Даішнік, якога збіў машынай пенсіянер пад Мінскам, памёр у бальніцы. Яму зладзілі пышнае пахаванне
Прэс-служба МУС паведаміла пра пахаванне старшага інспектара ДПС спецузвода ДАІ УУС Мінскага аблвыканкама маёра міліцыі Пятра Масалбасава. Гэта той самы супрацоўнік ДАІ, якога 14 мая каля вёскі Якубовічы Мінскага раёна, на 10‑м кіламетры аўтадарогі Р-58 збіў 74‑гадовы кіроўца.

Паведамляецца, што Масалбасаў памёр у бальніцы ад траўмаў. Развітанне з ім прайшло ў Свята-Елісавецінскім жаночым манастыры.

На пахаванні прысутнічаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, а таксама намеснікі міністра, начальнікі Мінскага ГУУС і абласных УУС, кіраўніцтва, асабовы склад і ветэраны ДАІ.

Паводле афіцыйных звестак, Пятро Масалбасаў нарадзіўся ў 1986 годзе ў вёсцы Ціхінічы Рагачоўскага раёна. Значную частку жыцця ён прысвяціў службе ў ДАІ, працуючы на дарогах Гомельскай і Мінскай абласцей. У яго засталіся двое непаўналетніх сыноў.


Каментары