядалася і пытанне пра гэтыя канфіскаваныя падчас вобшуку грошы — Жэрара ў гэты час у зале не было.
Ужо пасля, чакаючы суд адносна падаўжэння тэрміну варты, ён агучыў сваю версію. Беларус запэўнівае, што грошы атрымаў ад заходніх партнёраў, якія праз яго дапамагаюць украінскаму войску. Паводле слоў ваяра, людзі ахвяруюць грошы менавіта вайскоўцам, асцерагаючыся трапіць на сумнеўныя схемы пры закупках вайсковымі структурамі ці дзяржавай, пра якія грамадства даведваецца падчас карупцыйных скандалаў.
Ва Украіне сапраўды шмат людзей данацяць непасрэдна падраздзяленням і асобным вайскоўцам на канкрэтныя патрэбы, а тыя пасля публікуюць публічныя справаздачы.
Беларус расказаў, што сума, якую ахвяравалі, была нашмат большай — каля 1 мільёна 400 тысяч еўра. Мужчына запэўнівае, што на частку гэтых грошай ужо закупіў мабільныя казармы для падраздзялення і мае дакументальныя пацвярджэнні гэтаму.
«А тыя 680 тысяч так вырашылі аджаць. Гэта проста беззаконне. Ёсць рашэнне апеляцыйнага суда, які пастанавіў вярнуць мне гэтыя грошы», — сказаў Жэрар.
Паразмаўляць з Аляксандрам асобна і задаць пытанні следчыя журналістцы не дазволілі. Але паміж слуханнямі ён адзначыў: пасля апеляцыі прайшло іншае паседжанне — без пракурора, адвакатаў і яго самога, на якім суддзя пастанавіў аддаць грошы іншай асобе. Пытанне пра іх лёс яшчэ разглядаюць харкаўскія суды.
Што вядома пра стан і ўмовы ўтрымання беларуса?
Аляксандр на судзе не выказваў скаргаў на стан здароўя ці на стаўленне з боку адміністрацыі і супрацоўнікоў СІЗА. Адзначыў, што атрымлівае ўсё неабходнае.
Таксама цяпер у беларуса ёсць сувязь з жонкай — яму дазволена тэлефанаваць, што раней забаранялі следчы і пракурор. Хаця нават цяпер абвінавачванне заяўляла, што як іншаземец ён можа перадаваць нейкую сакрэтную інфармацыю ці шыфры па-беларуску падчас званкоў, а супрацоўнікі, якія праслухоўваюць размовы, не разумеюць мовы. Усё агулам, маўляў, можа быць пагрозай нацыянальнай бяспецы Украіны. Гэта таксама аспрэчвалі адвакаты.
Таксама пракурор мяркуе, што Красоўскі, калі выйдзе пад заклад ці будзе пад хатнім арыштам, можа перадаць сакрэтную інфармацыю пра размяшчэнне войскаў і ўзбраення, лагістычных маршрутаў УСУ як чалавек, які знаходзіўся на фронце і кіраваў падраздзяленнем.
Гучала нават тое, што звесткі могуць перадавацца ў Беларусь і нібыта ёсць рызыка, што сам Жэрар можа ўцячы на радзіму. Хаця беларускія ўлады падалі ваяра ў вышук і завочна абвінавачваюць у «наёмніцтве» і пагражаюць вялікімі тэрмінамі.

Чым скончыўся суд
Аляксандр Красоўскі падчас пасяджэння звяртаў увагу на свае заслугі і добрыя вынікі падраздзялення, якім кіраваў. Таксама адзначаў, што з'яўляецца кваліфікаваным спецыялістам, які можа прыносіць карысць украінскай арміі замест таго, каб сядзець за кратамі, бо акурат перад затрыманнем збіраўся перайсці ў іншае падраздзяленне і працягваць службу.
«Я добраахвотна прыйшоў абараняць Украіну, атрымліваў раненні, атрымаў ведамасныя і дзяржаўныя ўзнагароды, якія былі здабытыя крывёй і потам, — казаў у сваёй прамове Аляксандр. — Пад маім камандаваннем аддзяленне за паўтара года зрабіла больш як 500 эвакуацый бранятэхнікі. За гэты час пад маім кіраўніцтвам не было ніводнага СПЧ, а маё падраздзяленне — два ўзводы — панесла страты толькі трыма «трохсотымі» і адным «двухсотым».
Расейцы на мяне палююць, паводле іх замовы была спаленая мая машына. У Беларусі мне далі 15 гадоў завочна за «наёмніцтва» — за тое, што ваюю за Украіну. Грошы, якія мне перадаюць мае сябры і партнёры з-за мяжы, яны перадаюць таму, што ведаюць, што я адказны чалавек і выдаткую ўсё на абарону Украіны. Улічваючы ўсё сказанае, не ведаю, калі я не варты выхаду пад заклад, то хто тады варты? Прамых доказаў маёй вінаватасці ў матэрыялах справы няма», — зрабіў выснову беларус.
Як і раней ягоныя абаронцы, ён нагадваў пра маленькую дачку з інваліднасцю і жонку, якая вымушаная і працаваць, і займацца рэабілітацыяй хворага дзіцяці самастойна.
Пасяджэнне з улікам пераносаў доўжылася амаль да 21:00, калі суддзя зачытала пастанову. Яна падтрымала бок абвінавачвання — тэрмін утрымання пад вартай Жэрару падоўжылі на 35 дзён. Беларускі добраахвотнік застанецца ў СІЗА прынамсі да 14 чэрвеня без магчымасці выйсці пад заклад.
«Беларусь 2.0. Беззаконне», — сказаў Красоўскі перад тым, як яму надзелі кайданкі і вывелі з залы суда.
Адвакаты падалі апеляцыю на прынятае рашэнне і абскарджваюць таксама тое, што не былі папярэджаныя пра пасяджэнне, і суд над кліентам мог прайсці без іх удзелу і ведама.
Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра
Бел-чырвона-белы сцяг — з сабой. Каліноўцы выпусцілі працяг фільма-дзённіка
Жонка загінулага беларускага добраахвотніка патрабуе змяніць закон пра званне «Герой Украіны», якім нельга ўзнагародзіць замежнікаў
«Даў усім па гранаце і сказаў: «Ведаеце, што рабіць». Літовец, які ваяваў з Лазоўскім, напісаў пранізлівы ўспамін пра яго
Каментары
Украінскае "правасуддзе" - яно такое. Пусьціце нас у Еўрасаюз, кажуць яны.