Памерла тайская прынцэса Баджракіціябха — старэйшая дачка караля і абаронца правоў вязняў. Тры гады яна была ў коме
Яна займалася абаронай правоў жанчын-вязняў і выступала за рэформы крымінальнай сістэмы ў краіне. А таксама была кіраўніком аховы караля.

У Бангкоку ў 47 гадоў пасля працяглай комы памерла прынцэса Баджракіціябха, старэйшая дачка караля Тайланда Рамы X, піша Бі-бі-сі.
Яна займалася абаронай правоў жанчын-вязняў і выступала за рэформы крымінальнай сістэмы ў краіне. Многія лічылі яе магчымай спадкаемкай, нягледзячы на тое, што ў Таіландзе да гэтага часу не было манарха-жанчыны.
Прыцэса Баджракіціябха памерла ва ўзросце 47 гадоў, паведаміла канцылярыя каралеўскай сям’і Таіланда. Яна пайшла з жыцця ўвечары аўторка, 11 чэрвеня, у бальніцы ў Бангкоку.
Прынцэса была шпіталізаваная 15 снежня 2022 года пасля таго, як страціла прытомнасць падчас заняткаў з сабакам. Дактары назвалі прычынай нерэгулярнае сэрцабіццё, выкліканае мікаплазменнай інфекцыяй. Мікаплазмы — гэта бактэрыі, якія звычайна выклікаюць атыповую пнеўманію і іншыя рэспіраторныя захворванні.
З таго часу Баджракіціябха была ў коме. У канцы мая яе стан пагоршыўся з-за інфекцыі, піша Bangkok Post са спасылкай на каралеўскую сям’ю.
«Гэтая страта — не толькі дрэнныя навіны для народа, але і бязмерны смутак у сэрцах усёй нацыі», — сказаў прэм’ер-міністр Тайланда Анутхін Чанвіракун.
У сваёй прамове, прысвечанай прынцэсе, ён назваў яе «гонарам Тайланда» і адзначыў, што яе прыхільнасць стварэнню грамадства, заснаванага на дабрыні, справядлівасці і роўнасці, «заўсёды застанецца маральнай спадчынай для нацыі, пуцяводнай зоркай для пакаленняў тайцаў».
Ля бальніцы, у якой знаходзілася прынцэса, сабраліся смуткуючыя тайцы. Кароль Тайланда распарадзіўся арганізаваць для Баджракіціябхі каралеўскае пахаванне з найвышэйшымі пашанамі.
Прынцэса Баджракіціябха нарадзілася 7 снежня 1978 года. Яна — старэйшая дачка Махі Вачыралангкорна (з 2016 года — кароль Рама X) і адзінае дзіця ад яго шлюбу з Самсавалі Кіціякары. Усяго ў караля сямёра дзяцей ад трох шлюбаў.
Баджракіціябха навучалася ва ўніверсітэце Тамасат у Тайландзе, а затым атрымала ступені магістра права і доктара юрыдычных навук ва ўніверсітэце Корнэлла ў ЗША. Яе дактаранцкая дысертацыя была прысвечана абароне правоў абвінавачаных.
Баджракіціябха некаторы час працавала ў пастаяннай місіі Тайланда пры ААН, а з 2012 па 2014 гады была амбасадарам Тайланда ў Аўстрыі. Акрамя дыпламатычнай дзейнасці, Баджракіціябха працавала ў Генеральнай пракуратуры Тайланда.
У 2021 годзе Рама X прызначыў прынцэсу кіраўніком сваёй асабістай аховы і прысвоіў ёй званне генерала.
Прынцэса захаплялася спортам і часта ўдзельнічала ў забегах і іншых мерапрыемствах.
Каментары